Праваахоўныя будні “Аховы”
Бяспека грамадзян, захаванасць маёмасці розных форм уласнасці – кароткі, але такі важкі пералік абавязкаў людзей, што заўсёды на пасту, назва якога – пазаведамасная ахова. Ад іх прафесіяналізму залежыць і днём, і ноччу спакой грамадзян, упэўненасць, што ніхто і нішто не пагражае захаванасці іх дамоў, кватэр, аўтамабіляў. На шляху “несуноў”, зладзеяў стануць людзі ў форме.
Афіцэры, прапаршчыкі і служачыя, якія годна нясуць службу ў Ляхавіцкім аддзяленні дэпартамента аховы МУС, у любы час сутак на варце. Тут у асноўным працуюць людзі, якія маюць жыццёвы і прафесійны вопыт, валодаюць асновамі адміністрацыйнага і крымінальнага права, прафесійнай этыкі, агнявой падрыхтоўкі і самаабароны. Дысцыпліна, вытрымка, хуткая рэакцыя ў самых непрадказальных сі- туацыях вызначаюць маіх калег.
Работа ў “Ахове” мае сваю спецыфіку. Калі група затрымання выязджае на аб’ект, дзе спрацавала сігналізацыя, усе міліцыянеры знаходзяцца ў поўнай гатоўнасці: у касках, бронекамізэльках, са зброяй у руках. І побач заўсёды чацвераногія памочнікі – аўчаркі.
З пачатку года пад надзейным вокам “Аховы” знаходзіцца 292 аб’екты рознай формы ўласнасці. Аб’екты абсталяваны ахоўнай сігналізацыяй. За студзень-люты 2010 года супрацоўнікамі аддзялення складзена 14 пратаколаў за дробны крадзёж. Нашы міліцыянеры прафесійна спынілі “несуноў” з ПУП “Ляхавіцкі кааппрам”, магазінаў, ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, сталовай Тальмінавіцкай сярэдняй школы. Увогуле, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 96 грамадзян, з якіх 14 – за дробнае хуліганства, 19 – за з’яўленне ў нецвярозым стане ў грамадскіх месцах. Не да святаў было “Ахове” 23 лютага, калі патэлефанаваў ляхавічанін і паведаміў, што група маладых людзей у чарговы раз разбурае агароджу па вуліцы Дзесюкевіча. Група затрымання хутка выехала на выклік і з дапамогай сабакі Ерана парушальнікі (3 навучэнцы Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа) былі затрыманы.
У аддзяленні бездакорна нясуць службу старшы інспектар-міліцыянер ваенізаванай і вартавой аховы Аляксандр Хітрык, інспектар тэхнічнай службы Дзмітрый Волчак, камандзір аддзялення Валерый Пракап’юк, міліцыянер-вадзіцель Валерый Зуйкевіч, міліцыянеры Дзмітрый Шпак і Сяргей Піліпчык, міліцыянеры-кінолагі Сяргей Коршун і Андрэй Анікей з памочнікамі Рэйнам і Еранам. Выпадковых людзей у калектыве няма. Кожнаму можна даверыць самы адказны ўчастак і быць упэўненым: ён пад надзейнай аховай і абаронай.
Шчыра віншую сваіх калег, шаноўных ветэранаў, супрацоўнікаў РАУС з прафесійным святам. Жадаю ўсім здароўя, упэўненасці, новых працоўных здабыткаў, натхнення.
Міхаіл ПРЫГУНОЎ, начальнік Ляхавіцкага аддзялення дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь.