“Лубнае” месца ёсць у Задвор’і

Дырэктар ААТ "Ляхавіцкі льнозавод" Дзмітрый Скакун

Для большасці чытачоў гэта ніякая не навіна, а «матэрыял даўно пройдзены». Магчыма, і забыты, таму напамін аб тым, што лубам называюцца валокны, у тым ліку і лёну, якія непасрэдна ідуць на выраб тэкстыльнага матэрыялу, думаецца, лішнім не будзе. Іменна на падставе ўтрымання адноснай колькасці названай субстанцыі і мяркуюць аб якаснай характарыстыцы льнянога снапа. Зыходзячы з прыведзенай паралелі, самым «лубным» у раёне месцам з’яўляецца ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Усё, што ніжэй, — пра яго.

Пра завод гутарка пойдзе пазней і стане — ёсць таму «жалезная» нагода — асноўнай. А пачнём з на-дзённага і самага на гэты час важнага — з уборкі ўраджаю, бо прадпрыемства завязана на сельскую гаспадарку і, адпаведна, яго працаўнікі  шчыруюць зараз на ўборачных палетках. Апроч перапрацоўкі даўгунцу, ільнозавод займаецца вырошчваннем як яго, так і некаторых іншых сельскагаспадарчых культур.

Рапс сёлета ў завадчан, можна сказаць, урадзіў. Уборачныя работы паспяхова ўжо скончаны, і кожны з 60 летась пасеяных гектараў «заважыў» крыху больш за 26 цэнтнераў. Зусім нядрэнна з улікам не асабліва «бальных» зямель прадпрыемства і нават некалькі больш адпаведнага сярэднераённага паказчыка. Зерневыя, уборка якіх набліжаецца да экватара, «сыплюць» пакуль каля 30 цэнтнераў з круга. У далейшым магчымы і некаторы рост ураджайнасці, лічыць дырэктар завода Дзмітрый Скакун, паколькі жніво закранула яшчэ не самыя моцныя палеткі.

Як і ўборачны цыкл увогуле, церабленне льну сёлета стартавала даволі рана і, на момант падрыхтоўкі гэтага матэрыялу, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» ужо больш як на дзве трэці справіўся з церабленнем уласных ільнопасеваў. У дакладных лічбах гэта выглядае такім чынам: з 1260 наяўных гектараў 850 знаходзяцца «пад вылежкай», у той ці іншай стадыі.

Як свае-чужыя клопаты можна разглядаць работу прадпрыемства на палетках другіх арганізацый-ільнаводаў нашага раёна. Чужыя — бо не ў межах арандуемых зямельных угоддзяў, свае — таму, што вырашчанае там папоўніць сыравінны запас прадпрыемства. Ён — сёлетні запас — па сярэдне-сціплых падліках дырэктара павінен скласціся ў межах 5,5 тысячы тон трасты. Пазначанага дастаткова для гадавой загрузкі дзеючых перапрацоўчых магутнасцяў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Поўнай ці, інакш сказаць, трохзменнай загрузкі абедзвюх вытворчых ліній.

Нягледзячы на тое, што льногаліна, як адзначалася на нядаўнім пасяджэнні прэзідыума Саўміна, забяспечана сёння неабходнымі тэхналогіямі, сартамі культуры, спецыялістамі, на жаль, не можа пакуль пахваліцца выхадам на работу ў фармаце сучасных стандартаў. Слабым звяном з’яўляецца звяно прамежкавае — перапрацоўка трасты ў валакно, чым, уласна, і займаюцца прадпрыемствы кшталту нашага льнозавода. У сувязі з гэтым зараз рэалізоўваецца праект па якаснай рэканструкцыі заводаў па першаснай перапрацоўцы лёну. У выніку гэтага ў краіне павінны з’явіцца 3 новыя заводы. Плюс 8 ужо дзеючых атрымаюць радыкальнае тэхнічнае пераўзбраенне. У іх лік трапіў і ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Як расказаў Дзмітрый Скакун, гэтым часам адна са спецыялізаваных сталічных устаноў даводзіць да завяршэння праектна-каштарысную дакументацыю, і рэальна, што рэканструкцыя завода пачнецца ўжо сёлета, да наступлення ўстойлівых халадоў. Апошняе важна, паколькі пад рэканструкцыяй  маецца на ўвазе будаўніцтва практычна новага цэха. Агульная канцэпцыя мяркуе і максімальна поўнае, аднак, не ва ўрон якасці, выкарыстанне памяшканняў ужо існуючых будынкаў. Гутарка, у прыватнасці, пра некалішні цэх кастрапліт. На працягу апошніх гадоў і зараз ён абсталяваны часткова для сушкі і ачысткі зерня, часткова выкарыстоўваецца ў якасці пляцоўкі для захоўвання дарагой складанай тэхнікі. У рэканструяваным варыянце памяшканне атрымае неабходнае начынне і новае выкарыстанне з пабудаваным сумежна асноўным цэхам. Вызначана ўжо і падрадная арганізацыя ў асобе УБП «Ляхавіцкая ПМК-13», адкрыта крэдытная лінія. У адпаведнасці з апошняй прадугледжана выкарыстанне больш як 70 мільярдаў рублёў. На будаўніча-мантажныя работы, закуп і пусканаладку тэхналагічнага абсталявання. Дарэчы, пра абсталяванне: новая, пераважна імпартнай камплектацыі вытворчая лінія, як расказаў дырэктар завода Дзмітрый Скакун, характарызуецца высокай прадукцыйнасцю, якасцю і глыбінёй перапрацоўкі. За гадзіну работы здольна «прапусціць» да 2 з паловай тон ільнотрасты. Пры гэтым рэальнасцю з’яўляецца атрыманне да 60 працэнтаў так званага доўгага льновалакна. Для параўнання: прадукцыйнасць дзеючай вытворчасці знаходзіцца ў межах 1 тоны трасты ў гадзіну, а выхад    доўгага валакна складае максімум 25 працэнтаў ад агульнага аб’ёму. Патрэбна канстатаваць і выгаднае адрозненне новага над старым у плане энергаёмістасці, аўтаматызацыі вытворчага працэсу. Так, для забеспячэння работы новай тэхналагічнай лініі неабходна 6 чалавек. Штат дзеючай, для параўнання, вытворчасці прыкладна ўтрая больш шырокі. Усё гэта, несумненна, адаб’ецца  на сабекошце гатовай прадукцыі. Адпаведна, на яе канкурэнтаздольнасці, заработнай плаце завадчан, магчымасці інвестыцый, у тым ліку і на мерапрыемствы сацыяльнай накіраванасці, іншае.

Праца ў новым цэху, відавочна, патрабуе і дадатковай кваліфікацыі. Тэхніка складаная, далікатная, дарагая ў выпадку неабходнасці рамонту і страчанай выгады ад прастою. «Давядзецца вучыцца, — гаворыць Дзмітрый Скакун. — У рэспубліцы аналагічныя вытворчасці ўжо працуюць. У прыватнасці, у Дуброўна Віцебскай вобласці, у нашых Пружанах. Верагодней усяго, іменна Пружанскі льнозавод у хуткім часе прыме на стажыроўку нашых завадчан. Для работы на новай лініі патрэбны  навыкі, дадатковыя ўменні, іншае стаўленне да сваіх працоўных абавязкаў».

Калі ж гэтым перспектыўным і прыгожым намерам суджана збыцца? «У якасці пускавога тэрміну вызначаны кастрычнік 2013 года. Чакаць засталося, фактычна, год і пару месяцаў. Калі ўсё пойдзе ў рэчышчы планавых намераў, не здарыцца ніякага фарс-мажору», — гаворыць Дзмітрый Усеваладавіч.

Будаваць новае, але не ламаць старое: у адносінах дзеючай зараз вытворчасці мяркуецца менавіта такі падыход. З дзвюх устаноўленых у цэху перапрацоўчых ліній застануцца абедзве. Адна ў якасці рэзерву ці «дублёра» на выпадак правядзення рэгламентна-рамонтных, рамонтных работ у новапабудаваным цэху, другой жа папярэдне адводзіцца роля перапрацоўшчыка нізкаякаснай сыравіны. Трасты невысокай нумарной сортнасці ў рознага роду прадукцыю тэхнічнага, як правіла, прызначэння.

Усё —  дзеля вываду традыцыйна беларускай і патэнцыяльна прывабнай эканамічна і з пункту гледжання іміджу краіны вытворчасці на стандарты сучаснасці. Цана пытання — будаўніцтва і рэканструкцыі 11 ільноперапрацоўчых заводаў — знаходзіцца ў межах 574 мільярдаў рублёў. На ўмовах дастаткова ліберальнага крэдыту і з надзеяй на блізкую і максімальна эфектыўную аддачу. Таго і жадаем калектыву ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».

Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *