ХХХ летнія Алімпійскія гульні ў Лондане

У Лондане з 27 ліпеня па 12 жніўня бягучага года пройдзе сусветны спартыўны форум, які чакаюць мільярды балельшчыкаў, — ХХХ летнія Алімпійскія гульні. У спаборніцтвах прымуць удзел звыш 12,5 тыс. спартсменаў з больш як 250 краін свету.

Лондан стане першым горадам, дзе гульні пройдуць трэці раз. Да гэтага сталіца Вялікабрытаніі прымала Алімпіяду ў 1908 і 1948 гадах. Жаданне прыняць у сябе юбілейныя, ХХХ летнія Алімпійскія гульні выказвалі 9 гарадоў: Гавана, Стамбул, Лейпцыг, Лондан, Мадрыд, Масква, Нью-Ёрк, Парыж і Рыа-дэ-Жанейра. На 117-й сесіі МАК у ліпені 2005 года ў Сінгапуры быў выбраны Лондан.

Эстафета алімпійскага агню ў 2012 годзе пачалася 19 мая і завершыцца 27 ліпеня. Яна праходзіць праз знакамітае возера Лох-Нес у Шатландыі, каменнае мегалітычнае збудаванне Стоўнхэндж, самую высокую гару Уэльса — Сноўдан. Усяго агонь Алімпійскіх гульняў 2012 пабывае ў 1 тыс. населеных пунктаў Вялікабрытаніі.

Эмблема гульняў — выява з чатырох частак у выглядзе няправільных многавугольнікаў, якія сімвалізуюць лічбы года Алімпіяды — «2», «0», «1», «2». У адну з частак уключана слова London, а ў другую — выява алімпійскіх кольцаў. Лагатып распрацоўваўся каля года і каштаваў 400 тыс. фунтаў стэрлінгаў.

У Алімпійскіх гульняў-2012 у Лондане тры талісманы. Першымі ў 2010 годзе сталі вядомы два з іх — Уэнлак і Мандэвіль. Нараджэнне гэтых вобразаў звязана з двума мястэчкамі ў Англіі, якія ўвайшлі ў гісторыю Алімпійскіх гульняў. У вёсачцы Мач-Уэнлак барону П’еру дэ Кубертэну прыйшла ў галаву думка развіваць ідэі алімпізму. Таму адзін з талісманаў Алімпіяды назвалі Уэнлакам. Імя Мандэвіль паходзіць ад бальніцы Сток Мандэвіль, дзе ў 1948 годзе зарадзіліся Параалімпійскія гульні. Трэці афіцыйны талісман лонданскай алімпіяды — леў па мянушцы Прайд, з сіне-чырвонай, па колерах брытанскага сцяга, шавялюрай.

Дэвіз лонданскай Алімпіяды — «Натхняючы пакаленне». Афіцыйным гімнам стала песня «Survival» (жывучасць, выжыванне) англійскай рок-групы Muse. Песня будзе гучаць у час адкрыцця Алімпіяды, а таксама ў час усіх цырымоній узнагароджання спартсменаў. Яна стане галоўнай тэмай і для міжнародных тэлевізійных заставак Алімпійскіх гульняў.

Перад беларускімі спартсменамі пастаўлена задача прывезці з Лондана 25 алімпійскіх медалёў, у тым ліку пяць залатых. Медальныя шанцы звязаны з вопытнай Кацярынай Карстэн, для якой гэта будзе пятая Алімпіяда, прычым дзве з іх яна выйграла. Ёсць надзея на паспяховае выступленне майстроў веславання на байдарках і каноэ — братоў Аляксандра і Андрэя Багдановічаў, тэнісістаў Вікторыю Азаранка і Максіма Мірнага, стралка Сяргея Мартынава. У лёгкай атлетыцы таксама нямала выдатных майстроў, перш за ўсё прадстаўнікоў кідальных дысцыплін, — гэта алімпійская чэмпіёнка Аксана Мянькова, прызёры Алімпійскіх гульняў Надзея Астапчук і Іван Ціхан. Нядрэнныя медальныя шанцы на поспех у мастацкай гімнастыцы, у першую чаргу ў групавых практыкаваннях. Пачынаючы з Гульняў -2012, у Беларусі павялічаны памер прызавых за алімпійскія медалі: $150 тыс. — за золата, $75 тыс. — за серабро, $50 тыс. — за бронзу.

Алімпійскія пляцоўкі Лондана

Для правядзення Гульняў у Лондане будуць выкарыстоўвацца як спецыяльна ўзведзеныя, так і існуючыя збудаванні.

Галоўнай стане Алімпійская зона. Яна знаходзіцца ў Стратфардзе (Усходні Лондан), дзе на зямельных участках прамысловага прызначэння і пустуючых землях разбіты Алімпійскі парк. У паўднёвай часцы парку размешчаны кафэ, бары і сувенірныя рынкі. Паўночная частка стала домам для соцень відаў тыповых і рэдкіх прадстаўнікоў флоры і фаўны краіны — гаспадыні Алімпіяды. Каля 2 тыс. практычна дарослых дрэў, якія выраслі ў Вялікабрытаніі, былі адабраны, каб упрыгожыць алеі парку. У асноўным гэта мясцовыя віды, такія як алешына, ясень, бяроза, арэшнік, вішня, платан і ліпа.

У час правядзення Гульняў Алімпійскі парк стане месцам адпачынку для наведвальнікаў, якія змогуць не толькі любавацца пейзажамі, але і глядзець трансляцыі спаборніцтваў у рэжыме рэальнага часу на вялікіх экранах.

На тэрыторыі Алімпійскага парку знаходзіцца і шэраг спартыўных аб’ектаў. Галоўны з іх — Алімпійскі стадыён, які размешчаны ў паўднёвай частцы парку на своеасаблівым «востраве» і акружаны з трох бакоў вадой. Ён стане арэнай спаборніцтваў па лёгкай атлетыцы, а таксама месцам правядзення цырымоній адкрыцця і закрыцця Алімпійскіх гульняў. Умяшчальнасць Алімпійскага стадыёна складае 80 тыс. гледачоў: 25 тыс. пастаянных месц размешчаны ў ніжнім ярусе, астатнія 55 тыс. часовых месц змайстраваны ў верхнім ярусе, які плануецца дэманціраваць пасля заканчэння Гульняў. Многія элементы стадыёна ўнікальныя. Так, бегавыя дарожкі, зробленыя з асаблівай сінтэтычнай гумы, ствараліся спецыяльна для таго, каб спартсмены паказвалі больш высокія рэзультаты. Сума, якая была затрачана на пабудову гэтага вялікага збудавання, склала каля 486 млн. еўра.

Аквацэнтр будзе служыць своеасаблівымі «варотамі» ў Алімпійскі парк, паколькі дзве трэці наведвальнікаў будуць уваходзіць у яго праз шырокі мост, які праходзіць па страсе гэтага збудавання. У аквацэнтры будуць праводзіцца спаборніцтвы па плаванню, сінхроннаму плаванню, скачках у ваду, водных дысцыплінах сучаснага пяцібор’я і воднаму пола. Паводле задумы арганізатараў, большасць гледачоў размесцяцца ў часовых крылах будынка, якія пасля заканчэння Гульняў будуць разабраны, а сам аквацэнтр будзе трансфармаваны ў грамадскія ўстановы для мясцовага насельніцтва, такія як школы, клубы і г.д.

Баскетбольная арэна размешчана ў паўночнай частцы парку. Яна з’яўляецца разборным аб’ектам, перамясціць які ў іншае месца вельмі проста. Арэна, умяшчальнасць якой складае 12 тыс. гледачоў, складаецца з падобнай да шатра мембраны, якая нацягнута на спецыяльныя канструкцыі.

Гандбольная арэна на захадзе парку стане месцам правядзення спаборніцтваў па гандболу, галболу і фехтаванню як дысцыпліне сучаснага пяцібор’я. Цікава, што гандбольная арэна абсталявана для збору дажджавой вады са страхі, якая будзе выкарыстоўвацца для змывання ў туалетах і дасць магчымасць знізіць агульны расход вады на 40 працэнтаў.

Да парку прымыкае Алімпійская вёска, якая складаецца з 11 жылых блокаў і 2 тыс. 818 кватэр. У вёсцы размешчаны шматлікія магазіны, рэстараны, лячэбныя ўстановы і забаўляльныя цэнтры, а таксама плошча Village Plaza, дзе спартсмены змогуць сустракаццам з сябрамі і сем’ямі. Для спартсменаў-вернікаў будзе адкрыты спецыяльны рэлігійны цэнтр з памяшканнямі для малітваў і богаслужэнняў паслядоўнікаў хрысціянства, ісламу, іўдаізму і будызму. Пасля Гульняў Алімпійская вёска ператворыцца ў зусім новы жылы раён усходняга Лондана з паркамі, транспартнымі развязкамі і ўсімі неабходнымі службамі, уключаючы Акадэмію Чобхэма — навучальную ўстанову сусветнага класа для 1800 студэнтаў ва ўзросце ад 3 да 19 гадоў.

У час Алімпійскіх гульняў спаборніцтвы будуць праходзіць і на іншых спартыўных пляцоўках Лондана і за яго межамі. Па ўсёй тэрыторыі Вялікабрытаніі ўстаноўлены вялікія плазменныя экраны, па якіх можна будзе глядзець прамую трансляцыю спартыўных падзей.

Спаборніцкая праграма

Спаборніцкая праграма лонданскіх Гульняў у параўнанні з папярэдняй Алімпіядай зведала шэраг змяненняў. З яе выключаны два віды спорту: бейсбол і софтбол. Упершыню ў гісторыі Гульняў жанчынам дазволена прыняць удзел у боксе (яны будуць спаборнічаць па 12 спартсменак у вагавых катэгорыях да 51, 60 і 75 кг), а адна мужчынская вагавая катэгорыя будзе выключана. У веславанні на байдарках і каноэ па гладкай вадзе спаборніцтвы каноэ-двоек на 500 м сярод мужчын заменены жаночымі спаборніцтвамі байдарак-адзіночак на 200 м. У тэнісе, упершыню з 1924 года, пройдуць спаборніцтвы сярод змешаных пар. У веласпорце будуць упершыню ўведзены омніум у мужчын і жанчын, камандная гонка-праследаванне, камандны спрынт і кейрын у жанчын, але затое адменяць індывідуальную гонку-праследаванне, гонку па ачках і мэдысан. У гандболе будзе адменены турнір за 5-8 месцы сярод каманд, якія прайгралі ў чвэрцьфінале. У сучасным пяцібор’і змяніўся фармат спаборніцтваў: бег і стральба будуць аб’яднаны ў адно спаборніцтва.

У праграме Гульняў прадугледжана пэўная колькасць мерапрыемстваў, на якія не патрабуюцца білеты, сярод іх: марафон, спаборніцтвы па спартыўнай хадзьбе, веласпорт на велатрасе і велагонка пры правядзенні спаборніцтваў па трыятлону.

На Алімпійскіх Гульнях у Лондане будзе разыграна 302 камплекты медалёў. Найбольшую колькасць медалёў уручаць у лёгкай атлетыцы (47 камплектаў) і плаванні (34 камплекты). На лонданскіх Гульнях будуць уручаць самыя вялікія медалі ў гісторыі. На ўзнагародах рознай вартасці будзе знаходзіцца лагатып гульняў з промнямі. На адваротным баку медаля адлюстравана багіня перамогі Ніка і рака Тэмза. Дыяметр аднаго медаля складзе 85 мм, таўшчыня — 7 мм. Вага адной узнагароды — 375-400 г. Усяго да Алімпіяды будзе выпушчана прыкладна 2 тыс. 100 медалёў.

БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *