Залатое дно СВК «Ляхавіцкі»
Тры гады назад увядзенне ў эксплуатацыю жывёлагадоўчага комплексу новага пакалення стала сапраўднай падзеяй для працаўнікоў СВК «Ляхавіцкі». Хоць, напэўна, і для раёна, бо ўсе сельгаспрадпрыемствы сталі «прымяраць» новыя тэхналогіі ў вытворчасці малака. Між іншым, 470 высокапрадукцыйных кароў (заатэхнікі-селекцыянеры тут працуюць над гэтай задачай даўно і настойліва), былі пастаўлены ў новыя «апартаменты», і даручылі іх лепшым даяркам Вользе Грыкель і Зоі Сецько. Зразумела, спачатку было непрывычна і незвычайна: даільная ўстаноўка «елачка» адразу доіць па 24 каровы, а камп’ютары «сочаць» за працэсам, выдаюць дакладныя даныя, параўноўваюць іх з мінулай дойкай. Да добрага прывыкаецца хутка. Даяркі адразу адчулі перавагу: кожная карова — пад пастаянным наглядам. А што наконт якасці малака, то тут і сумненняў быць не можа: 100 працэнтаў гатунак экстра і не інакш. А за паўгоддзе на новым комплексе надоена 1697 тон малака.
Тут жа, на комплексе знаходзіцца і група раздою першацёлак, з якой працуюць Людміла Працюк і Людміла Васількова. Іх старанні таксама даюць значныя вынікі. Сёння дзённы надой малака ад каровы па комплексу складае 22,5 кілаграма малака — на 1,8 больш у параўнанні з мінулым паўгоддзем. Немалая заслуга ў гэтым і пастухоў: Генадзій Горбік, Сяргей Ходар, Аляксандр Юруць таксама працуюць на поспех, бо і іх заработкі залежаць ад надояў малака. Начальнік комплексу Ігар Бубенчык задаволены работай і даярак, і пастухоў, і аператара Міхаіла Хмарука, які абслугоўвае даільную ўстаноўку і адказвае за санітарны стан комплексу. Парадку, які тут пануе, можна пазайздросціць. На адведзеных пляцоўках акуратна складзіраваны рулоны з падвяленай травой, па новай тэхналогіі запакаванай у цэлафан (і ўзімку каровам будзе свежая трава). Непадалёку цэлы «пасёлак» з маленькіх пластыкавых домікаў, у якія паселены нованароджаныя цяляты, а ля будынкаў комплексу — кветкі, газоны, альпійскія горкі, малыя архітэктурныя формы, заасфальтаваны дарогі і пад’езды. Гэта ўзор фермы новага пакалення.
Зразумела, умовы працы на комплексе і на звычайнай МТФ не параўнаць, аднак даяркі фермы «Русінавічы» і яе загадчык Эдуард Шэпет спадзяюцца, што вельмі хутка сітуацыя памяняецца. Ужо ўзведзены новы будынак Русінавіцкай МТФ, дзе можна будзе працаваць па новых тэхналогіях, выдзяляецца цэх сухастою і раздою кароў. І сёння русінавіцкія даяркі стараюцца быць у ліку лепшых. Галіна Красоўская, Антаніна Лазоўская ўжо надаілі ад кожнай каровы больш як па 3500 кілаграмаў малака. Зразумела, гэта менш, як у Вольгі Грыкель і Зоі Сецько з новага комплексу (яны маюць за паўгода 4259 кілаграмаў малака ад каровы), аднак вынікі работы русінавіцкіх даярак радуюць. Дарэчы, нават у сённяшніх умовах яны атрымліваюць высакаякасную прадукцыю: за паўгоддзе адправілі на малаказавод 69,4 працэнта малака гатункам экстра, астатняе — вышэйшым. Павялічваецца і валавы надой. У гэтыя дні, напрыклад, ад кожнай каровы штодзень тут дояць па 18,2 кілаграма малака — на 1,7 больш, як летась у адпаведны перыяд. І на гэтай ферме адзначаюць старанні пастухоў Аляксандра Зайца, Аляксандра Міклашэвіча і інш.
Усяго 200 кароў утрымліваецца на Рачканскай МТФ, калектыў якой узначальвае Анатолій Слаута. Аднак малочная жывёлагадоўля і гэтага вытворчага падраздзялення сельгаскааператыва на вышыні. У раёне даўно вядомы імёны тутэйшых даярак — Таццяна Радомская, Галіна Смірнова. Вопытныя, надзейныя працаўніцы. Амаль 3 з паловай тысячы кілаграмаў малака ад каровы — вынік іх паўгадавой працы. Поспех свой яны прымнажаюць, як і іншыя даяркі, стараюцца пастухі — Ірына Радаева і інш.
Галоўны заатэхнік сельгаскааператыва Уладзімір Ксёнжык, расказваючы пра поспехі ў малочнай жывёлагадоўлі, неаднаразова адзначаў што гэта заслуга практычна ўсіх падраздзяленняў вытворчасці, бо працаўнікі гаспадаркі аб’яднаны агульнымі задачамі. Гэта, несумненна, так.
Напрыклад, заатэхнічная служба паспяхова працуе над фарміраваннем высокапрадукцыйнага статка. Работа заатэхніка-селекцыянера Галіны Ксёнжык прызнана лепшай у рэспубліканскім спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ў 2011 годзе. Пераможцам гэтага спаборніцтва выйшаў, дарэчы, і галоўны заатэхнік гаспадаркі Уладзімір Ксёнжык. Важкі ўклад у вынікі селекцыйнай работы ўнеслі заатэхнік-селекцыянер Святлана Новік, асемянатары Іван Патаповіч і Іван Буйко.
Вельмі многае залежыць ад зладжанай работы ветэрынарнай службы. Асабліва стараюцца Дзмітрый Козел і Мікалай Жарскі. Заўсёды ўсё пад кантролем і ў інжынера па працаёмкіх працэсах Анатолія Герасімовіча.
Гаспадарлівыя людзі гавораць, што атрымаць малако можна ад добра накормленай каровы. Вось чаму работа агранамічнай службы і жывёлагадоўчай — адно цэлае. Выдатная шматкампанентная паша, двухразовая падкормка малочнага статка зялёнай масай бабовых траў, нарыхтоўка кармоў самай высокай якасці, а яшчэ — канцэнтраты. Давялося прысутнічаць пры прыгатаванні камбікорму. Гэтую работу да дробязяў асвоілі млынары Аляксандр Сельмановіч і Сяргей Хлапянік, якія вельмі адказна ставяцца да сваіх абавязкаў: да змолатага зерня розных злакавых і бабовых культур у пэўных прапорцыях дабаўляюцца прэміксы — камбікорм паўнацэнны. А на плошчы ў 350 гектараў спее кукуруза. І сёлета ўраджайнасць гэтай культуры чакаецца выдатнай, а значыць, кармавая база для грамадскага статка папоўніцца паўнацэннымі высакаякаснымі кармамі.
Поспехі ў малочнай жывёлагадоўлі — гэта поспехі і цэха механізацыі сельгаскааператыва. Сёння наогул цяжка ўявіць жыццё без тэхнікі і новых тэхналогій. А ў «Ляхавіцкім» на фермах працуюць 3 кормараздатчыкі, якія забяспечваюць статак зялёнай масай. Зімой гэтую работу выконваюць кормазмяшальнікі — ручная праца зведзена да мінімуму.
Малочны статак гаспадаркі — 830 кароў. За месяц на малаказавод адпраўляецца прыкладна 460 тон малака, а на рахунак сельгаскааператыва залічваецца (скажам, за чэрвень) 1,5 мільярда рублёў. Чым не залатое дно — малочная жывёлагадоўля? Праўда, як зазначае старшыня сельгаскааператыва Аляксандр Вітко, нічога не даецца без працы, старання і настойлівасці. Іншы раз прысут-нічае і пэўны працэнт рызыкі. Аляксандр Іванавіч — першапраходзец ў раёне ў прымяненні новых тэхналогій ва ўсіх галінах вытворчасці, у малочнай жывёлагадоўлі — найперш. Ён будаваў комплекс тады, калі большасць яшчэ сумнявалася, бо ўкладваліся вялікія сродкі. Аднак ён рызыкнуў і выйграў. Вітко шанцуе, бо ён працуе…
Аліна ЛАПІЧ.