Малочная галіна: рэканструкцыя і мадэрнізацыя

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Мінскую вобласць, дзе на прыкладах чатырох малочнатаварных фермаў у агракамбінатах «Дзяржынскі» і «Ждановічы» азнаёміўся з выкананнем даручэння па будаўніцтве і рэканструкцыі малочнатаварных фермаў у Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне правесці гэта мерапрыемства ў пашыраным фармаце і з гэтай мэтай запрасіў для ўдзелу ў размове службовых асоб, на якіх ускладзена першарадная адказнасць за выкананне пастаўленай задачы: членаў урада, памочнікаў Прэзідэнта па абласцях, губернатараў і намеснікаў старшынь аблвыканкамаў, якія курыруюць сельскую гаспадарку. Аляксандр Лукашэнка паказаў на канкрэтных прыкладах, якімі менавіта павінны быць сучасныя малочнатаварныя комплексы. На думку Прэзідэнта, сёння не ўсе адказныя асобы да канца разумеюць яго патрабаванне, а таму пастаўленая задача выконваецца не ў поўным аб’ёме.Прэзідэнт заявіў, што пастаўленая раней задача рэканструяваць або пабудаваць адзін малочнатаварны комплекс у кожнай гаспадарцы краіны да канца 2012 года застаецца нязменнай.
Так, рэканструкцыі ў 2012 годзе падлягае каля 1200 малочнатаварных фермаў.
Чакаецца, што выкананне пастаўленай задачы па МТФ дасць магчымасць ужо ў 2013 годзе павялічыць пагалоўе кароў на 78,3 тыс., а вытворчасць малака — на 250 тыс.т у год. Да 2015 года колькасць кароў павінна дасягнуць 1,6 млн. галоў, а вытворчасць малака — 10 млн.т. Як разлічваюць вытворцы, рост аб’ёмаў (перш за ўсё за кошт якасных змен у галіне) дасць магчымасць патанніць прадукцыю і больш паспяхова канкурыраваць на знешніх рынках з пастаўшчыкамі з Еўропы і Новай Зеландыі. Вынік ужо сёння ёсць: за студзень-ліпень 2012 года сельгасарганізацыямі краіны атрымана 3,7 млн.т малака, або 107 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Вытворчасць мяса, у тым ліку птушкі, склала 109,6 працэнта да ўзроўню мінулага года. Дзякуючы павелічэнню вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі ўдалося значна нарасціць яе экспартныя пастаўкі, паралельна асвойваючы і новыя рынкі. У прыватнасці, першыя буйныя партыі былі накіраваны ў Кітай, Японію, В’етнам. Гэта значыць, Беларусь паступова выходзіць на тыя рынкі, дзе традыцыйна працавала, напрыклад, Новая Зеландыя. Акрамя таго, усё больш арыентацыя ідзе на пастаўкі ўжо гатовай прадукцыі. Пры гэтым Беларусь пашырае продаж прадукцыі гандлёвым кампаніям, без пасрэднікаў. Як далажыў Прэзідэнту віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы, Беларусь да канца 2012 года выйдзе на $5 млрд. экспарту сельгаспрадукцыі.
Агледзеўшы памяшканні малочнатаварнага комплексу «Томкавічы» ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі», Аляксандр Лукашэнка рэзюмаваў, што такі комплекс з’яўляецца ўзорам і кожная гаспадарка павінна імкнуцца менавіта да такой формы ўтрымання жывёлы. «Я паставіў задачу рэфармаваць малочнатаварныя фермы ў малочнатаварныя комплексы. Адрозненне вы ведаеце: гэта захаванне поўнай тэхналогіі ўтрымання дойнага статка. Штучнае асемяненне, цэх запуску, цэх раздою, цэх вытворчасці малака, сістэма водапаення, гноевыдалення, кармленне жывёлы — усё павінна быць па тэхналогіі! Вось што я ад вас хацеў! І даручыў у кожнай гаспадарцы ўзяць любую старую ферму і рэфармаваць у малочнатаварны комплекс», — нагадаў Прэзідэнт.
У МТК «Томкавічы» ўтрымліваецца 1300 кароў, укаранёны ўсе сучасныя эфектыўныя тэхналогіі даення і ўтрымання жывёлы. Як расказаў генеральны дырэктар ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» Леанід Заяц, кошт будаўніцтва МТК «Томкавічы» склаў Br12,5 млрд. Паводле разлікаў спецыялістаў, тэрмін яго акупнасці — тры гады. У цэлым жа ў гаспадарцы за 7 месяцаў 2012 года атрыманы прыбытак у памеры Br18,9 млрд. Па выніках работы за год кожная карова дае прыбытак у $1 тыс.
«Ні адзін нафтавы, залаты і іншы аб’ект не акупляецца за тры гады, а тут — малочны дае такую акупнасць. Ну дык аўчынка вырабу варта? Ёсць сэнс ствараць такія аб’екты і ўкладваць сродкі? Ёсць», — адзначыў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да чыноўнікаў. «Пытанне ў тым, каб хутчэй ісці. Нас жыццё прымусіць. Мы заўтра будзем працаваць па правілах СГА. Вы што хочаце сказаць, што мы адгародзімся ад іх? Не. Нам давядзецца канкурыраваць, і калі мы бегчы наперад не будзем, то нам не будзе чым падстрахавацца: у нас няма ні нафты, ні прыроднага газу, ні золата. Вось тут наша золата! Тры гады акупнасць. Таму я ад вас і патрабую, каб за гэтыя тры гады мы выйшлі на такі вось узровень», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы наведаў таксама МТФ «Павялкова» агракамбіната «Дзяржынскі», МТФ «Фрунзэ» і МТФ «Плашава» агракамбіната «Ждановічы» з рознымі тэхналогіямі даення кароў: у малакаправод, у даільнай зале, а таксама з выкарыстаннем даільных робатаў.
На канкрэтных прыкладах былі разгледжаны розныя падыходы да рэканструкцыі гэтых аб’ектаў, падрабязна, па палічках, раскладзены плюсы і мінусы кожнага, дадзены вычарпальныя адказы на ўсе пытанні.
У час рабочай паездкі Прэзідэнт прыняў рашэнне назначыць Леаніда Зайца міністрам сельскай гаспадаркі і харчавання. На думку Кіраўніка дзяржавы, ён паказаў сябе на практыцы як моцны кіраўнік і яму пад сілу справіцца з сур’ёзнымі задачамі ў новай якасці.
БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *