Асілкі раёну высвятлілі адносіны
12-ы раённы турнір па армрэслінгу і гіравым спорце сабраў лепшых спартсменаў Ляхавіччыны. 80 фіналістаў ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў змагаліся за перамогу.
У гіравым спорце спаборніцтвы праходзілі па міжнародных правілах. У вагавай катэгорыі да 55 кілаграм першынстваваў Аляксей Дыдышка з Ліпскай САШ, да 65 кг – Віктар Паляшчук з Крывошынскай САШ, да 75 і звыш – вучні Ліпскай САШ Яўгеній Дыдышка і Пётр Буйкевіч.
Вельмі напружанымі былі спаборніцтвы па армрэслінгу. Барацьба на руках праводзілася да двух паражэнняў на левую і правую рукі. У гэтым відзе праграмы роўных не было спартсменам з Крывошынскай САШ. Толькі ў вагавай катэгорыі да 60 кг перамагла Наталля Салаўян з Ліпскай САШ, у астатніх відах першае месца за крывошынскімі спартсменкамі Марыяй Зубік і Кацярынай Гайшун. У юнакоў перамога была таксама на баку асілкаў з Крывошынскай САШ Вадзіма Зубіка, Паўла Бандарэнкі, Арцёма Дзянішчыка.
У камандным заліку месцы на п’едэстале размеркаваліся наступным чынам: першае — у рабят з Крывошынскай САШ, другое і трэцяе — у юных спартсменаў з Ліпскай САШ і САШ № 2 райцэнтра.
Алег ТРАЦЦЯК, член журы.