На жніўным маршруце СВК «Ордэна «Знак Пашаны»Кастрычнік»
Спякотна гэтымі днямі. У полі — тым больш. Але хлебаробы, здаецца, на надвор’е не ў крыўдзе — абы без дажджу. Дождж хоць і часова, але спыніць жніўны канвеер, а гэта — страта дарагога, у прамым сэнсе слова, часу: жніўную гадзіну пазней і тыднем не заменіш.
З раніцы да позняга вечара гудуць на палях камбайны. Сабраць багаты сёлетні хлеб хутка і без страт — задача надзвычайнай важнасці, стратэгічная не толькі для гаспадарак, але і раёна, вобласці, краіны.
Сёлетняе жніво для Аляксандра Пінчука і Валерыя Якавенкі пачалося яшчэ напрыканцы чэрвеня. Сёння на рахунку іх экіпажа — больш як паўтысячы тон зерня, убранага на палетках СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік». Экіпаж хоць і новы (першае лета працуюць разам), але ў хлебаробскай справе не навічок: старшы камбайнер за штурвалам шосты сезон, летась быў лепшым у сваёй гаспадарцы, камбайнер таксама сваю справу ведае — чацвёртае жніво ў полі.
Тутэйшы вадзіцель Дзмітрый Анціпенка і наогул агульнапрызнаны ас — неаднаразовы пераможца раённага і абласнога спаборніцтваў сярод вадзіцеляў на адвозцы зерня. Пакуль яго МАЗ перавёз 666 тон хлеба. Але гэта далёка не мяжа, на жніўным календары «Кастрычніка» пройдзена ўсяго чвэрць маршруту.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.