ААТ «Жарабковічы». Заўсёды ў максі
Буйнейшае сельгаспрадпрыемства раёна фармату максі прытрымліваецца даўно і паслядоўна. Тут самыя важкія: жніўны намалот – сёлета трэцяя частка ад раённага; валавы надой – 27 працэнтаў ад усёй ляхавіцкай малочнай ракі; а яшчэ накапалі 4250 тон бульбы пры ўраджайнасці 421 цэнтнер з гектара, чакаецца, што будзе каля 60000 тон цукровых буракоў – іх у гаспадарцы ўмеюць вырошчваць ці не лепш, чым большасць іншых вытворцаў Брэстчыны. Адным словам, максімальныя аб’ёмныя паказчыкі – гэта жарабковіцкія рэаліі і сённяшнія, і ўчарашнія, і, падобна, будучыя.
На васьмі МТФ сельгаспрадпрыемства таксама тэндэнцыя вытворчага росту. За 10 месяцаў надаілі каля 12500 тон малака пры ўдойнасці кожнай каровы за гэты час 5435 кілаграмаў. Машынна-трактарны парк «Жарабковічаў» таксама на добрую зайздрасць многім – даволі сучасны, магутны і поўны.
Навінка таварыства – алейная вытворчасць – з’явілася не з-за жадання вылучыцца, а з-за вытворчай неабходнасці. Намеснік дырэктара ААТ Леанід Варвашэвіч перакананы, што яна сябе апраўдае вельмі хутка. Ды што там гаварыць, ужо апраўдвае: вырашчаны рапс, дакладней, яго насенне, перапрацоўваецца «дома». У выніку атрымліваецца рапсавы алей і спажыўны для кармлення статка дадатак, якім з’яўляецца макуха.
Прыхільнасць да максі (максімальныя выпрацоўка, ураджайнасць, забяспечанасць тэхнікай, клопат пра працаўнікоў і ветэранаў сельгас-прадпрыемства) падмацоўваецца і дапаўняецца традыцыяй усё рабіць па сумленні, якасна і пры гэтым шукаць сваё – жарабковіцкае – рашэнне задачак і задач. Вытворчым эксклюзівам і для раёна, і нават для вобласці з’яўляецца тутэйшая, дакладней, канюхоўская авечкагадоўля. З атарай працуюць, даглядаюць яе выдатныя профі.
А якое сельгаспрадпрыемства можа пахваліцца, напрыклад, тым, што па ўласным жаданні займаецца гандлёвым абслугоўваннем насельніцтва? У адзінкавым ліку – «Жарабковічы»: таварыства адкрыла два магазіны – у Зарытаве і Падлессі і не лічыць гэта «галаўным болем». Гандлёвыя кропкі заваявалі прыхільнасць вяскоўцаў.
У ААТ клапоцяцца і пра маладыя кадры, і пра ветэранаў-калгаснікаў, тут у пашане спорт і здаровы лад жыцця, і тут надзвычай дружалюбныя працавітыя людзі, чые рукі не ведаюць стомы, а сэрцы – раўнадушша. Усё гэта і яшчэ многія іншыя «плюсавыя» традыцыі, уласцівыя данаму адрасу, гарантуюць далейшае развіццё на карысць і самога сельгаспрадпрыемства, і кожнага працаўніка паасобку.
На пачатку года «Жарабковічы» адзначылі сваё 70-годдзе. І кожным днём таварыства паказвае і даказвае: у семдзесят многае трывала замацавалася і працягваецца, але штосьці толькі пачынаецца. Што? А спытайце ў дырэктара Антона Булатага – ён раскажа пра перспектывы: яны ёсць, і выдатныя. Тым больш, што сам Антон Тадэвушавіч на абласных дажынках быў прызнаны лепшым на Брэстчыне сярод кіраўнікоў рэарганізаваных сельгаспрадпрыемстваў, да якіх далучаны стратныя гаспадаркі.
Вольга БАРАДЗІНА.