У Ляхавічы размеркаваліся дыпламаваныя і перспектыўныя
Кадравае папаўненне — гэта здорава! Асабліва, калі да працы прыступаюць поўныя планаў і мар маладыя спецыялісты. Такія, напрыклад, як Інга Кульчык, Андрэй Вярбіла, Павел Андрос, Вольга Якімовіч, Аляксандр Ходар і Аляксандр Насеня (на здымку).
Сёння яны — паўнапраўныя члены калектыву ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».
У жніўні на работу ў наш раён па размеркаванні прыйшлі 11 педагогаў, 12 медыкаў, 4 культработнікі, 32 спецыялісты сельскай гаспадаркі…
Яшчэ зусім нядаўна яны штудзіравалі падручнікі, рабілі першыя самастойныя крокі ў выбранай прафесіі падчас практыкі, з нецярпеннем чакалі размеркавання, а з ім і першага, гарантаванага працоўнага месца, абаранялі дыпломную работу, хваляваліся перад дзяржаўнымі экзаменамі, развітваліся з выкладчыкамі і аднакурснікамі. А сёння яны — дыпламаваныя спецыялісты з вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
Атрыманы дыплом абяцае не толькі новае жыццё, але і накладае адказнасць, у тым ліку, і перад дзяржавай, якая затраціла немалыя сродкі на навучанне. Якія яны, першыя працоўныя дні? Як складваюцца адносіны ў новым калектыве? Якім чынам наладжаны бытавыя ўмовы?
Больш за 30 маладых аграномаў, заатэхнікаў, ветэрынараў, інжынераў, механікаў (6 з вышэйшай адукацыяй) папоўнілі рады спецыялістаў у сельгаспрадпрыемствах раёна. Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, найбольшы наплыў маладых аграрыяў — у ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Гэта эканаміст Вольга Якімовіч і бухгалтар Вольга Гладышчук (Палескі дзяржаўны ўніверсітэт), а таксама электраманцёры, ветэрынарны фельчар, памочнік брыгадзіра і інш. Аграном Максім Мурочак і памочнікі брыгадзіра паляводчай брыгады Вольга Грамак і Мікалай Траян з дыпломамі Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа будуць клапаціцца пра раслінаводства ў СВК «Жарабковічы». Інжынерам-электрыкам гэтага СВК сваю працоўную біяграфію пачаў выпускнік БНТУ Андрэй Багацкі. 5 маладых спецыялістаў, сярод якіх галоўны інжынер, тэхнік-асемянатар, бухгалтар, загадчык мехдвара, ветэрынарны фельчар, з’явіліся ў СВК «Дарава». Не засталіся без маладога папаўнення СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», «Ляхавіцкі», «Шлях новы», «Востраў-Агра», «Тальмінавічы», «Ліпнянка», ЗАТ «Белпрампрыбор», ДП «Нача». Акрамя іншых, прадугледжаных заканадаўствам ільгот і выплат, новаспечаным аграрыям на працягу года гаспадаркі штомесячна будуць даплачваць да заработнай платы суму, роўную тарыфнай стаўцы І разраду (зараз складае 210000 рублёў). А калі яны на сваёй пасадзе адпрацуюць у гэтай жа гаспадарцы 2 гады, то на працягу наступных трох з бюджэту штомесяц будуць атрымліваць дадаткова да асноўнага заробку патроеную названую суму.
Сёлета на традыцыйнай жнівеньскай канферэнцыі будуць вітаць і новае папаўненне настаўнікаў. Па словах начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Леаніда Калбасы, 11 выпускнікоў ВНУ па размеркаванні прыехалі ў Ляхавіцкі раён. Працоўная біяграфія сейбітаў разумнага, добрага, вечнага пачалася ў сельскіх і гарадскіх школах і дзіцячых садах. Кожны атрымаў прадугледжаныя заканадаўствам пад’ёмныя, а таксама штомесячна ў дадатак да зарплаты можа разлічваць на не менш як 10 працэнтаў ад заробку згодна калектыўнага дагавора, заключанага паміж адміністрацыяй навучальнай установы і прафкамам.
Пераважная большасць маладога педагагічнага папаўнення будзе працаваць настаўнікамі беларускай і замежнай моў, геаграфіі ў Свяціцкай, Ліпскай, Востраўскай, Тухавіцкай СШ, Падлескім ДС-СШ, а таксама педагогамі дадатковай адукацыі, выхавальнікамі ў горадзе. Працаўладкавацца вырашылі ў навучальныя ўстановы Ляхавіччыны і некалькі выпускнікоў ВНУ са свабодным дыпломам. Нягледзячы на штогадовы значны прыліў педагагічных кадраў, як падкрэсліў Леанід Калбаса, дагэтуль існуе недахоп настаўнікаў фізікі, матэматыкі, выхавальнікаў дашкольных устаноў.
Калі з педагагічнымі кадрамі ўсё больш-менш зразумела, то з медыкамі па-ранейшаму напруга, прычым як з урачамі, так і з фельчарамі. Хаця, безумоўна, зрухі да лепшага ёсць. Па словах галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Уладзіміра Усцюшкова, у жніўні да работы прыступілі 6 выпускнікоў медыцынскіх ВНУ (кожны з маладых спецыялістаў адразу пры прыёме на працу атрымлівае аднаразовую дапамогу ў суме 5 базавых велічынь на першапачатковае ўладкаванне і штомесячна — у суме 2 базавых велічынь на аплату за арэнду жылля). Усе яны будуць клапаціцца пра здароўе ляхавічан у райбальніцы. 2 хірургі, 2 тэрапеўты, рэнтгенолаг і стаматолаг прыступілі да работы. Што датычыцца аграгарадкоў і вёсак, то па-ранейшаму Ліпская, Падлеская, Альхоўская і Начаўская ўрачэбныя амбулаторыі застаюцца без дактароў, у Савейкаўскай, Тухавіцкай працуюць урачы пенсійнага ўзросту, як і ў Крывошынскай участковай бальніцы.
Па словах Уладзіміра Усцюшкова, пасля заканчэння медыцынскіх каледжаў маладыя фельчары прыйшлі на працу ў Крывошынскую участковую бальніцу, Начаўскую, Дараўскую і Навасёлкаўскую ўрачэбныя амбулаторыі, у аддзяленне хуткай дапамогі, а акушэрка — у гінекалагічнае аддзяленне райбальніцы.
Вынікі анкетавання маладых спецыялістаў, якія апошнім часам пасля двухгадовай адпрацоўкі звольніліся з медыцынскіх устаноў горада і раёна, паказалі, што прычынай звальнення пераважнай большасці рэспандэнтаў стала адсутнасць службовага жылля. А вось заработная плата, мікраклімат у калектыве і перспектывы кар’ ернага росту задавальняюць многіх.
Маладыя, таленавітыя, адукаваныя работнікі патрэбны і ва ўстановах культуры раёна, дзе на многіх пасадах — людзі без спецыяльнай адукацыі. Напэўна, іскрынку ў культурнае жыццё Ляхавіччыны ўнясуць і 4 маладыя культработнікі. Пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа выкладчыкам па класе фартэпіяна ў школу мастацтваў (выпускніцай якой з’яўляецца) прыйшла ляхавічанка Алена Шклянік, а ў Навасёлкаўскую музычную школу па класе баяна — Юлія Саўчык. Акрамя працы, дзяўчаты будуць павышаць сваю адукацыю: яны — студэнткі завочнага аддзялення музычна-педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яшчэ адна выпускніца Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа таксама будзе выкладаць азы музыкі ў Навасёлках, а ўладальнік дыплома Нясвіжскага дзяржаўнага каледжа імя Якуба Коласа Андрэй Масцілоўскі (родам са Сваятыч) робіць першыя крокі ў якасці мастацкага кіраўніка ў Тальмінавіцкім СДК. Адзін выпускнік ССНУ культуры, які быў накіраваны на работу ў наш раён, замест культурна-асветніцкай дзейнасці выбраў вучобу на дзённым аддзяленні ВНУ. Дарэчы, апошнім часам рэдка да нас прыходзяць культработнікі з вышэйшай спецыяльнай адукацыяй. Як расказала галоўны спецыяліст аддзела культуры Алена Матчэня, сёлета чацвёра юнакоў і дзяўчат па мэтавым накіраванні сталі навучэнцамі і студэнтамі Баранавіцкага дзяржаўнага музычнага каледжа, Беларускага дзяржаўнага інстытута культуры і Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. І праз пэўны час у нас з’явяцца новыя выкладчыкі ў школе мастацтваў, бібліёграф і спецыяліст па народных танцах.
Памяняўшы словы з вядомага верша, можна сказаць, што «прыйшлі ў пажарную, прыйшлі ў міліцыю…» Рады выратавальнікаў папоўнілі намеснік начальніка РАНС па аператыўна-тактычнай рабоце Валерый Плюто, інспектар дзяржпажнагляду Андрэй Манчук і начальнік ПАВП вёскі Вялікае Падлессе Аляксандр Кандрасюк. У РАУС абавязкі оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю будзе выконваць сёлетні выпускнік акадэміі МУС Міхаіл Салодкі. Як расказаў намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога, сёлета курсантамі акадэміі МУС сталі пяцёра выпускнікоў школ раёна, яшчэ адзін юнак залічаны на вучобу ў Магілёўскі вышэйшы каледж МУС.
Прыступілі ці вось-вось прыступяць да работы ў іншых галінах, арганізацыях, установах, на прадпрыемствах маладыя спецыялісты — учарашнія навучэнцы, студэнты. Наперадзе іх чакае цікавая, разнастайная, адказная работа. Самастойная! І тут ім абавязкова патрэбны падтрымка і парады старэйшых і больш вопытных калег. А вось ці надоўга затрымаюцца маладыя кадры на сваім рабочым месцы, пакажа час. Дарэчы, залежыць гэта не толькі ад заработнай платы і мікраклімату ў калектыве, але і ад умоў, якія будуць створаны ў далейшым.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.