Пра «Чайку», адпачываючых, а таксама Гошу і Маргошу
Здаецца, зусім нядаўна, на пачатку чэрвеня, любімы ляхавіцкімі хлопчыкамі і дзяўчынкамі летнік «Чайка», як заўсёды гасцінны, прыбраны, падфарбаваны, добраўпарадкаваны, утульны, запамінальна і феерычна адкрыў 1-ую змену 26-га аздараўленчага сезона. 62 дні і ночы (столькі доўжыліся чатыры змены, кожная працягласцю 18 дзён) праляцелі неўпрыкмет.
Для больш чым 400 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія адпачывалі сёлета ў «Чайцы», набіраліся сіл, здароўя, станоўчых эмоцый, знайшлі новых сяброў, шмат чаму навучыліся, лагер стаў месцам, куды хочацца вяртацца зноў і зноў. Вось і сёлета толькі станоўчыя водгукі можна было пачуць ад рабят, якія адпачывалі ў «Чайцы».
Дружнай педагагічнай сям’і летніка (менавіта сям’і, бо тут, як у мушкецёраў, — адзін за ўсіх і ўсе за аднаго) можна па-добраму пазайздросціць. Педагогі школ раёна, навучэнцы і студэнты ССНУ і ВНУ ў адказе за аздараўленне і адпачынак рабят. І пастаянна, кожную змену, яны прыдумваюць нешта новае, арыгінальнае, непадобнае на папярэдняе. Дзякуючы іх задумкам, арганізатарскім здольнасцям, ініцыятыве, індывідуальнаму падыходу да кожнага выхаванца, рабяты з інтарэсам удзельнічаюць у разнастайных конкурсах, спаборніцтвах, віктарынах. А колькі вандровак за 26-ы сезон было — не пералічыць! Запомніліся экскурсійныя туры ў Нясвіж, Віцебск, Гродна, Мінск. Шмат новага пра гістарычнае і культурнае мінулае Ляхавіччыны даведаліся хлопчыкі і дзяўчынкі, падарожнічаючы па палацава-паркавых ансамблях раёна.
Выхаваўчыя і забаўляльныя мерапрыемствы, спартыўныя і інтэлектуальныя спаборніцтвы, «агеньчыкі» і дыскатэкі, «Зарніцы» і алімпійскія гульні — пералічваць мерапрыемствы можна бясконца. Акрамя бацькоў, спецыялістаў аддзела адукацыі, частыя госці ў летніку — супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, раённага аддзела ўнутраных спраў, якія не толькі правяраюць выкананне правіл тэхнікі бяспекі і ахоўваюць парадак, але і праводзяць выхаваўчыя мерапрыемствы для рабят. Кожны дзень у «Чайцы» — сапраўднае маленькае свята, дзе асноўныя героі — дзеці.
На працягу змены працуюць, змяняючы адна другую, 2 брыгады повараў. Харчаванне рабят арганізавана выдатна. За здароўем выхаванцаў пастаянна сочаць урач і медыцынская сястра, якія таксама знаходзяцца кругласутачна ў лагеры. 15 гадоў кіруе «Чайкай» вопытны адміністратар, педагог з вялікім стажам, улюбёны ў сваю справу і мілую сэрцу «Чайку», шчодрай душы чалавек Надзея Патапчык. І кожны раз для Надзеі Пятроўны балюча і шчымліва развітвацца з рабятамі, яна хвалюецца і заўсёды вельмі-вельмі стараецца, каб адпачынак праходзіў змястоўна, бяспечна, без праблем, каб бацькі былі ўпэўнены, што дзецям у лагеры ўтульна, як дома. Невыпадкова, што стаўшыя дарослымі былыя выхаванцы лагера абавязкова спытаюць пры сустрэчы: «Як там справы ў Пятроўны?».
У мінулы панядзелак «Чайка» закрывала 4-ю змену аздараўленчай кампаніі 2012 года і свой 26-ы сезон. Гэта была змена пад назвай «Вялікае касмічнае падарожжа». Рабяты з атрадаў «Альтаір», «Лятучы галандец», «Камета», «НЛА» ”пабывалі” на шматлікіх планетах, было мноства знаёмстваў, адкрыццяў, казак, рамантыкі, падарожжаў і іншага. На апошняй лінейцы гучалі цёплыя словы ў адрас рабят і педагогаў, найбольш актыўных і спартыўных узнагародзілі граматамі. І на пытанне старшага выхавальніка Людмілы Саўчык «Вы вернецеся сюды зноў?» рабяты дружна адказалі: «Так!»
Аздараўленчы лагер «Чайка» — месца цудоўнае: побач лес, рэчка, прыгожыя краявіды, свежае чыстае паветра і дзіўная атмасфера радасці і гасціннасці. І яшчэ адно красамоўнае пацвярджэнне гасціннасці гэтых мясцін — лебядзіная сям’я, якая сёлета з’явілася тут падчас 1-ай змены і стала адной з ”візітовак” лагера. За лета шасцёра маленькіх дзетак-лебедзянят выраслі ў прыгожых птушак, але па-ранейшаму за імі сочаць іх бацькі — тата Гоша і мама Маргоша, шэфства над якімі, у сваю чаргу, узяла ўсё тая ж душэўная Надзея Пятроўна. І імёны птушкам, дарэчы, дала яна ж.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.
С удовольствием вспоминаю время проведенное в чайке, а вспомнить есть что! Лично я, отдыхал в «Чайке» 10 смен. Классно было, здорово, незабываемо. Со многими из тех, с кем познакомился в лагере, общаюсь до сих пор! Особая благодарность — Потапчик Надежде Петровне!
Да, Кірыл, адпачынак у «Чайцы» застаецца ў памяці на ўсё жыццё.