ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Туз з рукава
У якасці рукава – поліэтыленавы тунэль, у ролі казырнай карты выступіла кукуруза. Падобную кармавую камбінацыю райаграсэрвіс «разыграў» упершыню. 200 тон кукурузнага зерня палявой – у межах 40 працэнтаў вільготнасці – сплюшчана і закладзена ў герметычныя поліэтыленавыя рукавы. Іх два атрымалася – па 100 тон у кожным. Арганізаваць падобны працэс корманарыхтоўкі магчыма пры наяўнасці адпаведнага тэхнічнага забеспячэння. Паколькі сваёй кукурузнай плюшчылкі наш райаграсэрвіс не мае – звярнуўся з просьбай да калег з Нясвіжа. Тыя не адмовілі. І за тры дні работы агрэгат да патрэбных кандыцый дапрацаваў, як ужо ўзгадвалася, 200 тон зерня.
У гэтай сувязі ўвагу звяртаюць два моманты. Падрыхтаваная такім чынам «закладка» ўяўляе сабой высокаэнергетычны канцэнтраваны корм. Важна і другое: каб цэльнае кукурузнае зерне захоўвалася, яго вільготнасць павінна складаць працэнтаў 14. Неабходна вялікая дасушка, якая каштуе нятанна.
Як паведаміў дырэктар прадпрыемства Раман Раманаў, для завяршэння працэсаў кансервацыі плюшчанае зерне павінна 3-4 тыдні знаходзіцца ў запакаваным выглядзе. Пасля гэта ўжо гатовы не корм нават, а канцэнтраваная кармавая дабаўка да сіласу-сенажу.