Будаваць, каб шчасце будавалі На подыум «ЛВ» запрашаецца

…На календары – лістапад, на гадзінніку – 15.00. Тым, хто працуе на будаўнічай пляцоўцы, што разгарнулася па завулку Фестывальным у райцэнтры, гэтыя часавыя каардынаты нагадваюць: хутка закончыцца яшчэ адзін працоўны дзень, што наблізіць тэрмін здачы аб’екта. Таму тэмп работы тут дынамічна-напружаны: у кожнага свой маршрут, свая задача, свае аб’ёмы і планы.

З героем чарговага «Подыума «ЛВ» пазнаёміліся завочна. Табельшчык перасоўнай механізаванай калоны № 13 Аляксандр Дыдышка пра Яўгенія ВАСІЛЬКО сказаў так:
– Добры чалавек, выдатны работнік. Усе б так працавалі!
Таму з нецярпеннем чакала сустрэчы з новым героем «веснікаўскага» праекта на яго працоўным месцы.
Сустракайце: муляр ПМК-13 Яўгеній Васілько. Усё, як і належыць тым, хто працуе на будоўлі. Спецвопратка, боты, пальчаткі і завяршальны элемент вобраза – каска. І, канешне, сур’ёзны позірк, бо будаўніцтва жылога дома – справа асаблівай адказнасці: тут жа будуць жыць людзі.
У свае 27 гадоў у будаўнічай сферы ён адчувае сябе ўпэўнена: працоўны стаж Жэні амаль 10 гадоў. Пасля Баранавіцкага будаўнічага ліцэя адразу пачаў набіваць руку ў гэтай справе. Уладкаваўся ў ПМК-13, дзе, дарэчы, таксама мулярам працуе яго старэйшы брат Юрый.
Прызнаецца, што любіць будаваць: узводзіць дах, займацца мантажом жалезабетонных канструкцый, уцяпляць фасад. Жэня ўпэўнены, яго справа сапраўды неабходная, жыццёва важная. З кожнай цаглінкай, з кожным блокам будаўнікі набліжаюць чыюсьці жыллёвую мару да здзяйснення. Хутка і ў гэтай новабудоўлі па завулку Фестывальным у вокнах з’явіцца святло, зазвіняць дзіцячыя галасы, а мамы і таты будуць крэатывіць з дызайнам пакояў – тут, у новенькіх кватэрах, будуць будаваць шчасце.
Сваё ж шчасце Жэня бачыць у сям’і. Цяжкі дзень, які часам бывае халодным, дажджлівым, непагодным, змяняецца на самы цёплы, бо дома чакаюць любімая жонка Вольга і маленькае сонейка – сын Уладзік.
Жэня жартуе, што дрэва пасадзіў і сына выхоўвае, цяпер актыўна працуе над трэцім складнікам сапраўднага мужчыны – у марах пабудаваць свой дом.
… І вось ізноў знаёмства. Толькі з другім Жэнем, дакладней, з Яўгеніем Іванавічам. Менавіта так хочацца звяртацца да чалавека ў дзелавым адзенні. Працоўная роба цяпер змянілася на стыльную кашулю, боты – на модныя туфлі. Ды і антураж іншы. Жэня пазіруе не з перфаратарам і пенаполістэролам, а за рулём свайго аўто. Такі вось атрымаўся афіцыйна-дзелавы выхад. А дакладней – выезд на подыум «ЛВ».

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

P.S. Наступны выхад ваш…

Спадзяёмся, гэты праект ад «веснікаўцаў» вам, паважаныя чытачы, даспадобы. І вы з нецярпеннем будзеце чакаць наступных вытворчых і фэшн-фотасесій нашых землякоў.
«ЛВ» адкрывае кастынг (не турбуйцеся, ён без моднага прыгавору). Вы жадаеце стаць героем праекта «На подыум «ЛВ» запрашаецца…»? Калі ласка, мы толькі за! Разгарнём фотазону на працоўных квадратах і ў міг скрэацівім наконт моднага пераўвасаблення. А можа сярод вашых знаёмых, калег, сяброў ёсць проста стопрацэнтная кандыдатура для гэтай задумкі? Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, лідары бээрэсэмаўскіх пярвічак, старшыні прафкамаў, прыгледзьцеся і падкажыце нам. А «веснікаўцы» возьмуць справу ў свае рукі!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *