Чыстасардэчнае прызнанне юных удзельнікаў творчага конкурсу «Мой горад-Ляхавічы»
У кожнага шчаслівага чалавека ёсць свой любімы горад.
Я люблю горад Ляхавічы. Хутка ў яго — свята, а, значыць, і ў мяне. Тут я нарадзілася, вучуся, маю сяброў. З маім горадам у мяне звязана шмат успамінаў, бо ведаю я яго ўжо трынаццаць гадоў і люблю яго нават за тое, што ён ёсць і што менавіта такі, не падобны ні на які іншы ў свеце.
У нашым горадзе ёсць дзве бібліятэкі, кінатэатр. Пасля рамонту нядаўна пачаў сваю работу Дом культуры. Кожны мае магчымасць правесці вольны час так, як яму падабаецца. Можна знайсці сабе занятак і ў цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе працуюць розныя гурткі. А яшчэ падстава для гонару — далёка за межамі раёна і вобласці вядома прадукцыя ляхавіцкіх заводаў.
Цудоўны наш горад асабліва ў святы, калі ўпрыгожаны флагамі, ілюмінацыяй, яркімі транспарантамі, а на галоўнай плошчы ладзяцца канцэрты.
Доўга можна расказваць пра мой горад. Але для таго, каб палюбіць яго па-сапраўднаму, трэба вырасці і жыць у ім. Мне хочацца, каб Ляхавічы з часам ператварыліся ў самы чысты і зялёны горад Беларусі.
Анастасія ПЛАТОНАВА, 8 клас, СШ № 2.
Ляхавічы… Якое мілагучча! Здаецца, звычайнае, але гэта не важна. Галоўнае адно — гэта мой горад. Калі б я жыла ў іншым месцы і прыехала сюды, улюбілася б у Ляхавічы з першага погляду. Варта мне паехаць на тыдзень са свайго гарадка, становіцца нейк не па сабе. Здаецца, нечага не хапае, і я пачынаю сумаваць.
Ляхавічане — гэта вялікая сям’я. Тут кожны ведае адзін аднаго, любіць, паважае, цэніць. Варта толькі папрасіць чалавека аб дапамозе, ён тут жа акажа яе табе.
Ляцяць дзень за днём, год за годам, мяняецца горад, расце, прыгажэе. І ў гэтым яму дапамагаюць ляхавічане.
Мне хопіць некалькіх слоў, каб сказаць самае галоўнае: я люблю вас, Ляхавічы! Я люблю вас, землякі!
Кацярына ДУБОЎСКАЯ, 9 клас, СШ № 2.
Я ганаруся тым, што нарадзіўся і жыву на зямлі, якая падаравала свету Міхаіла Пташука, кінарэжысёра сусветнага маштабу. Просты сялянскі хлопец, які нарадзіўся ў суровы ваенны час, выхоўваўся без бацькі, стаў знакамітым. Яго прыняла не толькі Масква, ён здымаў свае фільмы ў Галівудзе. Як успамінаў сам рэжысёр «…я вырас сярод слёз. Вочы бачылі толькі слёзы, а вушы чулі толькі плач». Нікога не пакінуць абыякавым карціны «Час выбраў нас», «Вазьму твой боль», «Чорны замак Альшанскі», «Знак бяды», «У жніўні 44-га…»
Яго творы засталіся на зямлі, а ён пайшоў у сваё неба… Каб і там запалілася яго зорка, яркая, светлая. На памяць прыходзяць радкі Р. Баравіковай, якая асабіста ведала Пташука:
А ён, нібыта так і трэба,
Глядзіць тужліва з-пад рукі,
З сабой узяўшы толькі неба
Палескай вёскі Федзюкі.
Сёння імем М. Пташука названа вуліца ў райцэнтры.
Яўгеній МІШКЕВІЧ, 10 клас, Конькаўская СШ.
Спяшаюся ў гімназію і вітаю мой горад: «Добры дзень, юбіляр!»
Заўтра, на прапанову класнага кіраўніка паехаць на экскурсію ў цырк або на атракцыёны, скажу пра падарожжа па нашым прыгожым райцэнтры. Няхай ва ўсіх маіх аднакласнікаў ад здзіўлення перахопіць дыханне!
Антон ПАЛЬЧЫК, 6 клас, гімназія.
Багаты мой горад на таленавітых землякоў. Кожны чалавек на працягу жыцця выпрацоўвае для сябе правілы, якіх прытрымліваецца ў далейшым. Сувязь з роднай зямлёй, са сваім народам была і ёсць самым надзейным прынцыпам Генрыха Траццяка. Генрых Міхайлавіч за доўгія гады сваёй сумленнай працы ўмеў знайсці падыход да кожнага чалавека, добра ведаў сваю справу, быў на «ты» з тэхнікай… Нязломнасць духу, уменне ў любых умовах заставацца чалавекам — прыклад вялікага майстра, Героя Сацыялістычнай Працы для іншых.
Кірыл ІВАНОВІЧ, 7 клас, гімназія.
Восень сёлета ў Ляхавічы прыйшла раптоўна. Ранішняя прахалода так і кліча прагуляцца па райцэнтры. Дзіўна назіраць, як твой горад прачынаецца. Сонны, але такі сонечны і ўтульны, ён вабіць сваёй загадкавасцю.
У парку пажаўцелі каштаны, ды і клён просіцца скінуць з сябе лісце. Адзінокі дзьмухавец ад суму схіліў сваю сівую галаву…
Ляхавічы — гэта менавіта той горад, дзе, незалежна ад узросту, чалавеку хочацца жыць, працаваць, марыць!
Дар’я ПІШЧ, 10 клас, СШ № 2.
Я люблю свой горад у любую пару, асабліва летам. Прыемна бавіць час на рацэ Ведзьма: бывала, сяджу на беразе і ўяўляю тую ведзьмачку з зялёнымі вачыма і рыжымі валасамі, якая зачаравала княжага сына, і княгіню, што загубіла красуню.
Аксана КАНАПЕЛЬЧАНКА, 7 клас, гімназія.
З кожным годам наш горад становіцца чысцейшым і прыгажэйшым. Сёння гэта квітнеючы раённы цэнтр. Рэканструяваны ГДК, будынак райвыканкама, пабудаваны цэлыя мікрараёны, прыгожыя вуліцы, двары… Шмат гадоў мае землякі з інтарэсам выпісваюць сваю газету «Ляхавіцкі веснік».
Але… Усё толькі пачынаецца! Бо Ляхавічы — гэта горад з захапляючай гісторыяй і ўнікальнай будучыняй.
Юлія МАСЛОЎСКАЯ, 8 клас, СШ № 2.
У Ляхавіч дзень нараджэння — 520 гадоў. А мне ўсяго 8. Мой узрост такая дробязь у параўнанні з узростам майго любімага імянінніка. Але і за гэты маленькі перыяд часу, які я жыву ў райцэнтры, бачу, як ён мяняецца, сталее і… расце разам са мной.
Прырода ўпрыгожыла Ляхавічы рознакаляровымі фарбамі. Сама каралева Восень разаслала дыван з рознакаляровага лісця. Дрэвы да юбілею вышылі свае зялёныя ўборы ліловымі, барвовымі і залатымі ніткамі. Растуць, як грыбы пасля дажджу, новыя дамы, мільгаюць разнастайнасцю кветкавых кампазіцый вуліцы. Мноства людзей унесла свой уклад у святкаванне юбілею. І я, маленькая жыхарка слаўнага мястэчка, прысвячаю акраверш уласнага сачынення яму — гораду Ляхавічы.
Люблю город свой,
Я не буду скрывать.
Хорошо мне душой
Очень здест отдыхать.
Всё родное вокруг:
И река, и поля.
Чуткий мир у него
И большая душа.
Ксенія ГРАБЛЮК, 4 клас, СШ № 1.
Я вельмі люблю сваю Радзіму — сваю Беларусь і свой гарадок Ляхавічы…
Калі хтосьці расказвае пра далёкія краіны, мне хочацца спытаць: а што ён ведае пра свой край? Ці цікавіўся гісторыяй сваёй вёскі, горада, раёна? Ці памятае свае вытокі? Адказы на гэтыя пытанні — важны экзамен для ўсіх нашчадкаў…
Мой горад — самае лепшае месца ў свеце. Зірні ўверх — высокае-высокае неба. Лёгкімі пушынкамі плывуць у ім аблокі. Так праплываюць над ім гады, стагоддзі. Так плыве над горадам час.
Мілана ЖУЧЭНЯ, 9 клас, СШ № 2.
Цікавы эпізод з гісторыі Ляхавіч расказала мая бабуля — пра 17 верасня 1939. Хлебам-соллю сустракалі гараджане салдат Чырвонай Арміі. «З кветкамі ў руках разам з сяброўкамі беглі насустрач вызваліцелям. Усюды адчуваўся подых новага свабоднага жыцця», — успамінала бабуля. Праз некалькі тыдняў у Ляхавічах адкрылі беларускамоўную школу, у якой толькі пятых класаў было 11…
Ішоў час. Горад жыў сваім мірным жыццём. Але ўсё парушыла вайна. У чэрвені 1941 года Ляхавічы акупавалі фашысты. Цяжкімі былі гады няволі. І вось яно доўгачаканае імгненне: 6 ліпеня 1944 года савецкія войскі пасля цяжкіх баёў вызвалілі наш горад! У Ляхавічах свята ўшаноўваюць памяць пра вызваліцеляў. Многія вуліцы носяць іх імёны: Дзесюкевіча, Южакова, Арлоўскага. Я ганаруся, што жыву на вуліцы Южакова — героя, які аддаў жыццё, абараняючы наш горад. Мне за гонар чуць, чытаць пра свае Ляхавічы, пра землякоў, іх дасягненні.
Кірыл СТОЛЯР, 7 клас, СШ № 2.
На прасторы адной з дзяржаў Еўропы каля невялі-кай рачулкі раскінулася прыгожае мястэчка, акружанае лясамі і лугамі, падобнае на сотню іншых. Аднойчы кароль падарыў яго магнату, які пабудаваў тут непрыступны замак. Гэта расповед пра нашы Ляхавічы. Ход гісторыі не спыніць. Сёння Ляхавічы — сучасны, прыгожы, з непаўторным абліччам горад. У любы час сутак, у любую пару года настолькі незвычайна выглядаюць нашы вуліцы і дамы, што так і хочацца ўзяць у рукі пэндзаль і маляваць: казачны бляск пераднавагодняй мітусні, залатую палітру фарбаў асенняга лістападу, непаўторную свежасць бялютка-ружовых пялёсткаў вясновай квецені і летнія лужыны, у якіх адлюстроўваецца валошкавае неба. Паркі і скверы то зелянеючыя, то схаваныя пад пушыстым снегам, які, нібы алмазы, пераліваецца на сонцы і таямніча зіхаціць у святле ліхтароў. Вітрыны магазінаў агеньчыкамі выдзяляюцца ў начной цемры… Гэта гарадская прыгажосць не можа не прыцягваць, не захапляць, не радаваць.
Вікторыя ПРЫХАЧ, 11 клас, гімназія.
У чарговы раз з задавальненнем і інтарэсам прагульваюся па любімых мясцінах роднага горада, які асабліва прыгожы летам. Паволі крочу па вуліцы Цітовіча, і, здаецца мне, што недзе зусім побач прабягае маленькі хлапчук, будучы пісьменнік Сяргей Пясецкі. А па вуліцы Леніна крочыць першы беларускі мемуарыст Фёдар Еўлашоўскі… Вуліца Мінская нагадвае пра трагічныя ваенныя падзеі 1942 года: фашысты вядуць на расстрэл яўрэйскую сям’ю…
Падарожнічаючы, люблю рабіць адкрыцці. Мне цікава шукаць адказы на пытанні: чаму наш горад называецца Ляхавічы, калі ён нарадзіўся, якія людзі тут жылі ў розныя часы?
Ляхавічы — невялікі, але чысты і ўтульны гарадок. У ім ціха і спакойна, але не сумна. У святочныя дні ладзяцца на плошчы Леніна і ў парку па вуліцы Дзесюкевіча цікавыя мерапрыемствы, выставы, канцэрты, а вечарам неба ўпрыгожваюць салюты.
Лізавета СІДОР, 9 клас, СШ № 1.
У кожнага чалавека ёсць на свеце месца, куды ён вяртаецца зноў і зноў. Ляхавічы — той куточак, куды з задавальненнем і радасцю прыязджаюць мае родныя, якія жывуць у Расіі. Сёлета ў нас гасцявалі і іх сябры. З якім захапленнем яны падарожнічалі! Вось мы ідзём па плошчы Леніна. Колькі ўражанняў ад прыгажосці, створанай ля фантана, ад ландышаў-ліхтароў ля аддзялення Белаграпрамбанка. Трэба абавязкова зрабіць фотаздымак на памяць… Гатова!
Шмат прыемных слоў давялося пачуць ад гасцей пра чысціню і добраўпарадкаванасць Ляхавіч. Дзе ні пройдзеш — усюды шмат кветак. А яшчэ расіян уразілі гараджане — адкрытыя, шчырыя, ветлівыя, добразычлівыя. Вельмі спадабалася прадукцыя нашага малочнага завода з брэндам «Ляхавічок» (некаторыя прысмакі «паехалі» ў горад Клін — адтуль былі госці).
Мае дзядзькі Генадзій і Аляксандр і там, у Расіі, захоўваюць памяць пра сваю малую радзіму — дома ў іх ёсць куточкі з фотаздымкамі краявідаў Ляхавіччыны.
Аліна ГАТОЎЧЫЦ, 6 клас, гімназія.
Кожную раніцу, вось ужо 11 гадоў, я спяшаюся ў гімназію, дзе вучуся. Шлях праходзіць ад новай вуліцы Русінавіцкай праз прыгожы сквер на плошчы Перамогі. Амаль заўсёды спыняюся каля помніка загінуўшым пры вызваленні горада воінам. Затым падымаюся на горку, іду па мосце праз раку Ведзьма, з хваляваннем падыходжу да абеліска, устаноўленага на месцы пахавання танкістаў, загінуўшых пры вызваленні горада ў ліпені 1944 года. Гімназісты падтрымліваюць парадак каля гэтага свяшчэннага месца і ўшаноўваюць памяць пра герояў-вызваліцеляў. Потым забягаю ў прасторны двор гімназіі, дзе ўсё патанае ў вясёлкавых фарбах, сустракаюся з настаўнікамі і аднакласнікамі. Так пачынаецца кожны дзень у любімым горадзе.
Аляксандр МАХЛЯР, 11 клас, гімназія.
Мой родны горад — юбіляр. Яму — 520 гадоў. Ці многа гэта? Вельмі многа, калі ўлічыць, што мне ўсяго 10.
Багатая і цікавая гісторыя ў горада і яго жыхароў. Шмат знакамітых людзей нарадзілася на гэтай зямлі. Нягледзячы на ўзрост, горад з кожным годам маладзее. З’яўляюцца новыя вуліцы, сучасныя будынкі. Адзін Дом культуры чаго варты! Другі год я тут займаюся танцамі. Ёсць іншыя любімыя месцы: дзіцячая бібліятэка, цэнтр дадатковай адукацыі і, канешне, СШ № 1. Я хачу ведаць гісторыю горада, ганарыцца землякамі і заўсёды памятаць: я — ляхавічанка! Гэта мой горад!
Карына ЛАГУН, 5 клас, СШ № 1.
Імя Міхаіла Пташука знаёма не толькі ляхавічанам, але амаль кожнаму беларусу. Ён нарадзіўся ў час вайны, і вайна стала асноўнай тэмай яго рэжысуры. Міхаіл Мікалаевіч атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, лаўрэат шматлікіх прэмій. Гледачам палюбіліся яго фільмы. А пасля выхаду на экран карціны «Знак бяды» (па творы Васіля Быкава) прозвішча Міхаіла Пташука ўвайшло ў дзясятку лепшых рэжысёраў Еўропы. У яго гонар названа адна з вуліц нашага горада.
Паліна АРЛОЎСКАЯ, 11 клас, СШ № 2.
Прыязджаючы ў Ляхавічы з любога накірунку, убачыш надпіс «Мой горад». Учарашні і сённяшні дзень горада самабытны, цікавы. Старадаўнія матывы ўдала ўпісваюцца ў сучаснасць. Напрыклад, захаваліся кварталы забудовы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Мы хочам, каб наш горад заўсёды быў добраўпарадкаваным і чыстым, а яго жыхары — шчаслівымі. І дзе б ты ні прагульваўся, усюды адчуваеш радасць і гонар за свае родныя Ляхавічы. Жыві і квітней, горад! Няхай у кожным тваім доме гучаць словы любві і дзіцячы смех. З днём нараджэння цябе, з 520-годдзем!
Юлія ШПАК, 6 клас, гімназія.