Забалеў жывот…

Сёлета за 7 месяцаў у раёне  зарэгістравана 11 выпадкаў кішэчных інфекцый.

Многія назіралі карціну, калі прама на кірмашы пакупнікі, ні на хвіліну не сумняваючыся,каштуюць адрэзаны кавалачак кавуна, агурок ці іншую садавіну-агародніну, з’ядаюць толькі што куплены персік ці абрыкос. Пра якую гігіену ўспамінаць, калі пад рукой такая смаката? А дарма, хвароба брудных рук ці кішэчныя інфекцыі — тут як тут. Асабліва камфортна яны сябе адчуваюць і распаўсюджаны ў цёплае надвор’е, і пад уплывам высокіх тэмператур любыя стравы псуюцца значна хутчэй. Небяспеку ўяўляюць і прадукты харчавання, якія доўга ляжаць у халадзільніку ці проста на кухні пры пакаёвай тэмпературы. Безумоўна, нельга поўнасцю засцерагчы сябе ад харчовых непрыемнасцяў, аднак, знізіць рызыку атручванняў — у нашых сілах і магчымасцях. Галоўнае — прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены, не парушаць тэхналогію прыгатавання страў, уважліва глядзець, якія прадукты купляем, абавязкова звяртаць увагу на ўмовы і тэрміны іх захоўвання.

Як адзначыла загадчык інфекцыйнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы Аліна Курловіч, прычынай атручвання могуць стаць і любімыя многімі кансерваваныя дамашнія нарыхтоўкі: менавіта ў бескіслародным асяроддзі прывольна адчуваюць сябе ўзбуджальнікі вельмі небяспечнага батулізму. І хаця за мінулыя гады на Ляхавіччыне выпадкаў батулізму не рэгістравалася, перасцярога лішняй не будзе.
Як, дарэчы, і пры спажыванні кавуноў. Наўрад ці думала маладая ляхавічанка, якая адпачывала з чатырохгадовым сынам у Адэскай вобласці, што, паласаваўшыся там салодкай ягадай, будуць мець доўгатэрміновыя непрыемнасці са здароўем. Падхапіўшы кішэчную інфекцыю, сям’я пралячылася ў Адэскай вобласці, але гэтага аказалася недастаткова, і далейшае лячэнне праходзіла ў інфекцыйным аддзяленні Ляхавіцкай райбальніцы. Таксама кавуны сталі прычынай таго, што на бальнічны ложак трапілі ляхавічане — бацька і сын-школьнік.
— Кавуновыя атручванні працякаюць вельмі цяжка. Пры пакупцы гэтай ягады не саромейцеся папрасіць прадаўца паказаць вам сертыфікат адпаведнасці тавару санітарна-гігіенічным патрабаванням. Не купляйце кавуны на несанкцыянаваных кірмашах і ў разрэзаным выглядзе. Дома абавязкова вымыйце яго, пажадана шчоткай з мылам. Рэшткі надоўга не пакідайце пры пакаёвай тэмпературы, лепш пакладзіце ў халадзільнік, — раіць Аліна Курловіч.
Праблемы здароўю чалавека могуць прынесці і любімыя многімі грыбы. Акрамя таго, што яны ў страўніку і кішэчніку засвойваюцца горш, чым прадукты жывёльнага паходжання, да таго ж могуць стаць прычынай атручванняў са смяротным зыходам. На шчасце, як адзначыў урач-інфекцыяніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Васілій Скараход, апошнім часам на Ляхавіччыне амаль не рэгіструюцца выпадкі цяжкіх атручванняў гэтымі дарамі лесу. Але пра перасцярогу нельга забываць: ні ў якім разе не збірайце невядомыя грыбы. Памятайце і пра асноўнае правіла кулінарнай апрацоўкі грыбоў: праварваць іх трэба 2 разы на працягу 20 хвілін, а потым адвар абавязкова зліць. Кансервы з грыбоў захоўвайце на холадзе пры тэмпературы не вышэй за 6 градусаў. Час ад часу правярайце запасы. Уздуцце накрыўкі, памутненне вадкасці з’яўляюцца сігналамі трывогі. Ужываць такія кансервы нельга ні ў якім разе. Вельмі небяспечна купляць кансерваваныя грыбы хатняга прыгатавання ў выпадковых людзей, як, дарэчы, і іншыя кансервы. Увогуле, продаж свежых грыбоў дазволены на рынках, дзе магчыма правядзенне санітарна-лабараторнага аналізу.
І ўсё ж, калі атручванне вас напаткала, памятайце: чым раней пачата лячэнне, тым больш шанцаў на спрыяльны зыход.
— Пры першых сімптомах кішэчнай інфекцыі — млоснасць, болі ў жываце, ірвота, дыярэя, галаўны боль, агульная млявасць — не займайцеся самалячэннем і не спадзявайцеся на тое, што пройдзе само. Прамаруджванне ў такіх выпадках можа каштаваць не толькі доўгатэрміновага дрэннага самаадчування, але і жыцця. Таму абавязкова звярніцеся за медыцынскай дапамогай, а да гэтага піце пабольш вадкасці, — рэкамендуе Аліна Курловіч і дадае: — Будзьце вельмі ўважлівымі да свайго здароўя, бо за вышэйзгаданымі сімптомамі могуць хавацца і такія небяспечныя захворванні як востры апендыцыт і востры панкрэатыт.
Медыкі падкрэсліваюць, што трэба быць асцярожнымі і пасля таго, як хвароба, звязаная з атручваннем, адступіла. Раяць у першыя дні есці ў асноўным булёны, сухары і па-ранейшаму піць як мага больш вадкасці.
— Пасля амаль пяцігадовага перапынку нагадала пра сябе і дызентэрыя. Сёлета ў Ляхавіцкім раёне афіцыйна зарэгістраваны адзін выпадак. Яшчэ адзін жыхар Ляхавіччыны падхапіў сальманелёз. Апошнім часам больш распаўсюджанымі становяцца ротавірусныя і энтэравірусныя інфекцыі. У асноўным яны носяць характар адзінкавых выпадкаў і не рэгіструюцца ў калектывах (выключэнне — ротавірусная інфекцыя, з якой прыехалі на Ляхавіччыну юныя расійскія спартсмены на пачатку студзеня). Пастаянна праводзіцца маніторынг у школах і дзіцячых садах, а летам у аздараўленчых лагерах, падчас якога асаблівая ўвага надаецца праверцы сертыфікатаў якасці прадукцыі, умоў захоўвання і іншым пытанням, — расказвае Васілій Скараход.
Мы самі павінны паставіць надзейны заслон інфекцыям і не дазволіць ім пагоршыць наша самаадчуванне, нанесці шкоду здароўю, парушыць планы. Таму не лішнім будзе нагадаць гігіенічныя правілы — першааснову ў барацьбе з узбуджальнікамі кішэчных інфекцый. Сырая і прыгатаваная ежа павінны захоўвацца паасобку. Добра апрацоўвайце перад ядой садавіну і агародніну, не ўжывайце сырыя яйкі, сачыце за тэрмінам прыгоднасці прадуктаў. Мыйце рукі з мылам перад тым, як гатаваць ежу і адразу пасля таго, як патрымалі ў руках сырое мяса ці рыбу. Пратэрмінаваныя прадукты, дзе б яны ні знаходзіліся, адразу ж выкідвайце; мяса і рыбу ў маразільніку захоўвайце асобна ад агародніны і ягад і г.д.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *