ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Ільняны плён
Ляхавіцкі льнозавод «пражывае» ў вёсцы Задвор’е, а вядомы далёка за межамі раёна. На прадпрыемстве лён – культура ў прамым сэнсе залатая, крыніца прыбытку і клопату. Яго вырошчваюць, перапрацоўваюць, вырабляюць ільнотрасту, а з адходаў вытворчасці – кастрабрыкеты.
Ільняныя заводскія палеткі сёлета займалі больш чым 2000 гектараў. Па ўменні кіраваць тэхнікай і выконваць работу са знакам якасці трактарысту Уладзіміру Маслоўскаму няма роўных. Надзейны і старанны – так яго характарызуюць на заводзе. Невыпадкова ў раённым спаборніцтве стаў лепшым двойчы – сярод камбайнераў ільноўборачнай тэхнікі і сярод механізатараў, занятых на прасаванні льну.
Механізатар Аляксандр Цэменя – таксама сярод раённых ударнікаў працы. Ён заняты паўночным шоўкам у полі, а жонка Ірына шчыруе ў цэху перапрацоўкі.
Ігар Страмавус з вясны да позняй восені ў полі. Адказны і працавіты, сярод механізатараў на прасаванні льну ён заняў другое месца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.