Усё яшчэ пад замком
«Сэрца не павінна пуставаць – інакш яно развучыцца любіць, клапаціцца, чуць. Зямля не павінна пуставаць – інакш яна зарасце дзікімі травамі. Дом не павінен пуставаць – інакш ён вельмі хутка ад недагледжанасці струхнее, стане лядашчым. Як жа важна не проста запоўніць, а запоўніць зместам і каб змест
гэты – на карысць усім».
Два гады назад пад рубрыкай «Сто радкоў ад рэдактара» ў артыкуле «Пад замком» («ЛВ» за 5.10.2016 г.) закранула праблему, якая і сёння прысутнічае ў нашым быцці, па-ранейшаму актуальная і па-ранейшаму псуе выгляд горада. Як мінімум. А калі больш глабальна, то з-за нефункцыянальнасці, невыкарыстання не працуе на добраўпарадкаванасць, камфорт, не прыносіць ні маральнай, ні матэрыяльнай карысці. Гаворка пра пустуючыя будынкі, прычым, усе яны з ляхавіцкім адрасам.
Але спачатку працытую некалькі радкоў той публікацыі: «Сэрца не павінна пуставаць – інакш яно развучыцца любіць, клапаціцца, чуць. Зямля не павінна пуставаць – інакш яна зарасце дзікімі травамі. Дом не павінен пуставаць – інакш ён вельмі хутка ад недагледжанасці струхнее, стане лядашчым. Як жа важна не проста запоўніць, а запоўніць зместам і каб змест гэты – на карысць усім».
З такім вось разважаннем зноў прапаную невялікую экскурсію па цэнтры (прабачце за таўталогію) райцэнтра. Не будзем надоўга затрымлівацца ля прыступак двухпавярховай гасцініцы «Эдэльвейс», а пройдзем крыху далей. На апошнім акне будынка (ці то на першым, у залежнасці ад таго, з якога боку ідзеш па вуліцы 17 Верасня) па-ранейшаму прымацавана аб’ява з прапановай узяць у арэнду гэты куточак памяшкання, які (абсурдна, але факт) належыць не камунгасу. Калісьці тут знаходзіўся прыватны магазін, сёння – нічога. Гаспадар, канешне, сам вырашае, як і што яму рабіць, але, мяркую, што неблагім варыянтам, асабліва для пастаяльцаў гасцініцы, стала б адкрыццё тут міні-кафетэрыя.
Літаральна праз пару метраў па адрасе вуліца 17 Верасня, 7 вось ужо каторы год тарашчыцца пустымі вачамі-вокнамі трухлеючы будынак. Нейкі рух унутры быццам бы ёсць, і магчыма там нешта робіцца-рамантуецца. Але, калі ўлічыць месцазнаходжанне двухпавярховіка, то хацелася б, каб хутчэй яго выгляд перастаў псаваць настрой і маладажонам, якія бяруць шлюб у загсе, што размешчаны побач, і, самае галоўнае, так не адпавядаць сутнасці плошчы Перамогі. Дарэчы, у наступным годзе тут будуць праходзіць урачыстасці ў гонар 75-годдзя вызвалення нашага раёна і краіны ад фашысцкіх захопнікаў…
Ні з пункту гледжання здаровага сэнсу, ні з пункту гледжання эканомікі немагчыма растлумачыць «даўгабуд» на першым паверсе адміністрацыйнага будынка райпо. Думаецца, што менавіта тут павінен размяшчацца самы люксавы магазін сістэмы. Той, які быў раней, ну вельмі не адпавядаў… Але і сённяшні «халасты прабег» адваротнага не даказвае.
Незразумелай акалічнасцю застаецца наяўнасць заўсёднага замка на будынку па вуліцы Цітовіча, 4. Гаспадар-прыватнік, мусіць, запамятаваў, што набыў двухпавярховае памяшканне, адрамантаваў яго звонку, памяняў вокны… Цяпер частка дэкору паспяхова абсыпалася. А сам будынак, асабліва позна вечарам, уяўляецца домам з прывідамі з якой-небудзь дзіцячай страшылкі. Хаця б толькі не з дарослага трылеру…
Падобныя эмоцыі выклікае і адрас вуліца Чкалава, 3. Калісьці тут апетытна пахла даволі смачна прыгатаванымі абедамі. Сёння будынак змяніў гаспадароў, але пакуль вось такая доўгаіграючая мінорная тэма «пад замком».
І яшчэ адзін адрас у самым цэнтры: у доме № 48 па вуліцы Леніна ў адной з кватэр быццам бы планавалі адкрыццё ці то цырульні, ці то салона прыгажосці. Зроблена пэўная перапланіроўка, змайстраваны дзверы з выхадам на цэнтральную вуліцу, якія разам з вокнамі працяглы час стракацяць незнятай упаковачнай плёнкай: вось вам, любуйцеся. А надакучыла. Можа гаспадару трэба навесці парадак хаця б у такой маласці?
…Гэта наш горад. Гэта мой горад. Гэта твой горад. Родны і любімы. А пра родных і любімых трэба клапаціцца. Давайце?!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Галіны КАНЬКО.