Падлеская рапсодыя

Паглядзіце, якім прыгожым і ўтульным становіцца наш аграгарадок Падлессе, — гаворыць старшыня мясцовага сельвыканкама Анатолій Ксёнжык.
Нешта прыцягальнае сапраўды ёсць у гэтых мясцінах. Шыкоўна выглядае цэнтр аграгарадка:сельскі Дом культуры абноўлены свежымі фарбамі і відаць, што «жывы», што сюды ў вольны час наведваюцца вяскоўцы.Насупраць — адміністрацыйны будынак, дзе і сельвыканкам размясціўся, і кантора вытворчага падраздзялення СВК «Жарабковічы». Прыгожымі дамамі вяскоўцаў, жалезабетоннымі агароджамі падкрэслены лініі вуліц, якія разбягаюцца ад цэнтра. Гэтымі жнівеньскімі днямі асаблівы каларыт надаюць кветкі: гараць насычанымі фарбамі клумбы ў цэнтры аграгарадка, прыцягваюць позірк мальвы, вяргіні, ружы і мноства іншых — самых неверагодных колераў — раслін у агародчыках падляшан. Гэта спрадвечная добрая традыцыя тутэйшых жыхароў — упрыгожваць двор кветкамі.
Яркае, адметнае месца ў вёсцы — школа, будынак якой у засені дрэў выглядае дагледжаным, акуратным, а напярэдадні верасня яшчэ і ўрачыстым.

Прыцягальныя гэтыя мясціны яшчэ і тым, што тут па сённяшні дзень застаецца песеннасць, якая асабліва загучала ў свой час пры ўдзеле знакамітага Цітовіча, які праславіў Падлессе створаным тут хорам. З шэрагу іншых выдзяляецца сядзіба яго вучня і пераемніка Міхаіла Жука. Тут яшчэ жывуць славутыя хлебаробы і льнаводы, якія некалі пакарылі ВДНГ у Маскве сваімі працоўнымі дасягненнямі.
У рэшце рэшт, прыпыняю свой крок ля хаткі са светлымі аканіцамі, дзе жыў калега — журналіст Аляксей Пятух, нарысы і замалёўкі якога пра сваіх землякоў краналі, захаплялі, вучылі адданасці і любві.
У прыгожым населеным пункце зусім недарэчнымі выглядаюць «мёртвыя» будынкі, якія не эксплуатуюцца, разбураюцца. Як, напрыклад, былыя гандлёвыя кропкі, хлебапякарня і іншыя, што належаць райпо. Адразу відаць, што няма гаспадара ў пабудовы, непадалёку ад Дома культуры: хоць агароджа крыху прыкрывае беспарадак, але ён бачны і псуе выгляд цэнтральнай часткі аграгарадка.
Аднак, як тут гавораць, не ўсё адразу, дойдуць рукі і да гэтай справы.
Пасля далучэння мясцовай гаспадаркі да СВК «Жарабковічы» туды ж перамясціўся і «цэнтр кіравання» справамі сельгаскааператыва. У аграгарадку застаўся паўнапраўным гаспадаром старшыня Падлескага сельвыканкама Анатолій Ксёнжык. Да яго непасрэдных абавязкаў дабавіліся яшчэ і пэўныя гаспадарчыя клопаты пра жыхароў аграгарадка. Ідуць да старшыні вяскоўцы, калі трэба прывезці паліва, каб абмеркаваць работу гандлёвых кропак, вырашыць пытанні па здачы малака, выдзеліць участак пад пасадку бульбы, забяспечыць дамашнюю жывёлу кормам на зіму, калі раптам патухла лямпачка вулічнага асвятлення ці пасварыўся сусед з суседам…
А сітуацыі здараюцца розныя. Пражылі разам жыццё дзядуля і бабуля, ходзяць па вёсцы «пад ручку», да гэтай пары з замілаваннем глядзяць адзін на другога. Аднойчы прыйшла на прыём бабуля і ў роспачы просіць даць ёй асобную кватэру, бо больш яна жыць не хоча з чалавекам, які ёй «усё жыццё сапсаваў». Прыязджае надвячоркам старшыня да дзядулі з намерам сур’ёзна пагаварыць, а старыя сядзяць сабе на лавачцы, як галубкі…
Зіхацяць фарбы, якімі размалявалі дом Смаршчкі. Мікалай Смаршчок — вясковы стараста. Дыхтоўная агароджа, вымашчаная дарожка — адразу відаць, што тут жыве добры гаспадар. А вось і гаспадыня на парозе — дачакалася мужа з работы, з начной змены. Замітусілася Ніна Мікалаеўна ля газавай пліты, хутчэй яечню на стол, бліноў напякла, каб толькі дагадзіць Мікалаю Мікалаевічу.
Ім па 75 гадоў ужо абодвум, а настае час уборкі ўраджаю, Мікалай Мікалаевіч ідзе працаваць на зернеток і толькі на начныя змены: падмяняе маладых, дае ім магчымасць адпачыць. Для людзей гэтага пакалення хлеб — святое, як, дарэчы, і яшчэ адна справа, якой верна служыць Мікалай Мікалаевіч. Ён псаломшчык у Падлескай царкве. Сочыць за парадкам, дапамагае настаяцелю храма ў час службы. Ніна Мікалаеўна яму і тут верная памочніца: збірае ахвяраванні, запісвае кожны рубель, які паступае ў храм, — цяпер ідзе рэстаўрацыя гісторыка-культурнага помніка 18 стагоддзя, якім з’яўляецца мясцовая царква. Гэтыя пажылыя людзі не толькі шчыра веруюць у Бога, жывуць па запаведзях, яны свята берагуць легенды і паданні, звязаныя з мясцовым храмам. Адну легенду і расказаў Мікалай Смаршчок…
Было гэта гадоў 300 таму— назад, а можа і больш,— пачаў свой расказ Мікалай Мікалаевіч. — У князя Сапегі расла прыгажуня-дачка, ды вось толькі не давала спакою бацькам адна бяда: нарадзілася дзяўчына сляпой. Нічога не зробіш, так даў Бог, гаварыў князь пра сваё гора. Аднойчы зімой, якраз у мяцеліцу, ехаў ён з дачкой у санях. Ці то ваўкоў коні пачулі, ці то яшчэ што іх спалохала, але панеслі яны сані невядома куды. А наўкол мяце, свету белага не відаць. Спалохаўся князь за дзіця сваё, за сябе і стаў прасіць Божую Маці, каб утаймавалася стыхія і спыніліся коні. Зарок даў пабудаваць храм на тым месцы. Коні спыніліся ля каменя. Калі прыгледзеўся князь Сапега, то ўбачыў на ім выяву свежага следу, запоўненага вадой. Ён прамыў дачушцы твар і вочы, залепленыя снегам ад хуткай язды. І цуд! Яго дачушка стала відушчай! Раптам убачыў князь непадалёку заснежанае дрэўца грушы, на якім нібы ззяла сонца. Гэта была ікона Божай Маці.
Сваё слова Сапега стрымаў. Спачатку пабудаваў на свяшчэнным месцы часоўню, а пасля пашырыў яе, так і ўзнікла Падлеская Святадухаўская царква…

Гісторыя, па словах Мікалая Мікалаевіча, аказалася з працягам. Нібы той камень з выявай следу Божай Маці знайшоўся. Аказваецца, доўгі час ён праляжаў закапаным у зямлі пад падлогай у царкоўнай хрысцільні.
— Мы перанеслі гэты камень у храм і палажылі яго пад іконай Божай Маці Падлескай. У час царкоўнай службы многія бачаць на тым камені выявы крыжа, святых. А некаторыя, гавораць, людзі вылечыліся, датыкаючыся да гэтага каменя і просячы міласці Божай…
Так гэта ці не, але да свяшчэннага каменя хочуць дакрануцца многія. Падзеі гэтыя актывізавалі прыхаджан, якія сталі збіраць ахвяраванні і аднаўляць храм, каб не сорамна было перад людзьмі, што не збераглі святыню. Абнавілі дах, вось-вось узнімуцца новыя купалы, наколькі хапіла сродкаў — рэстаўравалі званіцу. Стараецца ўвесь прыход, дапамагаюць спонсары, у тым ліку і СВК «Жарабковічы».
Якраз перад намі завіталі ў Святадухаўскую царкву людзі з суседняй вёскі. Прыйшлі пакланіцца і папрасіць у Бога міласці…
Асабліва ў святочныя дні тут многа бывае моладзі — прыезджай і мясцовай, дзяцей. Ля царквы нас сустрэў сямікласнік Дзіма Мінкевіч, які, бы сапраўдны экскурсавод, з захапленнем расказваў пра некаторыя царкоўныя іконы. Дарэчы, у час рэканструкцыі даху будаўнікі знайшлі мноства старадаўніх царкоўных прылад, якія нам паказаў хлопец. Дзіма яшчэ дакладна не вырашыў, кім будзе — святаром ці гісторыкам. Аднак яго зацікаўленасць дарагога вартая. Ён і легенду пра свяшчэнны камень ведае з падрабязнасцямі…
Наводшыбе ад вёскі і непадалёку ад храма стаіць хатка — службовае жыллё для настаяцеля царквы. Сёння ў Падлескім прыходзе служыць айцец Максім. Ён, матушка і двое іх дзетак тут і пасяліліся. Як расказалі прыхаджане, прыгожа і вельмі задушэўна вядзе службу ў храме малады святар, а як клапоціцца пра рэстаўрацыю царквы!
— Людзі да нас пацягнуліся, бо вельмі ж урачыста праходзяць царкоўныя службы, — расказвае Ніна Смаршчок. — Пашанцавала нам на бацюшку. Таму мы і просім усім прыходам за яго: дом крыху падладзілі, а вось вады няма ні ў царкве, ні ў студні, што выкапана ля хаты на глыбіню 22 кольцаў…
Пра гэтую праблему ведаюць і ў сельвыканкаме, і ў СВК «Жарабковічы». Сапраўды, яе неабходна вырашаць, бо існуе нават пажарная небяспека для гісторыка-культурнай каштоўнасці — царквы. Падлічылі, што водаправод трэба пракладваць на адлегласць 600 метраў. СВК «Жарабковічы» не адмаўляецца выдзеліць сродкі на водаправодныя трубы.
А пакуль айцец Максім ездзіць у вёску за вадой, каб забяспечыць царкоўныя патрэбы і сямейныя.
…Нельга было прайсці міма яшчэ аднаго адметнага месца ў аграгарадку Падлессе. У цэнтры, заценены вялікімі елкамі, стаіць помнік Леніну — дагледжаны, ля падножжа растуць кветкі. Некалі мясцовая гаспадарка насіла яго імя.
Такая вось Падлеская рапсодыя.
Аліна ЛАПІЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *