Ляхавіччына: сацыяльныя работнікі дапамагаюць сваім падапечным у хатніх справах
1 кастрычніка ў Беларусі і многіх іншых краінах адзначаецца Дзень пажылых людзей. Яго галоўная мэта — нагадаць усім, што побач з намі, маладымі і здаровымі, жывуць тыя, хто з-за свайго ўзросту мае патрэбу ў нашай увазе і клопаце. 8044 жыхары раёна маюць статус пажылых грамадзян — 5666 жанчын і ўсяго 2378 мужчын. Сярод іх 669 адзінокіх і 3569 адзінока пражываючых.
Пенсійнае забеспячэнне з’яўляецца важным накірункам сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Пенсіі выплачваюцца своечасова, сярэдні памер пенсіі за верасень у нашым раёне склаў 1,5 млн. рублёў. За 8 месяцаў на гэтыя мэты са сродкаў фонду сацыяльнай абароны зрасходавана 95,7 млрд. рублёў.
Нярэдка бывае, што пажылы чалавек аказваецца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, для вырашэння якой патрабуюцца грашовыя сродкі. У такім выпадку кожны пенсіянер мае права звярнуцца за адзінаразовай грашовай дапамогай або атрымаць дзяржаўную адрасную дапамогу. Са сродкаў фонду сацыяльнай абароны матэрыяльную падтрымку сёлета атрымалі 142 нашы пажылыя землякі.
Для вырашэння бытавых праблем пажылых людзей створаны і працуюць тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Ёсць такі цэнтр і ў Ляхавічах. Сацыяльныя работнікі дапамагаюць сваім падапечным у хатніх справах. Выдача сродкаў рэабілітацыі, гуманітарнай дапамогі, аказанне паслуг сядзелкі, цырульных паслуг на даму па сацыяльна нізкіх цэнах даўно і трывала ўвайшлі ў практыку ТЦСАН.
Але што б мы ні рабілі, добрасумленна выконваючы свае службовыя абавязкі, а часам і больш, вырашыць узнікшыя праблемы пажылога чалавека могуць і павінны яго родныя і блізкія. Дзяржава ўзяла павышаныя абавязацельствы ў адносінах да пенсіянераў. І дзеці многія свае абавязкі па доглядзе за пажылымі бацькамі спакойна перакладваюць на «плечы» дзяржавы.
Старасць — гэта не канец жыцця, а проста яе новы этап. Спецыялісты тэрытарыяльнага цэнтра перад Днём пажылых людзей наведалі некалькі сем’яў нашых землякоў, чый стаж сумеснага жыцця гаворыць: у шчаслівыя хвіліны і ў складаныя моманты яны былі і застаюцца разам, таму што сапраўды з’яўляюцца адным цэлым.
Пабывалі ў сем’ях ляхавічан Ясевічаў Васілія Іванавіча і Людмілы Браніславаўны, Вярэнічаў Рыгора Іванавіча і Таццяны Захараўны з в. Нача, Шарапавых Фёдара Мацвеевіча і Ніны Іосіфаўны з в. Востраў, Смычкоўскіх Сцяпана Сцяпанавіча і Марыі Лаўрэнцьеўны са Сваятыч. І ўсім ім задалі пытанне: як праходзіць звычайны дзень пажылога чалавека? Аказваецца, і спраў, і клопатаў хапае. Як і ў маладым узросце, займаюцца хатняй гаспадаркай, працуюць на прысядзібных участках. Адрозненне толькі ў тым, што на гэта цяпер у іх ёсць больш вольнага часу, выраслі дзеці, ёсць унукі.
Жадаю ўсім людзям шаноўнага ўзросту клопату блізкіх і родных, і каб толькі адзінокім іх равеснікам патрабавалася дапамога дзяржавы.
Дзіяна ТРЫСЦЕНЬ,
начальнік упраўлення
па працы, занятасці
і сацыяльнай
абароне райвыканкама.