У Русінавічах адкрыўся адноўлены фізкультурна- аздараўленчы комплекс

Пасля рэканструкцыі і рамонту ўрачыста адкрыўся Русінавіцкі фізкультурна- аздараўленчы комплекс

Гэтай значнай і важнай падзеі жыхары аграгарадка Русінавічы з нецярпеннем чакалі даўно. І, у рэшце рэшт, іх мары і спадзяванні спраўдзіліся. У мінулую пятніцу ў Русінавічах адбылася важная і значная  грамадска-спартыўна-культурная падзея  не толькі  для  мясцовых  жыхароў, але і для ўсёй Ляхавіччыны.  Пасля рэканструкцыі і капітальнага рамонту (з рэспубліканскага, абласнога і раённага бюджэтаў на гэта выдаткавана  звыш 950 мільёнаў рублёў, пераважная большасць капіталаўкладанняў – менавіта з раённага бюджэту), адноўлены, добраўпарадкаваны, аснашчаны новым  абсталяваннем і спартыўным інвентаром, гасцінна расчыніў дзверы для дарослых і юных аматараў спорту і здаровага ладу жыцця фізкультурна – аздараўленчы комплекс “Русінавічы”.  Сімвалічна, што запуск ў дзеянне новай спартыўнай арэны прыйшоўся на  дзень, калі стралок Сяргей Мартынаў  заваяваў першы залаты алімпійскі медаль для Беларусі на Гульнях у Лондане.

Цяпер русінавічане змогуць не толькі займацца спортам, у прыватнасці гандболам, лёгкай атлетыкай, міні-футболам, настольным тэнісам, у гульнёвай зале, але і ўмацоўваць здароўе, набірацца сіл і энергіі ў трэнажорнай зале пад кіраўніцтвам інструктара-метадыста Юрыя Шчукі і  трэнера Таццяны Шастак.

Са знамянальнай падзеяй аграгараджан  і гасцей павіншаваў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый  Бурдук, які, падкрэсліўшы значную ролю фізкультуры і спорту ва ўмацаванні здароўя людзей, асабліва падрастаючага пакалення, сказаў:

—  Вельмі важна і правільна, што дзяржава выдаткоўвае значныя грашовыя сродкі  на будаўніцтва і рэканструкцыю спартыўных аб’ектаў, дзе рабяты і дарослыя  змогуць не толькі  трэніравацца і дабівацца поспехаў у спорце, выхоўвацца ў лепшых алімпійскіх традыцыях, але і  клапаціцца пра здароўе.  Асабліва неабходны спартыўныя арэны, стадыёны, лядовыя палацы для юных беларусаў – за падрастаючым пакаленнем  будучыня краіны, і якой яна будзе, у многім залежыць ад таго, як мы клапоцімся і выхоўваем сённяшніх хлопчыкаў і дзяўчынак.

Дзмітрый Бурдук павіншаваў усіх прысутных са святам  спартыўнага адраджэння вёскі. Кіраўнік раённай вертыкалі  пастаянна трымаў на  кантролі ход рамонтна-рэканструкцыйных работ на ФАКе. Так, на апошняй мінулагодняй сесіі раённага Савета дэпутатаў Дзмітрый Бурдук чарговы раз паставіў перад будаўнікамі задачу: праводзіць усе работы  не толькі хутка, але якасна, згодна патрабаванняў часу. Тым больш, у 2013 годзе плануецца рэканструкцыя фізкультурна-аздараўленчага комплексу і ў Свяціцы.

Пра важнасць і неабходнасць заняткаў спортам гаварыў  першы намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама Васілій Ляшчынскі. Ён падкрэсліў, што алімпійскі чэмпіён Лондана Сяргей Мартынаў  пачынаў займацца спартыўнай стральбой менавіта на Брэстчыне. З Брэстчыны і бронзавая прызёрка алімпійскіх гульняў – цяжкаатлетка Ірына Кулеша.

— Упэўнены, што пасля рэканструкцыі ў ФАКа “Русінавічы” адкрылася новае дыханне. Сама падзея знамянальная для ўсіх жыхароў аграгарадка, якія з задавальненнем і карысцю тут будуць праводзіць вольны час. Дзякуй кіраўніцтву раёна, што ў такі напружаны ўборачны момант знайшлі час, каб раздзяліць  радасць  ад увядзення ў эксплуатацыю адноўленага спартыўнага аб’екта. А юным спартсменам ад душы жадаю новых дасягненняў, – адзначыў Васілій  Ляшчынскі.

З  адкрыццём адноўленага ФАКа аграгараджан павіншаваў і начальнік Ляхавіцкай ПМК-17 (якая ў асноўным і праводзіла рамонтна-рэканструкцыйныя работы) Алег Пішч.

— Пасля таго, як ў Русінавічах быў пабудаваны спартыўны комплекс, сюды на трэніроўкі прыходзілі не толькі мясцовыя рабяты, але прыязджалі і гараджане. І не важна – вырастуць з мясцовых рабят чэмпіёны ці не, галоўнае, што заняткі спортам ўмацоўваюць арганізм, а здароўе – гэта вельмі важная рэч, – сказаў старшыня СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко, адзін з ініцыятараў будаўніцтва ФАКа ў 1992 годзе.

Сімвалічны ключ ад адноўленага будынка Дзмітрый Бурдук перадаў капітану юніёрскай зборнай Ляхавіччыны па гандболе (сярод дзяўчат 1998-2000 гадоў нараджэння) Таццяне Бурчыц.  Дарэчы, менавіта гэта гандбольная дружына пад кіраўніцтвам трэнера Аксаны Лойка ў мінулым годзе стала пераможцай першынства Рэспублікі Беларусь у сваёй узроставай групе, а сёлета – сярэбраным прызёрам  рэспубліканскіх спаборніцтваў “Імклівы мяч”.

Нязменны атрыбут  любога наваселля, у тым ліку і спартыўнага, – падарункі. Сертыфікат на набыццё спартыўнага інвентара для Русінавіцкага ФАКа на суму 10 мільёнаў  быў  уручаны ад упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. З падарункам прыйшоў і старшыня  СВК “Ляхавіцкі” Аляксандр Вітко.  Чырвоную стужку  перарэзалі Дзмітрый Бурдук, старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч, Васілій Ляшчынскі і Аляксандр Вітко.

Каманда ляхавіцкіх гандбалістак удастоілася  ганаровага права першай у новым зале правесці гульнёвы матч. Яе сапернікам стала  гандбольная дружына равесніц з Ленінградскай вобласці, якая зараз знаходзіцца на  зборах у Ляхавіцкай ДЮСШ. Гэта быў не адзіны спартыўны матч, які ў мінулую пятніцу адбыўся на Ляхавіччыне: на  стадыёне «Колас» у райцэнтры праходзіла  спартыўная сустрэча ў рамках  абласных  занальных спаборніцтваў па футболе “Залаты колас”. А аграгараджане з задавальненнем займаліся на трэнажорах.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *