Педагогі Ляхавіцкага раёна адзначылі прафесійнае свята

Загадчыца д/с №2 Людміла Чарнамаз (у цэнтры) з калегамі — Аленай Равяка і Таццянай Станчык.

Ці заўважалі вы, што на  Дзень настаўніка заўсёды добрае надвор’е? Святкуе нават прырода, дорачы педагогам восеньскае шматквецце. Прадстаўнікі іншых прафесій могуць пазайздросціць такой увазе, але, паразважаючы, зразумеюць, што гэта невыпадкова…
Кожны, будзь то паслухмяны выдатнік ці хуліганісты двоечнік, сустрэў у жыцці педагога, які запаў у душу. І, канешне, у першую нядзелю кастрычніка з падзякай ўспомніць любімага настаўніка, працытуе яго «каронныя фразы».
Педагогаў раёна ў Доме культуры 5 кастрычніка гасцінна сустракалі вучні. А самі настаўнікі, выхавальнікі прыгожыя і па-святочнаму прыбраныя, здавалася, свяціліся ад радасці і шчасця.
Словы шчырай удзячнасці педагогам за мудрасць, цярпенне, іх высакародную працу выказаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і ўручыў граматы, падзячныя пісьмы настаўнікам, ветэранам педагогікі.
Цёпла і сардэчна педагогаў раёна вітала намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Святлана Юрлевіч. Прысутным у зале ад «Белай Русі» былі падораны кветкі і святочныя паштоўкі. Дарэчы, паштоўкі былі клапатліва зроблены вучнямі.
Шмат у гэты дзень было сказана добрых слоў аб прадстаўніках вельмі важнай прафесіі, многа разоў падымаліся яны на сцэну за ўзнагародамі. Самым святочным і шчымлівым быў момант віншавання вэтэранаў педагагічнай працы. Увесь зал стоячы вітаў іх гучнымі апладысментамі. Пра іх памятаюць, іх паважаюць, іх шануюць… І, як адзначыў старшыня раённага Савета дэпутатаў, «жывы і багаты вопыт ветэранаў — сапраўдны скарб».
Адзначалі ў гэты дзень 70-ці, 75-ці, 80-ці, 85-ці, 90-гадовых юбіляраў, якія шмат гадоў адпрацавалі ў сістэме адукацыі. Гэта Пётр Гармаш, Соф’я Хмарук, Зінаіда Варвашэня, Леанора Петух, Аляксандра Емяльянчык, Васілій Антановіч, Лізавета Вялічка, Марыя Буйкевіч, Вячаслаў Вайшэвіч, Паліна Якубец, Марыя Ходар, Алена Папчэня, Рэгіна Шпак, Соф’я Саган.
Начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Леанід Калбаса ўручыў дырэктару Малагарадзішчанскага вучэбна-педагагічнага комплексу «Дзіцячы сад — сярэдняя школа» Анатолію Тураву нагрудны знак Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь «Выдатнік адукацыі», павіншаваў калектывы ўстаноў адукацыі, якія перамаглі ў конкурсе па добраўпарадкаванні тэрыторый. Леанід Іосіфавіч пажадаў, каб новы навучальны год быў цікавым, насычаным падзеямі, поўным перамог і дасягненняў.
Ганаровай граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь узнагароджаны дырэктар вучэбна-вытворчага камбіната г. Ляхавічы Міхаіл Буцько, былы дырэктар СШ №1, а зараз настаўніца матэматыкі Ганна Крук, дырэктар Тухавіцкай школы Ніна Чаранкевіч.
У зале панавалі прыўзняты настрой і святочная атмасфера, якую на працягу ўсёй праграмы стваралі ўдзельнікі ўзорнай эстрадна-вакальнай групы «Фантастыка» з горада Пінска і педагогі з цэнтра дадатковай адукацыі. Яны падарылі прысутным моманты казкі, бо гумару, смеху і цудоўных песень так часта не хапае ў паўсядзённым жыцці.
Па добрай традыцыі ўсіх у зале павіншавалі вучні, без якіх не абыходзіцца ні адно свята педагогаў.
Урачыстасці на гэтым не заканчваюцца. Яшчэ шмат віншаванняў і слоў падзякі адрасавалі педагогам у гэтыя дні цяперашнія і былыя вучні. І так было б добра, каб дух свята захаваўся на ўвесь навучальны год. Як кажуць, былых настаўнікаў не бывае. І змяніўшы прафесію, педагог усё роўна жыве адукацыяй, яе праблемамі, падзеямі, радуецца кожнай сустрэчы з калегамі, дзецьмі. Няхай вам лёгка працуецца, працягваюцца старыя і закладваюцца новыя традыцыі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *