Ляхавічане павіншавалі ветэранаў
Са словамі пашаны і ўдзячнасці да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны на ўрачыстасцях з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, якія ладзіліся ў цэнтры пазашкольнай работы, звярнуліся старшыня раённага аб’яднання Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Белая Русь”, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Святлана Юрлевіч, дырэктар гімназіі Леанід Калбаса, старшыня раённага Савета ветэранаў вайны і працы Генрых Траццяк.
Галоўным героям свята, паважаным гасцям, ветэранам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны Алене Пацкевіч, Паўлу Лойку, Расціславу Хмаруку, Івану Занько, Уладзіміру Пархомчыку, Станіславу Скіндзеру, Мікалаю Трысценю, Віктару Шувалаву, Івану Вялічку, Елізавеце Судэнка, Галіне Шумілавай, Надзеі Турчыной, Станіславу Бурвелю – хлеб-соль, віншавальныя паштоўкі, шчырыя словы падзякі. Пранізлівыя радкі з ваенных паштовак-трохвугольнікаў, франтавыя песні і занатаваныя ўспаміны салдат той далёкай вайны гучалі з вуснаў маладых, якія жывуць у ХХІ стагоддзі і ведаюць пра вайну толькі з расказаў ветэранаў, кніг і кінафільмаў. Але яны, удзячныя нашчадкі, з пакалення ў пакаленне будуць перадаваць праўдзівы расказ пра неўміручы подзвіг сваіх дзядоў і прадзедаў, якія выратавалі свет ад фашызму, адваявалі свабоду і незалежнасць сваёй Радзімы. Лейтматывам святочнай сустрэчы былі словы вядучых: “Няхай сувязь пакаленняў будзе непарыўнай, як моцная франтавая дружба, калі пароўну дзялілі і гора, і радасць, і акрайчык хлеба…”.
Выхаванцы ЦПР падрыхтавалі для гасцей святочны канцэрт і ўручылі падарункі ад “Белай Русі”.
Людміла ЮНІК, дырэктар ЦПР.