У аўтацэнтры «Вікторыя», які знаходзіцца ў Ляхавічах, сышоў з канвеера «65МА10»
— Гэта сапраўды гістарычная падзея не толькі для «Вікторыі», але і для Ляхавіччыны ўвогуле. Цяпер і наш раён мае непасрэднае дачыненне да аўтамабілебудаўнічай галіны, — падкрэсліў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Дзяжурны, пераразаючы чырвоную стужку і ад-праўляючы ў «свабоднае плаванне» новенькі, толькі сышоўшы з канвеера «МАЗ».
Ніякага перабольшвання: работнікі аўтацэнтра навучыліся… збіраць аўтамабілі.
— Аўтамабіль, сабраны на аснове аўташасі «МАЗа», прайшоў усе неабходныя працэдуры адпаведнасці і атрымаў сертыфікат адабрэння транспартнага сродку, — з гонарам гаворыць дырэктар аўтацэнтра Віктар Шчука і дадае: — Пра аўтамабіль «65МА10» (літары «М» і «А» — першыя літары імён сыноў Віктара Іванавіча Міхаіла і Андрэя, якія з’яўляюцца прадаўжальнікамі аўтамабільнай дынастыі Шчукаў) цяпер з поўным правам можна сцвярджаць: ён зроблены ў Ляхавічах, прычым, напярэдадні юбілею горада.
— Супрацоўніцтва Мінскага аўтазавода і невялікай станцыі тэхнічнага абслугоўвання «Вікторыі» пачалося ў 2004 годзе. Хто думаў, што праз гады на магутнай машыне ўбачым шыльду «Зроблена ў аўтацэнтры «Вікторыя».
— Пашыраецца вытворчасць, значыць, ствараюцца новыя працоўныя месцы, у тым ліку і для Мінскага аўтамабільнага завода, з якім супрацоўнічае «Вікторыя», — адзначыў намеснік дырэктара па гарантыйным абслугоўванні сэрвіснага цэнтра «МАЗ» Ігар Бугаркоў. Ён разам з начальнікам аддзела тэхнічнага сэрвісу Віктарам Гусаковым пажадаў поспехаў у выпуску новых спецыялізаваных машын і выказаў спадзяванне на далейшае супрацоўніцтва.
Прыватнае сэрвіснае ўнітарнае прадпрыемства «Аўтацэнтр «Вікторыя» упэўнена заняло сваю нішу на рынку аўтасэрвісных паслуг. А пачыналася ўсё ў 2004 годзе, калі Віктар Шчука стварыў прыватнае прадпрыемства. Яно адно з першых на Брэстчыне атрымала сертыфікат адпаведнасці на права правядзення гарантыйнага абслугоўвання і рамонту ўсіх мадэляў аўтатэхнікі, што выпускаецца Мінскім аўтамабільным заводам, і з’яўляецца афіцыйным дылерам Мінскага і Яраслаўскага маторных заводаў. Аўтацэнтр мае акрэдытацыю на правядзенне па новай методыцы дзяржтэхагляду транспартных сродкаў усіх катэгорый. За 8 гадоў існавання праведзена дыягностыка тэхнічнага стану з выдачай заключэння аб прыгоднасці да эксплуатацыі 36 тысяч легкавушак і грузавікоў з розных раёнаў краіны.
З 2009 года аўтацэнтр «Вікторыя» ўключаны ў рэспубліканскую праграму аснашчэння аўтамабілямі «МАЗ» сельгаспрадпрыемстваў Брэсцкай вобласці. Мінскі аўтамабільны завод пастаўляе аўтамабілі і прычэпы на СТА «Вікторыя», дзе тэхніка праходзіць перадпродажную падрыхтоўку і тэхнічнае абслугоўванне. І ўжо адсюль накіроўваецца на прадпрыемствы АПК вобласці з гарантыйным двухгадовым тэрмінам рамонту ў аўтацэнтры.
Фірма вытрымала выпрабаванне часам і канкурэнцыяй. І, у многім, дзякуючы прадбачлівасці, кампетэнтнасці і ініцыятыўнасці дырэктара Віктара Шчукі. Ён сабраў калектыў прафесіяналаў. Вынік агульнай зацікаўленай працы — перамогі ў разнастайных конкурсах. Апошняя вікторыя «Вікторыі» — у прэстыжным абласным конкурсе «Лепшы прадпрымальнік 2011 года Брэсцкай вобласці».
… Першая аўтамабільная ластаўка раёна ўсяго на некалькі дзясяткаў хвілін пасля пераразання чырвонай стужкі затрымалася ў «Вікторыі». Віктар Шчука пад апладысменты прысутных перадаў ключы ад аўтамабіля дырэктару аграфірмы «Дзявяткі» Кобрынскага раёна: куплена!
— Спадзяёмся, што гэта толькі пачатак. Мы ўжо атрымалі заказы на 3 адзінкі тэхнікі з агракамбіната «Сноў», — падзяліўся Віктар Шчука.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Здорово!