У Ляхавіцкім раёне пабывалі ўдзельнікі Брэсцкай абласной ветэранскай арганізацыі
Не старэюць душой ветэраны. І не толькі душой, яны — генератары новых ідэй, ініцыятыўныя, мэтанакіраваныя, апантаныя, цікаўныя і лёгкія на пад’ём. Іх жыццёвы вопыт і веды сапраўды даражэй любога багацця. Гэта на іх, убеленых сівізной, раўняецца сённяшняе пакаленне, не перастаючы здзіўляцца нягаснучай энергіі, аптымізму, веры ў лепшае і бязмежнай любві да бліжняга. А яны не лічаць свае гады, жывуць справамі і задумамі, любяць падарожнічаць, заводзяць новыя знаёмствы.
У мінулую сераду Ляхавіччыну наведалі найбольш актыўныя члены Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў на чале са старшынёй арганізацыі Сцяпанам Амялюсікам і ўдзельніцы Брэсцкага клуба «Надзея» (узначальвае Вольга Рубанава). Візіт дэлегацыі пачаўся са свяшчэннага месца — Кургана Славы, да падножжа якога госці ўсклалі вянкі і кветкі.
Наведванне Ляхавіцкага малочнага завода выклікала сапраўднае захапленне ў гасцей. Ім спадабалася ўсё, пачынаючы ад добраўпарадкаванай тэрыторыі і да супермадэрнізацыі працэсу вытворчасці малочнай прадукцыі, а таксама ўмовы працы работнікаў, значная ўвага да пытанняў аховы працы. Як высветлілася, госці з’яўляюцца прыхільнікамі прадукцыі гэтага прадпрыемства. «Вельмі любім усё пад маркай «Ляхавічок». Смачная і карысная прадукцыя, і ў Брэсце ўсё, што выпускаецца на Ляхавіцкім малочным заводзе, разыходзіцца на ўра! Прывозьце пабольш!» — такія водгукі, згадзіцеся, лепш за ўсякую рэкламу.
— Многія з нас шмат падарожнічалі. Але сышліся мы ў адным: такую добраўпарадкаванасць і мноства кветак, як у Ляхавіцкім раёне, мала дзе ўбачыш, — адзначыла Валянціна Шыкунова, якая, дарэчы, менавіта ў Ляхавічах 22 жніўня сустрэла свой 75-гадовы юбілей. — Выдатны падарунак зрабіла сабе, прыехаўшы сюды, шчыра выказала свае пачуцці жанчына.
Праграма наведвання была разнастайнай і багатай на адрасы. З інтарэсам госці пабывалі на экскурсіі ў гарадскім Доме культуры, пазнаёміліся з работамі выхаванцаў заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь дзіцяча-юнацкай студыі выяўленчага мастацтва «Апалон», паслухалі выступленне ўдзельнікаў хору народнага клуба ветэранаў вайны і працы «Сівізна».
Пра сённяшні дзень ветэранскай арганізацыі раёна расказаў яе старшыня Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк. У напружаным рабочым графіку знайшоў час, каб сустрэцца з ветэранамі старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук. Дзмітрый Міхайлавіч шчыра вітаў гасцей, адзначыў, што іх вопыт у выхаванні моладзі бясцэнны, пажадаў і далей захоўваць энергію, добры настрой і заставацца такімі ж жыццярадаснымі, бадзёрымі і актыўнымі. Кіраўнік раёна ўручыў ветэранам падарункі.
Толькі станоўчыя эмоцыі і незабыўныя ўражанні выклікалі ў гасцей наведванне палацава-паркавага ансамбля «Флер’янова», СВК «Шлях новы», Навасёлкаўскага аздараўленчага комплексу і Свята-Троіцкай царквы ў дараўскім прыходзе.
Асаблівы гэты візіт для Святланы Ар’яевай і Ганны Хіліцкай — іх жыццёвы шлях быў пэўны час звязаны з Ляхавіччынай. Святлана Васільеўна тут нарадзілася і вучылася ў школе. А Ганна Васільеўна працавала настаўніцай хіміі ў СШ № 1, потым была сакратаром гарвыканкама. І як свяцілася яна ад шчасця, калі на сустрэчу з ёй прыйшлі, даведаўшыся аб прыездзе, былыя вучні і калегі.
Дамоў госці вярталіся з добрым настроем, кожны ў сваім сэрцы знайшоў месца для ўспамінаў аб прыгожым і гасцінным куточку Беларусі — Ляхавіччыне.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.