Вінаватыя
У раёне 51 дзіця знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Нягледзячы на вялікую работу, што праводзіцца шматлікімі зацікаўленымі службамі, неўладкаваных сем’яў і нядбайных бацькоў, на жаль, не становіцца менш.
Работу з такімі «ячэйкамі грамадства» і гора-бацькамі рэгламентуе Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006г. № 18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях». І ён мае на мэце не адабранне дзяцей , а аднаўленне сям’і. Для апошняга робіцца ўсё магчымае — працаўладкоўваюцца бацькі, прыводзіцца ў належны стан жыллё, афармляюцца дакументы , рэгістрацыя па месцы жыхарства, праводзіцца неабходнае лячэнне.За 7 месяцаў гэтага года пастановай камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама адабрана 2 дзіцяці. Але 5 хлопчыкаў і дзяўчынак вярнуліся на выхаванне ў свае біялагічныя сем’і, 2 маці адноўлены ў бацькоўскіх правах. А вось 5 бацькоў страцілі сваё права на такі статус у дачыненні да 6 дзяцей.
Па-ранейшаму, у неўладкаванасці сем’яў адну з галоўных роляў «іграе» алкаголь. На ўліку ва ўрача-нарколага райбальніцы знаходзіцца 151 жыхар раёна. Гэтыя людзі «выхоўваюць» непаўналетніх дзяцей.
У параўнанні з мінулым і пазамінулым годам лічба, дарэчы, вырасла.Трывожна…
У такіх сем’ях дзеці для бацькоў становяцца абузай. Літаральна некалькі рэальных гісторый, расказаных загадчыцай сектара аховы дзяцінства аддзела адукацыі райвыканкама Святланай Галееўскай.
Валянціна К. душы не чула ў дачцы . Але была схільная да злоўжывання спіртным. А калі стала жыць з мужчынам , які таксама любіў «прыкласціся» да чаркі, дзіця магла забыць у садку. У кватэры за камунальныя даўгі адключылі ваду. Добра, што жыллё знаходзілася на першым паверсе, сталі прыстасоўвацца. Сваякі махнулі на жанчыну рукой : пастаянна выпівае, не кантралюе сябе. Дзіця прыйшлося забраць у замяшчальную сям’ю. Зараз маці з дачкой сустракаюцца. І ў жанчыны яшчэ ёсць шанц аднавіць свае бацькоўскія правы.
Гісторыя Ірыны Р. — наглядны прыклад , як з-за згубнай звычкі можна страціць сям’ю. Жанчына —маці чатырох дачок. Калі памёр муж, Ірына нібы забылася пра сваіх дзяцей: напівалася, зачынялася ў хаце. Малодшая дачка заставалася проста на вуліцы. Гарэлка перамагла мацярынскі інстынкт. У адносінах да малодшай дачкі жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў, апеку над дзяўчынкай узяла 24-гадовая сястра.
Такіх прыкладаў Святлана Галееўская прыгадвае вельмі многа. Іх аб’ядноўвае адна з галоўных прычын паламанага лёсу дзяцей — злоўжыванне бацькамі спіртных напіткаў. Хаця ў практыцы Святланы Галееўскай ёсць і іншыя прыклады. Ганна Х. запівала, «уладкоўвала» асабістае жыццё, на выхаванне дачкі часу не знаходзілася. Дзіця адабралі. Гэта падштурхнула жанчыну да кардынальных змен у жыцці: пралячылася, узяла сябе ў рукі, зрабіла рамонт у кватэры. Працуе, дарэчы, па месцы работы яе характарызуюць як кваліфікаванага работніка. Дачка вярнулася дадому.
Ірына П. па-за шлюбам нарадзіла 2 дзяцей. Сужыцель любіў выпіць і схіліў яе да чаркі. Калі спецыялісты аддзела адукацыі вырашылі праверыць становішча дзяцей у гэтай сям’і, то жахнуліся: рой мух, дзеці не апранутыя, усе пад адной коўдрай. Карціну дапаўняў п’яны сужыцель. Калі з малымі пачалі гаварыць, высветлілася, што ў хаце была «адна талерачка, адзін відэлец, адна лыжачка», якія дзяўчынка трох гадоў умела ўжо мыць.
Дзяцей адвезлі ў бальніцу, а жанчыну паставілі перад фактам: так працягвацца не можа. Яна змагла зразумець. Падтрымалі родныя, дапамаглі зняць кватэру. Дзяўчынкі сталі хадзіць у садзік. Жыццё наладзілася. Добра, што маці ў час адумалася і вызначыла месца дзяцей у сваім жыцці.
Па стане на 1 жніўня ў раёне пражывае 97 абавязаных асоб. З іх 9 чалавек (5 жанчын і 4 мужчыны) за прагулы і правапарушэнні ізаляваны ў ЛПП, 3 знаходзяцца ў вышуку, 6 адбываюць пакаранне ў папраўчых установах.
За 7 месяцаў бягучага года у судзе Ляхавіцкага раёна разгледжана 7 спраў аб спагнанні сродкаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні (за гэты ж перыяд летась — 2), 6 спраў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, і адна — аб аднаўленні ў іх. Не сакрэт, што абавязаныя асобы часцей за ўсё — галаўны боль і для наймальнікаў. Калі абавязаная асоба здзяйсняе больш за 3 прагулы на працягу месяца, яе ставяць на ўлік у міліцыю, за 10 і больш прагулаў на працягу 3 месяцаў узбуджаецца крымінальная справа. З пачатку года судом разгледжаны 4 справы ў адносінах да асоб, якія ўхіляюцца ад кампенсацыі расходаў. 80 грамадзянам абмежавана права на выезд з краіны. Многія даўжнікі знаходзяцца ў папраўчых установах, і сумы, якія спаганяюцца з іх, — нязначныя. Па словах Дзмітрыя Курловіча, судовага выканаўцы суда Ляхавіцкага раёна, такія абавязаныя асобы вінаватыя дзяржаве 95,5 мільёна рублёў, з іх спагнана крыху больш як 19 мільёнаў. Тыя, хто адбывае пакаранне ў ЛПП, павінны 69,5 мільёна, спагнана 34 мільёны .
Наогул, на 1 жніўня запазычанасць абавязаных асоб перад дзяржавай склала 1млрд. 160 мільёнаў рублёў, пры гэтым спагнана ўсяго толькі каля паловы — 559 мільёнаў.
За 8 месяцаў бягучага года спагнанне на карысць аддзела адукацыі склала 43,2 працэнта пры абласным паказчыку 50,1. Сярод прычын недастатковага спагнання, Святлана Галееўская адзначае розныя, у тым ліку нізкую заработную плату, вялікую колькасць выканаўчых дакументаў, нядобрасумленныя адносіны абавязаных да работы. Напрыклад, заработная плата абавязанай асобы з СВК «Ліпнянка» за май — чэрвень склала каля 400 тысяч рублёў у месяц без прагулаў, а ў СВК «Жарабковічы» за гэты ж перыяд з 13 прагуламі каля 170 тысяч …
Наогул, па інфармацыі цэнтра занятасці, за 6 месяцаў 2012 года абавязанымі асобамі прапушчана 657 працоўных дзён (летась — 1022). 148 прагулаў — на рахунку 7 абавязаных грамадзян, працаўладкаваных у СВК «Востраў-Агра». 113 разоў не выйшлі на свае працоўныя месцы 11 абавязаных асоб з СВК «Жарабковічы». 10 працаўнікоў з СВК «Кастрычнік » прапусцілі 65 працадзён.
За першае паўгоддзе з’явіліся самастойна ці былі дастаўлены супрацоўнікамі РАУС у службу занятасці 8 абавязаных асоб, якія былі працаўладкаваны на пастаянную работу на прадпрыемствы Ляхавіцкага раёна.
Як расказаў Леанід Варвашэвіч, намеснік старшыні СВК «Жарабковічы», у гаспадарцы з абавязанымі асобамі пастаянна праводзіцца прафілактычная работа. Для таго, каб яна была эфектыўнай узаемадзейнічаюць з сельсаветам, з участковым інспектарам, наведваюць на даму.
— У КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» працуюць 4 абавязаныя асобы, — расказвае дырэктар прадпрыемства Аляксандр Мядзвецкі. — Яны задзейнічаны на добраўпарадкаванні райцэнтра. Гэтыя людзі пастаянна знаходзяцца на кантролі. Раніцай у дыспетчарскай адзначаюцца ў спецыяльным журнале. Звяртаецца ўвага на знешні выгляд, стан рабочага абсталявання. Іх яўку на працу на ўчасткі кантралюе майстар. Здараюцца і прагулы. Але ў кожнай абавязанай асобы ёсць магчымасць іх адпрацаваць у выхадныя дні. З 42 прагулаў на 1 ліпеня 2012 года, зробленых работнікамі камунгаса, адпрацавана 20. 12 прагулаў мае жанчына, якая пайшла ў сацыяльны водпуск па доглядзе за дзіцем. Я хачу падкрэсліць, гэта не страчаныя для грамадства, а нармальныя людзі, у якіх у жыцці нешта не склалася, у час іх не падтрымалі. Размаўляем з імі, тлумачым, дапамагаем. Галоўнае, што яны адчуваюць да сябе пастаянную ўвагу. І гэта ў нейкай ступені іх дысцыплінуе. Калі не спраўляемся — прыцягваем на дапамогу ўчастковага інспектара Сяргея Ісаханава. Дарэчы, ён заўсёды гатовы дапамагчы, — гаворыць дырэктар камунгаса.
Што б там ні гаварылі адказныя службовыя асобы пра высокія заробкі, якіх не хапае абавязаным на пагашэнне запазычанасці, справа, усё ж, не толькі ў гэтым..
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Классная заставка. Подлинно соответствует теме. Молодцы!