Жыве ў Кавалях Ніна Іванаўна Люкіш
Духмянасцю спелых яблыкаў і ледзь чутнай гаркаватасцю аксамітак напоўнена паветра. Бяру з яблычнай горкі налітае сокам ананаснае — яно цёплае ад сонца. Стары сад, цагляны домік з прыветнымі вокнамі і гасцінная гаспадыня з добрым-добрым тварам, якая частуе: ешце, калі ласка, смачней не бывае. Будзь магчымасць, здаецца засталася б наколькі часу ў гэтай казцы, якая напомніла дзяцінства. Светлы чалавек Ніна Іванаўна Люкіш жыве ў Кавалях. Побач з домам — яе школа, дакладней, будынак былой школы, а цяпер тут месціцца магазін. Ніна Іванаўна ў ёй дырэктарствавала, настаўнічала, а спачатку будавала. І яна, і аднавяскоўцы, і дзеткі дзеля сваёй жаданай абноўкі папрацавалі нямала. Старая школа была за паўтара кіламетра ад вёскі — за рэчкай. А новая — побач, ды якая! Для пяцідзесяці хлопчыкаў і дзяўчынак, для настаўнікаў, для дырэктара, для ўсёй вёскі Кавалі наваселле было доўгачаканым і шыкоўным.
Педагагічны стаж Ніны Іванаўны больш як тры дзясяткі гадоў і пераважна мае кавалёўскі адрас. Але давялося папрацаваць і ў Пранчакоўскай, Рагачоўскай школах, нават у гімназіі. Для колькіх дзетак стала першай настаўніцай — не палічыш ужо, але дакладна, што не адну сотню гарэз і ў прамым, і ў пераносным сэнсе вывела з пачаткоўцаў у пяцікласнікі. Сёння яе былыя вучні — людзі сталыя, дзядулямі-бабулямі многія сталі, а Ніну Іванаўну сустрэнуць — як калісьці да настаўніцы — з павагай, любоўю, пашанай. І пра здароўе пацікавяцца, і сваім асабістым падзеляцца, і падзякуюць шчырымі словамі. Сапраўды, былых педагогаў не бывае, педагог — назаўсёды. Тым больш, калі і ў сэрцы, і ў вачах, і ў словах, і ў справах — дабрыня непадробная і мудрасць жыццёвая.
Блытаецца ветрык у галінах старых дрэў, раз-пораз падаюць у траву яблыкі, гудуць пчолы-восы, падсыхае выкапаная бульба. Ураджайная пара. Ніна Іванаўна ўспамінае маладосць, сталенне, нараджэнне дзяцей. Слязінкай у вачах блішчыць перажытае: многіх родных і дарагіх людзей, якім жыць бы ды жыць, ужо няма. Лёс не песціў-не лашчыў. Але ж, дзякаваць Богу, ёсць кім даражыць і каго чакаць. Вось яно, яе галоўнае багацце — сын Мікалай і ўнук Ілья з Санкт-Пецярбурга прыехалі. Ёсць і ўнучка Маша, там жа ў аспірантуры вучыцца.
А месца сустрэчы змяніць нельга: Кавалі, домік вокнамі ў сад. Гэты дом калісьці паставіў дзед Мікалая. Як аказалася, на доўгае жыццё. Аблажылі цэглай, падфарбоўваюць, даглядаюць, і служыць ён гаспадыні верай і праўдай. Сын прыязджае часта, неаднойчы на год, каб пабыць на бацькаўшчыне, пабачыць матулю, дапамагчы ёй і проста падыхаць паветрам маленькай радзімы. Яно тут чыстае і гаючае, упэўнены Мікалай. А гэты прыезд асаблівы: у мамы юбілей.
Ніна Іванаўна нарадзілася ў апошні дзень лета. На гэты раз 31 жніўня для яе было васьмідзясятым. Маленькі домік і яго гаспадыня радаваліся гасцям. Абяцала прыехаць любімая пляменніца з дачкой, іншыя родныя і блізкія людзі, якім Ніна Іванаўна заўсёды рада. Прыцягальная дабрыня і шчырасць, прыцягальнае сапраўднае. А па гэтым адрасе штучнасць не заўважана.
…Літаральна насупраць сядзібы чыгуначная станцыя Кавалі. Можна не глядзець на гадзіннік, а дакладна вызначаць час па цягніках, якія спыняюцца тут. Усё, як і шмат гадоў таму, як у маладосці. Толькі ўжо заверасніла, шчодра і прыгожа. Няхай жыццёвае надвор’е падорыць сонечныя дні мілай жанчыне Ніне Іванаўне Люкіш. Восень — прыгожая пара.
Вольга БАРАДЗІНА.