Даспехі і мячы. Рыцары з клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Кантон Цюрых» з Ураджайнінскага СДК Ляхавіцкага раёна ў складзе беларускай зборнай заваявалі «бронзу» на чэмпіянаце свету па гістарычным боі
Нядаўна ў расійскай сталіцы чарговы (вось ужо 13-ты) раз прайшоў традыцыйны штогадовы рыцарскі турнір «Кубак Дынама 2018» – своеасаблівы чэмпіянат свету па гістарычных баях. На яго з’ехаліся аматары гістарычнай рэканструкцыі з 15 краін. Зборная Беларусі сёлета вярнулася дадому з «бронзавым» месцам. Дарэчы, у яе складзе былі і ўдзельнікі клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі «Кантон Цюрых» з Ураджайнінскага СДК.
Рыцары ва Ураджайнай з’явіліся паўтара гады назад. Ляхавічане маглі ацаніць іх майстэрства падчас мінулагодняга раённага свята на Дзень Незалежнасці.
– Наш клуб спецыялізуецца на рэканструкцыі некалькіх гістарычных перыядаў. Часцей за ўсё аднаўляем падзеі XIV-XV стагоддзяў. Выступленню папярэднічае дасканалае вывучэнне гістарычных дакументаў, адзення таго часу, зброі, мэблі і іншага, – расказвае адзін з членаў клуба Сяргей Далідзік, які ў аматарскім аб’яднанні адказвае за быт. Ваенны бок – за Яўгеніем Аніскевічам з Баранавічаў.
Каманда «Кантон Цюрых» – гэта 22 апантаныя аднадумцы з розных гарадоў Беларусі, аб’яднаныя інтарэсам да гісторыі рыцарскіх турніраў. Сярод іх людзі рознага ўзросту і прафесій: выкладчыкі і студэнты, будаўнікі, экскурсаводы, чыгуначнікі і г.д. Ёсць і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Дарэчы, паміж сабой удзельнікі клуба не Сашы і Дзімы, а, напрыклад, Барнат і Вашдай – імёны з мінулага.
Ва Ураджайнай сённяшнія рыцары адточваюць фізічную падрыхтоўку, тэхніку вядзення бою ў даспехах, з мячом, алебардай, дзідай і шчытом. Вага даспехаў не менш, а то і больш за 30 кілаграмаў. Вядома, слабых тут няма. Касцюмы – асобная гісторыя. Да іх камплектацыі падыходзяць вельмі прадумана: шыюць, дапрацоўваюць, шукаюць неабходныя элементы. У выніку атрымліваецца відовішчна і прыгожа.
«Кантон Цюрых» – клуб з паважанай рэпутацыяй. Паспяхова выступаў на міжнародным рыцарскім фестывалі «Наш Грунвальд» у Дудутках, фестывалі гісторыі і культуры «Менск старажытны» і іншых. Аматарскае аб’яднанне – не закрытая тэрыторыя. Тут рады бачыць усіх, каму цікава сярэдневякоўе і яго атмасфера, паходнае жыццё пад зорным небам.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Скрыншот групы ў «ВКонтакте«.