Горыч сакавіка
Апошняя палова першай дэкады сакавіка выдалася надзвычай гарачай. Пры тым, што гаварыць аб прыродна-кліматычнай ласкавасці каляндарнай вясны не даводзіцца. Балючы душэўны апёк застаецца ад усведамлення статыстыкі пажараў, што здарыліся тым часам на тэрыторыі раёна.
6 сакавіка ў вёсцы Мыслабаж каля паловы чацвёртай гадзіны адбылося ўзгаранне ў адным з жылых дамоў па вуліцы Садовай. Агнём пашкоджана канапа, закурадымлены сцены жылога пакоя. У доме знаходзіўся труп гаспадара – 53-гадовага пенсіянера. Узгаранне ліквідавана сіламі мясцовых жыхароў, без прыцягнення падраздзяленняў Ляхавіцкага РАНС.
У многім падобнае здарэнне мела месца 9 сакавіка ў вёсцы Чвыры. У выніку пажару, што каля 13 гадзін узнік у доме па вуліцы Дачнай, пашкоджана, у прыватнасці, падлога жылога пакоя, адзенне. Трагізм жа ў тым, што ў доме быў знойдзены і труп яго ўладальніка – 74-гадовага пенсіянера.
У абодвух выпадках прычыны і акалічнасці пажараў высвятляюцца.
Таксама 9 сакавіка каля 10 гадзін 40 хвілін раніцы “чырвоны певень” убіўся ў гаспадарчую пабудову аднаго з домаўладанняў ў вёсцы Любейкі. Агнём знішчаны дах, пашкоджаны сцены і маёмасць, часткова — дах летняй кухні. Як мяркуецца, прычынай пажару стала кароткае замыканне электра-праводкі.
Гук пажарных сірэн разбудзіў жыхароў Падлесся каля 3 гадзін ночы. Гарэў жылы дом па вуліцы Першамайскай. Па сведчанні відавочцаў, выратавальнікі, а ў тушэнні прымалі ўдзел разлікі з Ляхавіцкай ПАВЧ, мясцовага і Тальмінавіцкага ПАВП, былі вельмі аператыўнымі, дзейнічалі прафесійна і рашуча. У 3 гадзіны 39 хвілін пажар быў ліквідаваны. Яго вынікам стала пашкоджанне 20 квадратных метраў шыфернага даху, сцен і маёмасці кухні, складскіх памяшканняў.
Дом, у якім адзінока пражывае 76-гадовая пенсіянерка, быў абсталяваны аўтаномным пажарным апавяшчальнікам (АПА), які і спрацаваў у крытычны момант. Даў, такім чынам, гаспадыні сігнал на эвакуацыю. Прычынай пажару, як мяркуецца, стала кароткае замыканне электраправодкі.
Барыс АМЯЛЬЯНЕЦ, інспектар РАНС.