Сам сабе рэжысёр
Вельмі добра, калі чалавек знаходзіцца ў акружэнні блізкіх людзей. Мы прывыклі ўспрымаць гэта як належнае. Сапраўды, сям’я – частачка нас саміх. Бацькі і дзеці звязаны сямейнымі вузамі любві, цяпла і даверу.
Толькі блізкаму чалавеку я магу сказаць, чаму мне сумна, цяжка, і быць упэўненай, што бабуля, мама ці мая лепшая сяброўка падтрымаюць і зразумеюць. А калі адчуваеш шчасце і цябе перапаўняе пачуццё вялікай радасці і захаплення, ты нібы выпраменьваеш святло. І сябры, блізкія адразу заўважаюць гэта. Бо ўсміхацца, калі табе сумна, зусім няпроста… Шчырасць у адносінах заўсёды заўважыш. Калі мяне перапаўняюць станоўчыя эмоцыі, выдатны настрой, сяброўкі іншы раз думаюць, што я закахалася, і, часам, не памыляюцца. Але не толькі закаханасць здольная зрабіць мяне шчаслівай, а і многія іншыя радасці жыцця. Напрыклад, прыгожыя фотаздымкі ці добрая адзнака па любімым прадмеце ў школе, цудоўныя адносіны з блізкімі ці проста новая жаданая рэч… Можна пералічваць бясконца. Трэба радавацца яскравым імгненням жыцця, жыць з задавальненнем, а смутак і ўсё негатыўнае выключаць, быццам слайды з нецікавымі карцінкамі.
Жыццё сапраўды можна параўнаць з вялікім наборам разнастайных слайдаў. Свае слайды малюю і складаю толькі я. Іншы раз раблю памылкі, але без іх немагчыма. А яшчэ я параўноўваю жыццё з вялікай кнігай для запісу ўсіх самых лепшых і яскравых імгненняў. Яны застаюцца ў памяці назаўсёды. Мы захоўваем іх у нашых сэрцах і, калі ўспамінаем пра цудоўныя імгненні, нас перапаўняе радасць і ў той жа час сум пра тое, што мы не можам вярнуць. Неаднойчы ўпэўнівалася: усё самае добрае і яркае адбываецца нечакана. Думаю, калі шчыра радавацца гэтаму, удачы і перамогі будуць з’яўляцца часцей.
Алеся БЕЛІКАВА, вучаніца гімназіі.