Працуе экспартны варыянт

На мадэрнізаваным складзе гатовай прадукцыі працаваць стала лягчэй, сцвярджае грузчыца брыкетаў Людміла Майсеня

Кожны год на торфабрыкетным з’яўляецца нешта новае: укараняюцца сучасныя тэхналогіі, эфектыўнае абсталяванне, праводзіцца капітальны рамонт цэхаў і г.д. Сёлета мадэрнізаваны склад гатовай прадукцыі: устаноўлена новая сістэма падачы брыкетаў, механізаваны працэс выгрузкі бункераў, добраўпарадкавана тэрыторыя, у тым ліку і ля брыкетнага цэха. Гэтае абнаўленне на заводзе лічаць вельмі важным і значным. Па-першае, у многіх вытворчых працэсах скарацілася да мінімуму доля ручной працы, па-другое, узрасла культура вытворчасці. Асфальтаваная тэрыторыя вакол галоўнага цэха — прыемна паглядзець, а працаваць у такіх умовах — тым больш радасна. Да таго ж, правялі і планавы капітальны рамонт брыкетнага цэха.
Гэтыя станоўчыя перамены гавораць самі за сябе: стан эканомікі вытворчасці палепшыўся. Дырэктар ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» Васілій Іваноў расказвае, што трымаць марку паспяховага прадпрыемства дастаткова складана. Першае паўгоддзе прайшло са значнымі скачкамі ў эканамічных паказчыках. Напрыклад, за першы квартал года торфабрыкетчыкі атрымалі 1 мільярд 539 мільёнаў рублёў прыбытку, а за паўгода — усяго 907 мільёнаў. Прычына ў тым, што прадпрыемства да 12 ліпеня рэалізоўвала па мінулагодніх цэнах сваю прадукцыю, а кошт іншых энерганосьбітаў за гэты час значна ўзрос. Вытворчасць брыкетаў і рэалізацыя іх на ўнутраным рынку была стратнай. Аднак, дзякуючы экспартным пастаўкам, якія асабліва актывізаваліся ў першым квартале, агульная рэнтабельнасць работы прадпрыемства за паўгоддзе склала 5 працэнтаў. Экспартны варыянт супрацоўніцтва аказаўся даволі выгадным.
Сёння завод нарошчвае тэмпы вытворчасці. Дзякуючы прадуманай арганізацыі працы, нарыхтавана дастаткова торфу для вытворчасці брыкетаў. Хоць зрабіць гэта было не проста: у самым пачатку сезона з-за дажджоў была затрымана работа на паўмесяца. Прыбавілі ў чэрвені, ліпені і праблему вырашылі паспяхова. Адзінае, што сёння насцярожвае, — арганізацыя збыту прадукцыі, хоць вядома, што іменна гэтай парой звычайна збаўляюцца тэмпы закупу паліва. У гарпалівазбытах рэспублікі, з якімі заключаны кантракты на пастаўку брыкетаў, прычыну прамаруджвання набыцця паліва тлумачаць тым, што не хапае транспарту, маўляў, на ўборку ўраджаю кінуты ўсе асноўныя рэзервы тэхнікі. Крыху запавольваецца і адгрузка прадукцыі на экспарт: за тыдзень загружаюцца ўсяго 4 вагоны. Літаральна з верасня актывізуецца рэалізацыя торфабрыкету прадпрыемствам, арганізацыям, індывідуальным спажыўцам — зіма не за гарамі. Гадавую праграму па вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі на торфабрыкетным плануюць ажыццявіць паспяхова. Між іншым, працуючы над вырашэннем сённяшніх пытанняў, тут думаюць і пра перспектыву.
— Кожны год, акрамя мадэрнізацыі вытворчасці, мы павінны ствараць запасы сыравіны — фрэзернага торфу, — расказвае Васілій Іваноў. — Штогод клапоцімся пра праекты падрыхтоўкі новых палёў для здабычы торфу. Вось і сёлета адпаведная дакументацыя ўжо адпраўлена на экспертызу. Распрацоўваецца праект і на мадэрнізацыю сушыльнай устаноўкі.
Наогул, планы і задумы дырэктара шматлікія і шматгранныя. Ён марыць не толькі пра абнаўленне прадпрыемства і стварэнне самых спрыяльных умоў працы для завадчан, але і пра тое, што неўзабаве абновіцца пасёлак торфабрыкетчыкаў з усёй інфраструктурай.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *