Ад суботы да суботы ў Ляхавіцкім раёне
Працоўнаму люду спартакіяда рада
Спартыўнае свята ў чарадзе вытворчых будняў. Няхай сабе і некалькі пафаснае, аднак, такое вызначэнне ў дачыненні падзеі падаецца вельмі слушным і даволі дакладна характарызуе атмасферу спартакіяды. Канешне, саперніцтва з’яўляецца безумоўным спадарожнікам спорту, але ўзводзіць гэтую катэгорыю ў абсалют у нашым выпадку ўсё ж не варта: дзейсным падаецца вядомы алімпійскі прынцып аб перавазе факта ўдзелу над перамогай. Гэта — пра спартакіяду працоўных калектываў Ляхавіцкага раёна, летні этап якой прайшоў у мінулую суботу.
Гульнёвая зала, бегавы авал і зялёная паляна стадыёна, іншая база спарткомплексу «Колас» «працавалі» ў той дзень з напружаннем. Як і аматары-ўдзельнікі спартакіяды. З 19 папярэдне заяўленых да старта дабралася паўтара дзясятка каманд прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў Ляхавіччыны: ДРБУ-200, упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, ТАА «Трансэлектракамплект», лясгаса, ТБЗ «Ляхавіцкі», камунгаса, цэнтральнай раённай бальніцы, камбіната бытавога абслугоўвання, аддзела адукацыі райвыканкама, ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», райпо, РАНС, РАУС, СВК «Жарабковічы» і ДП «Нача». Гэта менш чым летась і пазалетась, як не без шкадавання адзначыў старшыня ФСК «Колас» Генадзій Новік: «Хоць запрашэнні да ўдзелу ў спаборніцтвах накіроўвалі 5 дзясяткам арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў раёна».
Як і рэгламентуе летні этап спартакіяды, спаборніцтвы вяліся па 7 відах і дысцыплінах спорту: змешанай лёгкаатлетычнай і сямейнай лёгкаатлетычнай эстафетах, шашках, настольным тэнісе, гіравым спорце, дартсе, перацягванні каната.
Вынікі асобных выступленняў сумарна сведчаць аб спартакіядным рэйтынгу той ці іншай каманды. Пасля суботняга этапа і прайшоўшага ў ліпені турыстычнага злёту лідарства ўтрымлівае спартыўны калектыў СВК «Жарабковічы». Даволі трывала, з сур’ёзным адрывам ад бліжэйшых праследавацеляў у асобе каманд «леснікоў» (яны сталі другімі) і «медыкаў» (трэція).
Аднак, варта падкрэсліць, што гэта ўсяго толькі прамежкавы фініш. Канчатковы адказ на пытанне пра пераможцу і прызёраў раённай спартакіяды-2012 будзе атрыманы пазней — з завяршэннем апошняга этапа спаборніцтваў. Наперадзе ў каманд — міні-футбол, валейбол, шахматы, армрэслінг, більярд, аналаг біятлону, лыжы. І многае яшчэ можа змяніцца ў канчатковай турнірнай расстаноўцы каманд. Гэта, безумоўна, важна, нягледзячы на тое, што любая спартакіяда каштоўная найперш паказчыкам масавасці.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.
Хлеб «Тракайскі» начной выпечкі
Выпечку нядаўна распрацаваных найменняў хлебабулачных вырабаў з мукі новага ўраджаю распачалі ў начную змену. У такім рэжыме працуюць ляхавіцкія хлебапёкі ў сувязі з рэканструкцыяй прадпрыемства. Аднак, па словах вядучага тэхнолага Наталлі Валчок, гэта ніколькі не адбіваецца на якасці і колькасці выпускаемай прадукцыі.
— Наадварот, — расказвае Наталля Іванаўна, — хлеб, выпечаны ноччу, смачнейшы: раніцай развозяць яго экспедытары па гандлёвых кропках яшчэ цёплым.
«Тракайскі», «Крынічка», «Гарадскі» карыстаюцца найбольшым попытам у пакупнікоў, прыйшлася даспадобы ляхавічанам і дробнаштучная здоба: «Фантазія», «Крэндзель», «Пяшчотная», плюшкі, сухары. Сёння ў прайс-лісце хлебазавода 115 найменняў хлебабулачных вырабаў, якія выпякаюцца ў залежнасці ад попыту наяўнай сыравіны. Рэалізуецца выпечка не толькі ў гандлёвых прадпрыемствах Ляхавіччыны, але і ў Баранавічах і Баранавіцкім раёне.
Як адзначае Наталля Валчок, якасць — першае і заўсёднае патрабаванне да прадукцыі. У Алены Чарапавіцкай і Галіны Бабёр лепш чым у іншых атрымліваюцца жытнёвыя сарты хлеба, а вось здоба, здаецца, расце ў руках Ганны Зубік і Галіны Гаўрыс. У іх з задавальненнем заказваюць пірагі на разнастайныя святы, і менавіта іх караваі ўручаюць перадавікам вытворчасці — хлебаробам.
Аліна ЛАПІЧ.
Адкрываем горад па-новаму
Людзей розных узростаў і сацыяльнага статуса, прафесій і веравызнання аб’ядноўвае любоў да сваёй малой радзімы. І кожны па-свойму імкнецца выказаць гэту любоў, як мага больш даведацца пра гісторыю роднага краю, яго працавітых людзей.
У мінулую пятніцу ў ГДК адкрылася фотавыстава «Грушаўка» нашага земляка Сяргея Чарановіча. Яна не пакінула раўнадушнымі не толькі аматараў вывучэння культурнай і гістарычнай спадчыны, але і тых, хто захапляецца мастацтвам фатаграфіі, каму неабыякавы лёс старадаўніх помнікаў культуры, архітэктуры і дойлідства. Грушаўскі палацава-паркавы ансамбль стаў галоўнай дзеючай асобай выставы.
Для аўтара работ Грушаўка — месца асаблівае. Калісьці даўно, зрабіўшы тут першы фотаздымак, Сяргей Чарановіч захапіўся фатаграфіяй. Гэты занятак разам з краязнаўствам і маляваннем для яго стаў любімым.
— Не захапляцца Грушаўкай нельга. Маляваць яе можна кожную хвіліну, бо ў кожнае наступнае імгненне па-рознаму падае цень на пабудовы і прыроду, усё набывае новыя адценні і фарбы, — перакананы аўтар работ.
А вось яшчэ адзін адрас цікаўных і нераўнадушных. На працягу многіх гадоў самыя актыўныя ўдзельнікі клуба ЮНЕСКА «Заранка» (кіраўнік Наталля Маслоўская) збіралі разнастайную інфармацыю пра Ляхавічы, яго жыхароў, памятныя культурныя і гістарычныя мясціны. А колькі сведкаў запамінальных падзей апыталі! Такое вось адкрыццё свайго горада. Гэту інфармацыю можна выкарыстоўваць і падчас экскурсій. Адна з такіх прайшла ў мінулую суботу. Пачалася яна каля Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Наталля Маслоўская расказала пра гісторыю каледжа, яго знакамітых выпускнікоў, пра СШ № 2, а таксама пра Ляхавічы — ад мінуўшчыны да сённяшніх дзён. Потым рабяты спыняліся на плошчах Леніна і Перамогі, каля гарадской «Крыніцы» і валуна на месцы сённяшняй фартэцыі. Экскурсаводамі былі Артур Палівода, Яна Карчэўская, Анастасія Найда і Юлія Васілько.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Кошт нядбайнасці —жыццё
Чарка, цыгарэта і бестурботнасць — вось асноўныя складальнікі, якія прыводзяць да пажару і гібелі людзей у агні.
13 верасня 2012 года каля 23 гадзін у вёсцы Залужжа адбыўся пажар у жылым доме. Разам з гаспадаром тут жа пражываў і яго брат. Абодва не мелі пастаяннага месца працы, а часовыя заробкі спускалі на спіртное і тытунь. Гаспадар дома летась прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правілаў пажарнай бяспекі. Высноў, аднак, не зрабіў. На гэты раз жыццё яму мог выратаваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які пры першых прыкметах задымлення падае моцны гукавы сігнал, здольны разбудзіць спячага чалавека. Але мужчына, на сваю бяду, не палічыў патрэбным яго набыць… і стаў чарговай ахвярай агню.
Сёлета на тэрыторыі раёна адбылося 26 пажараў, у агні загінулі 4 чалавекі (летась адпаведна 28 пажараў і адзін чалавек). Ва ўсіх выпадках прычынай гібелі людзей стала курэнне ў стане алкагольнага ап’янення.
Статыстыка Міністэрства па надзвычайных сітуацыях сведчыць, што больш за 90 працэнтаў загінуўшых на пажарах людзей знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Схема ўзнікнення такіх пажараў аднолькавая: выпіў — закурыў — заснуў. Расплачваюцца за сваю нядбайнасць дарагой цаной — жыццём.
Аксана ЮРУЦЬ,
інспектар РАНС.
А пяшком слабо?
22 верасня ў Рэспубліцы Беларусь праходзіць міжнародная акцыя «Дзень без аўтамабіля». На тэрыторыі вобласці праводзяцца мерапрыемствы ў межах гэтай акцыі.
З газам не жартуйце
Як праінфармавалі ў Баранавіцкім міжраённым вытворчым упраўленні газавай гаспадаркі, з 14 верасня па 15 кастрычніка праводзіцца месячнік бяспекі пры карыстанні газам у быце.
У МВУ «Баранавічыміжрайгаз» нагадалі: гаручы газ — адно з найбольш пажара- і выбухованебяспечных рэчываў, якімі чалавек карыстаецца і ў быце, і на вытворчасці. Парушэнне правілаў карыстання ім прыводзіць да няшчасных выпадкаў, наносіць сур’ёзныя страты не толькі грамадзянам, але і дзяржаве.
Таму трэба быць пільнымі і абачлівымі.