Такія людзі! Таварыш падпалкоўнік

Больш за 30 гадоў у прафесіі. А вопыт які! І работа надзвычай адказная: стаяць на варце закону і парадку. Наш зямляк Аляксандр Кендыш прайшоў сур’ёзную школу загартоўкі характару падчас службы ў органах унутраных спраў. Ад малодшага сяржанта да   падпалкоўніка міліцыі, ад міліцыянера-дзяжурнага ізалятара для часовага ўтрымання да начальніка гэтага падраздзялення РАУС – яго шлях у прафесіі.
У маі 1987 года Аляксандр дэмабілізаваўся з арміі. А праз некалькі месяцаў па рэкамендацыі камсамола і з характарыстыкай-рэкамендацыяй участковага Уладзіміра Аўсея, які разгледзеў у юнаку з Каўпакоў прынцыповасць, адказнасць, надзейнасць, прыйшоў на службу ў ляхавіцкую міліцыю.
У яго паслужным спісе – прызнанне лепшым па сваім профілі міліцыянерам Брэсцкай вобласці, а па выніках работы за 2017 год начальнік ізалятара для часовага ўтрымання асоб, затрыманых ці ўзятых пад варту, РАУС падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Кендыш стаў «Чалавекам года» раёна ў намінацыі «закон і парадак, грамадская бяспека, мясцовае кіраванне і самакіраванне».
– У многім дзякуючы яго прынцыповасці, прафесіяналізму, адказнасці ляхавіцкі ІЧУ – адна з лепшых службаў на Брэстчыне сярод аналагічных падраздзяленняў. Аляксандр Пятровіч – мудры настаўнік для маладога папаўнення, вырасціў не адно пакаленне надзейных вартавых правапарадку, – расказвае   начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік.
Службу супрацоўнікаў ізалятара часовага ўтрымання ніяк нельга назваць спакойнай. Тут утрымліваюцца арыштаваныя асобы, у адносінах якіх узбуджана крымінальная справа і вядзецца следства. Частыя «пастаяльцы» – сямейныя скандалісты, дробныя хуліганы, тыя, на каго пастановай суда накладаецца адміністрацыйнае пакаранне – арышт да 15 сутак. Ахоўны канвой падчас суда і дастаўка арыштаваных у пункт прызначэння – таксама ў абавязках супрацоўнікаў ізалятара. Штат ІЧУ цяпер налічвае сем чалавек: гэта і вопытныя міліцыянеры, і навічкі, да якіх вопыт прыйдзе з часам, галоўнае дапамагчы ім адаптавацца і ў прафесіі, і ў жыцці, сцвярджае начальнік службы.
Як і Аляксандр Пятровіч, на варце закону стаіць яго дачка – памочнік пракурора, а на варце краіны сын – ён ваенны. Вось такая ахоўная дынастыя.
– Не важна сама прафесія, галоўнае, каб чалавек любіў справу, якой займаецца, паважаў калег і добрасумленна выконваў свае абавязкі. Тады ўсё атрымаецца, – упэўнены Аляксандр Кендыш.
Галіна КАНЬКО.
Фота Маргарыты КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *