Дашкаляты Ляхавіччыны ідуць у садкі з задавальненнем

Кожную раніцу буднага дня бацькі  вядуць сваіх маленькіх гарэз у дзіцячы сад. Нягледзячы на ранні час, рабяты бадзёрыя, вясёлыя, без перапынку закідваюць дарослых пытаннямі. І не плачуць. Добры настрой малых невыпадковы. У кожным з дзіцячых садкоў (а іх у Ляхавічах — 4) рабятам утульна, як дома. Не дзіўна, што малеча бяжыць сюды з задавальненнем: у дзіцячым садзе столькі ўсяго цікавага адбываецца за дзень. Ролевыя і дыдактычныя гульні, агульнаразвіваючыя заняткі, прагулкі на свежым паветры, развучванне новых вершаў, песень, танцаў, гульняў, спартыўныя спаборніцтвы і ранішнікі — далёка не поўны пералік усяго, што прапануюць выхавальнікі маленькім падапечным. З дня ў дзень стараюцца і работнікі харчблокаў парадаваць выхаванцаў смачнымі і карыснымі сняданкамі, абедамі і падвячоркамі. У кожнай дашкольнай установе складаецца прыкладнае 10-дзённае меню. І калі сёння раніцай прапануецца аўсяная каша, то наступны раз яна паўторыцца на сняданак толькі праз 10 дзён.
— Дашкольная адукацыя раёна сёння — гэта 20 дзіцячых садкоў і 4 вучэбныя комплексы «Дзіцячы сад-школа», у якіх выхоўваецца 1008 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 2 да 6 гадоў. З рабятамі працуюць 165 педагагічных работнікаў, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Каліноўская і дадае: — Сацыяльны стандарт забяспечанасці месцамі ў дашкольных установах у нашым раёне перавыкананы: па нарматыве ён складае 85 працэнтаў, а ў нашым раёне — 137.
Па гэтым паказчыку Ляхавіччына лідзіруе не толькі ў вобласці. Не было ніводнага выпадку, каб дзіця сядзела дома таму, што няма месца ў дашкольнай установе. Проста бывае, што нейкі час бацькам давядзецца вадзіць малыша, напрыклад, не ў той садок, які бліжэй да дома, а ў іншы.
Напаўняльнасць груп — размова асобная. Сярод гарадскіх садкоў больш за ўсё выхаванцаў у дзіцячых садах № 3 (209) і №1 (186), а сярод вясковых — у Навасёлкаўскім (32), Русінавіцкім (31), Тухавіцкім (29), Начаўскім (26).
Выхаваўчы і адукацыйны працэс ва ўсіх дашкольных установах ідзе па адзінай дзяржаўнай праграме «Пралеска». Аднак, кожны дзіцячы садок мае сваю адметнасць і свой вызначальны накірунак работы.
— Пачынаючы з гэтага навучальнага года, на базе ясляў-сада №3 дзейнічае інавацыйная пляцоўка па ўкараненні мадэлі развіцця творчых здольнасцей дашкалят сродкамі тэатральна-гульнёвай дзейнасці. А яслі-сад №1 пачаў работу па ўкараненні мадэлі полікультурнага выхавання дзяцей на аснове сацыяльнага партнёрства ўстаноў дашкольнай адукацыі, сям’і, школы, — раскрывае спецыфіку работы Людміла Каліноўская.
Акрамя абавязковых заняткаў у кожным з гарадскіх дзіцячых садоў папулярныя і дадатковыя заняткі ў гуртках. Выхаванцы ахвотна займаюцца харэаграфіяй, спевамі, удзельнічаюць у тэатралізаваных прадстаўленнях. Многія потым працягваюць займацца гэтым і ў школьных гуртках ці цэнтры дадатковай адукацыі. Дарэчы, у гэтай пазашкольнай установе, як расказала намеснік дырэктара ЦДА Галіна Шайкоўская, больш за 10 гадоў паспяхова працуе клуб «Малышок», куды кожную суботу ў суправаджэнні бацькоў спяшаюцца 5-6-гадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Педагогі цэнтра займаюцца з дашкалятамі аэробікай, англійскай мовай, лепкай, маляваннем, іншымі відамі прыкладнога мастацтва, ладзяць конкурсы, забаўляльныя і пазнавальныя праграмы. Пра папулярнасць «Малышка» гаворыць і той факт, што сюды прывозяць дзяцей нават з вёсак.
Пасля смачнага сняданку, напрыклад, грэцкай кашы, ягаднага кампоту і булачкі, рабят чакаюць гульні і заняткі. А яшчэ — прагулка на свежым паветры, абед, салодкі дзённы сон.
Сярод галоўнага, чаму малечу вучаць з першых дзён у садку, — сябраваць, правільна паводзіць сябе за сталом, у групе, на вуліцы, не ламаць цацкі і г.д. Выхавальнікі і іх памочнікі імкнуцца кожны дзень прыдумаць нешта новае, каб рабяты не сумавалі па доме і бацьках.
— 70 працэнтаў выхавальнікаў — педагогі са спецыяльнай дашкольнай адукацыяй, пераважная большасць мае стаж работы за 15 гадоў. Пакуль мы не адчуваем кадравага дэфіцыту, але ўсё ж хацелася б, каб прыходзіла больш маладых спецыялістаў, а не 1-2 у год, — дзеліцца Людміла Каліноўская.
У сістэме адукацыі краіны робіцца нямала для таго, каб павысіць статус работніка дашкольных устаноў. Узяць хаця б тую акалічнасць, што апошнім часам выхавальнікам павялічаны працоўны водпуск да 47 каляндарных дзён, стымулююцца і кваліфікацыя, і эфектыўная работа. Штогод дашкольныя ўстановы рамантуюцца, абнаўляюцца, большую частку сродкаў на гэтыя мэты выдаткоўвае дзяржава.
Як адзначылі ў аддзеле адукацыі райвыканкама, асабліва творча і паспяхова ў сельскай мясцовасці працуюць калектывы Начаўскага д/с (загадчыца Алена Валах), Тухавіцкага (Зінаіда Гунько), Жарабковіцкага (Святлана Селяйковіч), Навасёлкаўскага (Марыя Нячай).
…У памяці адзін з апошніх майскіх дзён гэтага года. У Ляхавічах цёпла і сонечна. Але не толькі надвор’е — нагода для прыўзнятага настрою. Гаманлівая калона ў абрамленні рознакаляровых паветраных шарыкаў святочна, не звяртаючы ўвагі на прахожых, крочыць па вуліцы Леніна. Маленькія дзяўчынкі ў прыгожых сукенках, іх равеснікі-хлопчыкі ў ”дарослых” касцюмах, крыху разгубленыя, але шчаслівыя мамы і таты, як заўсёды, побач ветлівыя і добразычлівыя выхавальнікі …
Так дашкаляты развітваюцца з дзіцячым садам, каб праз некалькі месяцаў стаць школьнікамі. Задумаўшы свае дзіцячыя жаданні, выпускнікі-садаўцы адпускаюць у свабодны палёт паветраныя шары. Няхай упэўнена крочыць па жыцці яшчэ адно пакаленне беларусаў — наш працяг, наша заўтра, наша будучыня.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *