Рух у метрах квадратных

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка арыентуе будаўніцтва, якое адносіцца да ліку ключавых галін і шмат у чым вызначае стан эканомікі, на дасягненне дадатнай дынамікі. Адпаведныя задачы Кіраўнік дзяржавы паставіў 23 лістапада на рэспубліканскім семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу Беларусі.
Адкрываючы мерапрыемства, Прэзідэнт адзначыў, што гэту нараду з вертыкаллю ўлады можна назваць традыцыйнай і такія мерапрыемствы будуць і ў далейшым праводзіцца рэгулярна, прыкладна адзін раз у паўгода.

Тэмпы і якасць
Прэзідэнт расказаў аб адным з абуральных фактаў, пра які яму нядаўна далажылі. Размова ішла аб будаўніцтве ў Мінску кватэр па прымальных цэнах, якімі ў далейшым павінны былі распараджацца гарадскія ўлады: або прадаваць па рыначным кошце, або прадастаўляць жыллё малазабяспечаным і шматдзетным. Але больш за 60 такіх кватэр, пабудаваных па цане, эквівалентнай $650, купілі нейкія дзялкі для далейшага перапродажу па рыначнай цане.
Кіраўнік дзяржавы даручыў неадкладна разабрацца ў сітуацыі. Ён падкрэсліў: парадак трэба навесці ўсюды, папярэдзіў пра недапушчальнасць змякчэння адказнасці за карупцыйныя злачынствы.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што сфера будаўніцтва з’яўляецца своеасаблівым індыкатарам, які адлюстроўвае дынаміку развіцця краіны. І пяць гадоў назад ужо абмяркоўваліся адпаведныя пытанні, былі распрацаваны прынцыпова новыя правілы работы ў галіне.
Аднак пераламаць негатыўную дынаміку не ўдалося. Зніжаны якасныя паказчыкі па ўсёй галіне. Зменшыўся яе ўклад у ВУП, дапушчана зніжэнне аб’ёмаў падрадных работ, узвядзення жылля, абвастраюцца праблемы неплацяжоў, пагаршаецца фінансавы стан будаўнічых арганізацый.
Кіраўнік дзяржавы заявіў пра неабходнасць уважліва раза-брацца па кожным пытанні па-асобку і прыняць рашэнне.

Жыллёвыя  прыярытэты
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што будаўніцтва жылля заўсёды было важнейшым прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі ў галіне. Аднак з 2014 года аб’ёмы будаўніцтва пастаянна зніжаюцца – з амаль  7 мільёнаў квадратных метраў у 2010 годзе да амаль 4 мільёнаў квадратных метраў у 2017-м.
За два апошнія гады колькасць шматдзетных сем’яў павялічылася на 8,5 тысячы. Пры гэтым паўсюдна не выконваецца даручэнне аб накіраванні іх на будаўніцтва жылля на працягу аднаго года. Прэзідэнт назваў такую сітуацыю недапушчальнай і паставіў задачу ўраду сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам павялічыць аб’ёмы будаўніцтва жылля для гэтай катэгорыі маючых патрэбу.
Кіраўнік дзяржавы таксама занепакоены наяўнасцю звышнарматыўных жылых дамоў (цяпер такіх дамоў у краіне 35) і запатрабаваў кожны такі дом узяць пад асабісты кант-роль і завяршыць будаўніцтва. Апошні тэрмін – першая палова 2019 года.
Важнейшым пытаннем Прэзідэнт назваў кошт узводзімага жылля. Задачай урада застаецца захаванне формулы «адзін квадратны метр з дзяржпадтрымкай не вышэйшы за сярэднямесячную заработную плату».
Прэзідэнт адзначыў і марудныя тэмпы развіцця рынку арэнднага жылля і даручыў перагледзець праграмы жыллёвага будаўніцтва, максімальна павялічыўшы долю арэнднага жылля з прыцягненнем фінансаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Аляксандр Лукашэнка акцэнта-ваў увагу на неабходнасці лепшага планавання тэрыторый, каб малыя населеныя пункты былі прывабныя для жыцця людзей, запатрабаваў ад урада неадкладна пачаць выкананне прынятых рашэнняў па развіцці гарадоў-спадарожнікаў з павелічэннем аб’ёмаў будаўніцтва жылля.
Яшчэ адзін праблемны момант, на які звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, – гэта развіццё інфраструктуры ў раёнах, дзе вядзецца жылая забудова, у тым ліку індывідуальная. І што апераджальнае будаўніцтва сетак і дарог для раёнаў жылой забудовы, у тым ліку індывідуальнай, – важнейшая задача для развіцця тэрыторый.

Задача і аддача

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў папярэднія гады была праведзена маштабная мадэрнізацыя галіновай прамысловасці, куды былі ўкладзены каласальныя бюджэтныя і банкаўскія рэсурсы. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў разабрацца з прычынамі яе неэфектыўнасці. «Хопіць чакаць дапамогі ад дзяржавы. Вы павінны змагацца за ўсе сегменты будаўнічага рынку – ад жылля да прамысловых аб’ектаў».
Аляксандр Лукашэнка даручыў вызначыць з ліку домабудаўнічых камбінатаў асноўных забудоўшчыкаў кварталаў па краіне і давесці ім напружанае заданне па экспарце іх прадукцыі і паслуг.
Асобна Прэзідэнт спыніўся на рабоце цэментных і шкляных заводаў, якія былі мадэрнізаваны для павышэння іх канкурэнтаздольнасці. Аднак пачаць працаваць на поўную моц і забяспечыць прыбытковую дзейнасць у іх пакуль не атрымалася. Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада прыняць усе меры па загрузцы вытворчых магутнасцей і стабільнай рабоце абсталявання.

На экспарт

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вырабіць прадукцыю – не асноўная задача, галоўнае – выгадна прадаць яе і зарабіць. Як дакладвае Савет Міністраў, больш як 40 працэнтаў ад усяго аб’ёму будаўнічых матэрыялаў пастаўляецца на экспарт. Аднак, звярнуў увагу Прэзідэнт, значная доля цэменту прадаецца ў Расію праз АТ «Еўрацэмент груп», якое дыктуе беларускім вытворцам не заўсёды выгадныя ўмовы.
Да сённяшняга дня не выканана даручэнне аб развіцці эфектыўнай уласнай тавараправоднай сеткі ў Расіі. І на біржы з-за таго, што там цэны вышэйшыя, чым па прамых дагаворах, цэмент таксама не прадаецца. «Усё гэта і стварае перадумовы для карупцыі і з’яўлення шэрых схем», – заўважыў Аляксандр Лукашэнка і запатрабаваў ад урада забяс-печыць эфектыўнасць, празрыстасць гандлю на знешніх рынках.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што экспарт і валютная выручка вельмі неабходныя для краіны. Таксама важна, каб гэта выручка паступала своечасова, таму прадаваць і працаваць сабе на страту, гадамі чакаючы разлікаў, недапушчальна.

Пачынаць з праекта

Аляксандр Лукашэнка выказаў прэтэнзіі да якасці і тэрмінаў распрацоўкі праектнай дакументацыі. Ён заўважыў, што часта праектаванне вядзецца не два-тры месяцы, а расцягваецца на гады.
Цяпер у Беларусі будуецца каля васьмі тысяч аб’ектаў. З іх з перавышэннем нарматыўнага тэрміну – палова. І ў большасці выпадкаў прычынай з’яўляюцца бясконцыя карэкціроўкі праектаў.
Прэзідэнт запатрабаваў прыняць неабходныя меры па павышэнні адказнасці распрацоўшчыкаў за якасць праектнай дакументацыі і тэрміны яе падрыхтоўкі.

Пра кадравы патэнцыял

«Важнейшымі задачамі галіны з’яўляюцца захаванне і развіццё кадравага патэнцыялу. У апошнія гады ідзе сур’ёзны адток спецыялістаў. За пяць гадоў галіна страціла больш за 50 тысяч рабочых. Яны едуць на заработкі за мяжу. Чаму там не відаць нашых падрадчыкаў?» – спытаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы абурыўся сітуацыяй, пры якой аплата працы будаўнікоў у Мінску і рэгіёнах аказалася розная. Ён загадаў неадкладна спыніць гэту дыскрымінацыю. «У нас усе грамадзяне роўныя, незалежна ад таго, дзе жывуць і працуюць. За аднолькавую якасную працу павінна быць аднолькавае ўзнагароджанне», – падкрэсліў беларускі лідар.
Не менш важная задача – падрыхтоўка дастойнай змены для будаўнікоў. Ураду да 2020 года даручана вырашыць пытанне аб прыцягненні арганізацый – заказчыкаў кадраў да ўдзелу ў сафінансаванні падрыхтоўкі спецыялістаў, умацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі, у тым ліку цэнтраў вытворчага навучання. Мінадукацыі сумесна з Мінбудархітэктуры неабходна павялічыць долю практычнага навучання і стажыровак на вытворчасці, падняўшы іх узровень і якасць.
Кіраўнік дзяржавы рэзюмаваў: час не стаіць на месцы, і патрабаванні да будаўнічай галіны з кожным годам будуць толькі ўзрастаць, таму неабходна рухацца наперад. Адпаведная база падрыхтавана ўжо, трэба толькі разумна і з усёй адказнасцю выкарыстоўваць існуючыя магчымасці.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *