Аляксандр Вашчук і Аляксандр Вітко прызнаны пераможцамі конкурсу Брэсцкага абласнога аграпрамысловага саюза

Калі чалавек апантаны сваёй справай, ён адчувае сябе шчаслівым. Калі чалавек сваю справу ведае і не спыняецца на гэтым, а працягвае зноў і зноў вывучаць, яму наканаваны поспех. Прыемная навіна: старшыня СВК «Шлях новы» Аляксандр Вашчук прызнаны абсалютным пераможцам у абласным конкурсе на званне лепшага кіраўніка сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны ў другой групе гаспадарак (са стажам работы кіраўніком да 5 гадоў). Выдатны і заслужаны поспех. Актыўнасць і мэтанакіраванасць Аляксандра Мікалаевіча, прыхільніка новых сельскагаспадарчых тэхналогій, чалавека, які з аптымізмам глядзіць у заўтрашні дзень вёскі і намагаецца дзеля таго, каб ён быў стваральным, відавочная штодня: і важкімі жніўнымі паказчыкамі, і жывёлагадоўчымі «плюсамі», і ходам рэканструкцыі вытворчасці, і добрым настроем калектыву, што працуе стабільна. Прозвішча Аляксандра Вітко ў раёне не проста добра вядомае — знакамітае. Выдатны чалавек, выдатны старшыня, выдатны спецыяліст. Гэта ў многім ён зрабіў СВК «Ляхавіцкі» такім — эканамічна моцным, трывалым, перадавым. Адным словам, узорная гаспадарка, на не самых урадлівых землях якой каласіцца важкі колас, бульба расце такая, што па-добраму пазайздросціш, ну а буронкі тут — суцэльныя рэкардсменкі па надоях. Не само па сабе атрымалася ўсё гэта, а стала вынікам руплівай працы людзей, якімі кіруе Аляксандр Іванавіч на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Неаднаразова ў конкурсе абласнога аграпрамысловага саюза на званне лепшага кіраўніка сельгаспрадпрыемстваў Брэстчыны Вітко прызнаваўся пераможцам. Вось і сёлета — у чарговы раз: трэцяе месца ў трэцяй групе гаспадарак (са стажам работы кіраўніком звыш 5 гадоў).
Вашчук і Вітко. Два старшыні, прадстаўнікі двух пакаленняў. Але ёсць у іх агульнае — прага вынікова працаваць, рабіць сваю справу бездакорна і быць у адказе за калектыў. Усё атрымліваецца. Віншуем і ганарымся!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *