Лукашэнка: Беларусь — прыклад стабільнасці
Беларусь на працягу многіх гадоў увасабляе сабой прыклад палітычнай і сацыяльнай стабільнасці, у чым ёсць немалая заслуга сілавых структур. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка 23 лютага на прыёме з нагоды Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, паведамілі ў прэс-службе Кіраўніка дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта свята даўно выйшла за рамкі прафесійнага і стала ўсеагульным.
«Гэта не проста даніна традыцыі, – дадаў ён. – Мы помнім сваю гісторыю, свята шануем тых, хто са зброяй у руках абараняў ад агрэсараў нашу Радзіму. З глыбокай павагай ставімся да наследнікаў воінскай доблесці – людзей у пагонах».
Мудрыя людзі кажуць: узровень клопату аб жанчыне – паказчык цывілізаванасці дзяржавы, а народная павага і давер да сваёй арміі – сведчанне энергічнасці і здаровага духу нацыі. «Як паказваюць сацыялагічныя даследаванні, армія ў нашым грамадстве карыстаецца высокім аўтарытэтам і даверам у людзей. Гэта значыць, што маладая суверэнная беларуская дзяржава робіць усё, каб яе Узброеныя Сілы былі надзейнай гарантыяй бяспекі і спакою ў нашай краіне», – сказаў беларускі лідэр.
Прэзідэнт падкрэсліў, што на долю Беларусі ў ХХ стагоддзі выпала нямала суровых выпрабаванняў, але краіна нязменна з годнасцю выходзіла з цяжкіх сітуацый таму, што народ і армія ў адзіным страі паўставалі на яе абарону, праяўляючы доблесць і гераізм.
«Мы выпакутавалі Перамогу і ўсвядомілі, што абарона Радзімы – справа ўсенародная. Таму і сёння цалкам заканамерна высокае пачуццё адказнасці нашых людзей за захаванне міру і стабільнасці на беларускай зямлі. Першае дзесяцігоддзе новага стагоддзя паказала, што праблема абароны сваёй Айчыны не становіцца для нас менш актуальнай», – адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, глабальны крызіс, які закрануў усе краіны, абвастрае і геапалітычныя праблемы чалавецтва, істотна ўплывае на ваенную абстаноўку ў розных рэгіёнах планеты.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь нават ва ўмовах сусветнага фінансава-эканамічнага крызісу пераканаўча даказала здольнасць процідзейнічаць рознабаковым выклікам сучаснасці.
Прэзідэнт адзначыў, што ў нашай краіне пастаўлены надзейны заслон любым праявам экстрэмізму і антыканстытуцыйных дзеянняў. Паводле яго слоў, «забяспечана падтрыманне неабходнага ўзроўню баявой гатоўнасці войскаў, высокага маральнага духу ваенна-служачых».
Кіраўнік дзяржавы сказаў, што ўзважаны і канструктыўны працэс ваеннага будаўніцтва правяраецца і рэгулюецца ў ходзе буйнамаштабных вучэнняў, якія красамоўна сведчаць аб гатоўнасці беларускай арміі эфектыўна выконваць пастаўленыя перад ёю задачы.
Пры гэтым Прэзідэнт падкрэсліў, што аб’яўлены ў Беларусі Год якасці датычыцца ўсіх сфер жыццядзейнасці. Таму ён павінен стаць годам дасягнення новых якасных параметраў у падрыхтоўцы і развіцці Узброеных Сіл, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у краіне.
Беларускі лідэр лічыць, што ў год святкавання 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне асаблівай увагі заслугоўваюць ветэраны фронту і тылу, партызаны і падпольшчыкі. «Нам трэба помніць – мы перад імі ў неаплатным даўгу», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ў нашай краіне кожны ветэран павінен быць акружаны ўсямерным клопатам.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ў 2010 годзе завяршаецца пяцігодка і неабходна выканаць заданні, вызначаныя трэцім Усебеларускім народным сходам.
Прэзідэнт Беларусі ўручыў генеральскія пагоны 9 ваеннаслужачым і супрацоўнікам сілавых ведамстваў.
Кіраўнік дзяржавы павіншаваў усіх іх з прысваеннем генеральскіх званняў і пажадаў новых поспехаў у службе на карысць роднай Беларусі.
БЕЛТА.