Са святам, людзі ў міліцэйскай форме!

Гэта ў іх – супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, патрульна-паставой службы, пазаведамаснай аховы МУС, барацьбітоў з правапарушэннямі ў эканамічнай сферы і ўсіх іншых, каго называюць вартавымі правапарадку, – працоўны дзень не абмяжоўваецца стандартнымі васьмю гадзінамі. Ды і светлавым днём увогуле: сутачныя дзяжурствы, начныя выклікі-выезды з’яўляюцца звычайным рытмам работы. Такім чынам, выраз “служба дні і ночы” не мае ніякай гіпербалічнасці. Гэта ўсё датычыць і службы Дзяржаўнай аўтамабільнай інспекцыі, асноўная задача якой, калі ўвогуле, заключаецца ў захаванні бяспекі на дарогах, вуліцах, праездах-пераездах, дварах… Нашай з вамі бяспекі: калі не аўтамабілістамі, то пасажырамі і, канешне ж, пешаходамі з’яўляемся абсалютна ўсе.
У межах нашага раёна вызначаная задача ўскладзена на аддзяленне ДАІ Ляхавіцкага РАУС, якое на працягу двух апошніх гадоў узначальвае Юрый Малевіч, вопытны спецыяліст, які за амаль два дзесяткі гадоў “даішнага” стажу прайшоў ці не ўсе прыступкі службовай кар’еры. Усяго ж аддзяленне ДАІ складаюць сямёра супрацоўнікаў: розных тэрмінаў выслугі, розных, аднак, выключна афіцэрскіх званняў, кожны, што называецца, пры сваёй пасадзе. Зона адказнасці АДАІ распаўсюджваецца на больш як 4 сотні дарожных кіламетраў раёна, у тым ліку (гэта штосьці каля 100 кіламетраў) на 4 дарогі рэспубліканскага значэння з адпаведнай транспартнай інтэнсіўнасцю. Сказанае, аднак, не азначае, што дарогам мясцовага значэння ўдзяляецца менш увагі. Тут, хутчэй, парытэт і аднолькавая адказнасць.
Ужо сёлета АДАІ раёна выявіла 1357 выпадкаў парушэння правілаў дарожнага руху. Для 35 чалавек, што дазволілі сабе сесці за руль у нецвярозым стане, на бліжэйшыя некалькі гадоў тая паездка стала апошняй. Калі гаварыць пра аўтамабілістаў, то найбольш распаўсюджаным парушэннем ПДР стала невыкананне скорасных рэжымаў: 299 выпадкаў з агульнай колькасці. Лідэрамі ж дарожнай непаслухмянасці з’яўляюцца пешаходы, якія 437 разоў з пачатку года “канфліктавалі” з ПДР: у цёмны час сутак не карысталіся святлоадбівальнымі прыстасаваннямі, пераходзілі дарогу ў непрызначаных для таго месцах і іншыя “цяжкасці пераходу”. Не зусім святочна, скажаце, але ж з песні слова не выкінеш. Ды дзяржаўтаінспектарам няма часу святкаваць: яны на службе.
Са святам, людзі ў міліцэйскай форме.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *