Канкрэтная дапамога канкрэтнаму чалавеку

Улада абавязана дапамагаць людзям у рашэнні іх праблем. І спецыялісты райвыканкама, да якіх звяртаюцца грамадзяне як да першай інстанцыі, не павінны быць проста кансультантамі, іх роля – у кампетэнтнай, практычнай дапамозе, – намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта Леанід Цупрык гэтымі словамі завяршыў прыём грамадзян па асабістых пытаннях, які праводзіў пазаўчора ў Ляхавічах.
Без сумнення, людзі, якія прыйшлі з праблемамі да Леаніда Аляксандравіча, не былі расчараваны ў сваіх чаканнях. Зацікаўленае стаўленне да зваротаў, грунтоўнае іх вывучэнне, пошук правільнага шляху вырашэння – усё гэта стала вызначальным і пераканаўчым доказам таго, дзеля чаго вядзецца прыём грамадзян па асабістых пытаннях: дзеля канкрэтнай дапамогі канкрэтнаму чалавеку.
…Шматдзетная маці, работніца мясцовага льнозавода, прыйшла з просьбай паспрыяць у атрыманні сацыяльнага жылля. Як вы-светлілася, першае, што ўжо даўно патрабавалася зрабіць у данай сітуацыі, – дакладна і кампетэнтна “раскласці па палічках” варыянты рашэння пытання. Заяўніцы было прапанавана некалькі шляхоў грунтоўнага вырашэння праблемы, у тым ліку будаўніцтва кватэры з выкарыстаннем існуючых для шмат-дзетнай сям’і льгот. Паколькі на чарзе на атрыманне сацыяльнага жылля ў горадзе яна не стаіць, дадзены тлумачэнні па парадку пастаноўкі на гэту чаргу. Акрамя таго, Леанід Цупрык даў даручэнне райвыканкаму распрацаваць для заяўніцы «маршрутную карту» яе дзеянняў, канчатковай мэтай якіх павінна стаць вырашэнне жыллёвага пытання.
— Правільна зрабілі, што прыйшлі, – супакоіў намеснік старшыні абласнога выканаўчага камітэта яшчэ аднаго заяўніка, які спрабуе рашыць складаную задачу — падвесці прыродны газ у вёскі Дайнякі, Тумашы, Краглі. Тут жывуць пераважна пенсіянеры, якія раней працавалі ў калгасе імя Ламаносава. У некалькіх сотнях метраў праходзіць газа-праводная ветка высокага напружання. Год назад вяскоўцы стварылі і зарэгістравалі кааператыў для таго, каб была магчымасць афармляць дакументацыю. Частку грошай, неабходных для вырабу праекта, сабралі. Разлічвалі на дапамогу цяперашняй мясцовай гаспадаркі, але пакуль яе не атрымалі.
Дарэчы, 70 працэнтаў кошту работ па газіфікацыі бярэ на сябе дзяржава, людзям давядзецца заплаціць астатнія 30 працэнтаў. Ну і, зразумела, аплачваць выраб праектнай дакументацыі.
Леанід Цупрык даў даручэнне спецыялістам аддзела архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама дакладна вывучыць гэта пытанне, высветліць колькасць вяскоўцаў, жадаючых карыстацца прыродным газам, і паспрыяць станоўчаму вырашэнню праблемы. Між іншым, на думку Леаніда Аляксандравіча, газіфікацыя гэтых вёсак зробіць іх не толькі больш камфортнымі для вяскоўцаў, але прывабнымі і для гараджан, якія маюць намер памяняць месца жыхарства на сельскае.
Магчымасцю звярнуцца да намесніка старшыні абласнога выканаўчага камітэта скарысталіся таксама галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, началь-нік аддзела адукацыі Святлана Юрлевіч, якія ўздымалі праблемныя пытанні раённай медыцыны і адукацыі. Леанід Цупрык абмеркаваў шляхі іх вырашэння і даў канкрэтныя даручэнні з гэтай нагоды кампетэнтным службам.
У час прыёму грамадзян па асабістых пытаннях разам з Леанідам Цупрыкам працавалі старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч і намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Крук.
Вольга СВЯТЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *