План мадэрнізацыі па-ляхавіцку «напісаны» для 5 прадпрыемстваў

Сацыяльна-эканамічнае заўтра — гэта выхад на сярэднюю па краіне заработную плату памерам не менш як 500 долараў ЗША ў эквіваленце. Абазначаны рубеж — ставіцца задача — патрэбна зрабіць рэальнасцю ўжо сёлета, да канца года. Яшчэ праз год сярэдні разліковы квіток павінен радаваць свайго ўладальніка і ўвогуле лічбай у эквіваленце на сотню долараў і таго больш прыемнай. Пры гэтым кіруемся пастулатам эканамічнай тэорыі: грошы павінны быць зароблены.

Зарплата мусіць быць «завязана» на прадукцыйнасць працы, павялічвацца прапарцыянальна, ва ўнісон з ростам апошняй. Важна ўдакладніць, што пад прадукцыйнасцю ў даным выпадку маецца на ўвазе не тэмп, а, хутчэй, велічыня дабаўленай вартасці. Інакш кажучы, розніца паміж вытворчым валам канкрэтнага прадпрыемства або ўчастка і выкарыстанымі для таго матэрыяльнымі выдаткамі. Пры ўмове поўнай рыначнай запатрабаванасці, рабоце не на склад атрыманая дэльта, па сутнасці, і з’яўляецца характарыстыкай даходнасці прадпрыемства. У сваю чаргу, дазваляе рэгуляваць памеры аплаты працы работнікаў, укладвацца ў абнаўленне асноўных фондаў, асвойваць новыя тэхналогіі, нарошчваць аб’ёмы, наменклатуру выпускаемай прадукцыі. Калі коратка, мадэрнізавацца. У адпаведнасці і паралельна з сучаснымі патрабаваннямі. Як мінімум, а лепш — з некаторым іх апераджэннем, на перспектыву.
Канешне, працэс гэты няспынны і нават бясконцы. Тэхніка, тэхналогіі мяняюцца з калейдаскапічнай хуткасцю. Як, дарэчы, і спажывецкія прыярытэты, якія першасныя і ў якія неабходна трапіць, каб не апынуцца па-за рынкам. Тое, што карысталася папулярнасцю пяцігодку таму, зараз не-не ды і ўспрымаецца як анахранізм. А з уступленнем у Сусветную гандлёвую арганізацыю нашага асноўнага экспартнага партнёра і партнёра па Мытным саюзе канкурыраваць на расійскім рынку давядзецца на роўных з усім светам. Чым можна ўзяць? Выгаднымі суадносінамі спажывецкіх характарыстык прадукту і яго цаной. Як таго можна дасягнуць? Адным з накірункаў, і такую задачу паставіў Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, з’яўляецца неабходнасць да канца года завяршыць усе арганізацыйныя пытанні па мадэрнізацыі дзяржаўных прадпрыемстваў. Калі прасцей і вобразна, у кожнага дырэктара павінен быць канкрэтны план развіцця. У якасці галоўнага арыенціра абазначаецца не традыцыйны вал, а прадукцыйнасць і ў адпаведнасці з ёю — памер аплаты працы работнікаў.
План мадэрнізацыі па-ляхавіцку «напісаны» для 5 прадпрыемстваў — поўнасцю ці з неабходнай для кіравання доляй дзяржаўнай формы ўласнасці. У парадку змяншэння сум запланаваных фінансавых ін’екцый, спіс выглядае наступным чынам: ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», ДП «Нача», ДУБП «Ляхавіцкая ПМК-17», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» і ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Рэканструкцыя льнозавода ацэньваецца ў 72,5 мільярда рублёў. На рэалізацыю праекта — узвядзенне будынка новага цэха, устаноўку і наладку высокапрадукцыйнай лініі па вытворчасці валакна — адводзіцца каля года. Мадэрнізацыя заклікана амаль утрая павялічыць прапускную здольнасць, прыкметна палепшыцца якасць і глыбіня перапрацоўкі трасты. Лінія высокааўтаматызаваная, удзел чалавека ў вытворчым працэсе фактычна заключаецца ў выкананні кантрольных функцый. Ужо ў 2013-ым, як плануецца, цэх пачне вяртаць укладзеныя ў яго мадэрнізацыю немалыя сродкі, а на пік прадукцыйнасці — 60,3 тысячы долараў у год на аднаго работніка — мяркуецца выйсці ў 2015-ым. Заўважым, што іменна такі параметр — 60 тысяч у 2015 го-дзе — называецца ў якасці мінімальнага «пастмадэрнісцкага» рэспубліканскага арыенціра.
Мадэрнізацыя — можна так сказаць — жывёлагадоўлі ДП «Нача» пройдзе паэтапна і завершыцца ў 2015 годзе будаўніцтвам інавацыйнай на 720 галоў малочна- таварнай фермы. Адпаведна, годам і двума раней адбудзецца рэканструкцыя свінафермы і двух будынкаў цэнтральнай МТФ. Завяршэнне работ на кожным з этапаў мае сваю вытворча-эканамічную мэтазгоднасць, мае на ўвазе і колькасныя, і якасныя змены вынікаў працы. Згодна з прагнозам, будаўніцтва новай МТФ можа павялічыць выручку ад рэалізацыі прадукцыі да 120 тысяч долараў у год у разліку на кожнага работніка фермы. Ці ўдвая больш намечанага «базавага» паказчыка.
І, між іншым, адным толькі гэтым прыкладам мадэрнізацыя АПК раёна не абмяжуецца. Абнаўленне закране і шэраг іншых арганізацый.
На працягу трох бліжэйшых гадоў Ляхавіцкая ПМК-17 мяркуе «мадэрнізавацца», як мінімум, на 3,6 мільярда рублёў. На што пойдуць грошы? На тэхнічнае пераўзбраенне цэха піламатэрыялаў, вяртанне ў стан функцыянальнасці цэха жалезабетонных вырабаў, асваенне тэхналогіі маналітнага будаўніцтва з выкарыстаннем бетонапомпаў і іншае. Што за ўсім гэтым? Аб’ёмы, наменклатура, лепшая якасць пры роўных, а то і меншых рэсурсаўкладаннях.
У райаграсэрвісе рэканструкцыя, у першую чаргу, закране рамонтна-механічныя майстэрні. Парк металаапрацоўчага абсталявання папоўніцца трубагібачным і такарным паўаўтаматамі, агрэгатам плазменнай рэзкі метала. Як вынік — рост аб’ёмаў выпуску прычапной сельскагаспадарчай тэхнікі, магчымасць манціраваць і на іншым узроўні абслугоўваць даільныя залы МТФ. Іх у раёне ўсё больш і больш, і кожнай патрабуецца, як мінімум, рэгулярны сэрвіс.
Пры ўсёй якасці, натуральнасці — кожны сам у праве вызначыцца з характарыстыкай прадукцыі мясцовага кансервавага завода — яе «знешнія даныя» адстаюць ад лепшых сучасных узораў. Між тым, адзіна толькі функцыянальная эстэтыка ўпакоўкі-фасоўкі, яе зручнасць і разнастайнасць часта становяцца вырашальным фактарам на карысць пакупкі таго ці іншага тавару. Ці не пакупкі. Не проста ж так вядучыя сусветныя брэнды дастаткова трацяцца на прыгожую «абгортку» для сваёй «цукеркі». План мадэрнізацыі кансервавага завода мае на ўвазе найперш рэканструкцыю цэха афармлення гатовай прадукцыі. З заменай ці дадатковай устаноўкай машын для мацавання этыкетак, упакоўкі прадукцыі ў тэрмаўсадачную плёнку. Прадугледжваецца таксама мантаж сушылкі слоікаў, сістэмы канвеераў. З завяршэннем у 2015 годзе комплексу работ доля ручной працы, як сведчаць разлікі, знізіцца працэнтаў на 10, што знойдзе станоўчае адлюстраванне на паказчыку прадукцыйнасці.
Напружанасць, неабходнасць мабілізацыі рэсурсаў і намаганняў з’яўляюцца абавязковымі фактарамі паспяховага выканання планаў мадэрнізацыі вытворчасцяў. Але і іх рэальнасць, гаспадарчая эфектыўнасць у выніку ўкаранення з’яўляюцца фактам. Іменна на платформе гэтых катэгорый аналізавалася канкрэтная сітуацыя, будаваліся праектныя рашэнні на мадэрнізацыю.
Як, дарэчы, і ўсведамленне таго, што развіццё эканомікі ў значнай ступені павінна насіць экспартнаарыентаваны характар. Ці імпартазамяшчальны. Экспартны патэнцыял маюць усе з прыведзенага тут спісу прадпрыемстваў. Некаторыя рэальна выйшлі са сваёй прадукцыяй на знешні рынак. Напрыклад, ільнозавод, які ўвесь аб’ём сваіх кастрабрыкетаў адпраўляе ў замежжа. Рэканструкцыя завода, апроч галоўнага, дасць магчымасць больш чым удвая павялічыць вытворчасць і гэтай другаснай, з высокай доляй дабаўленай вартасці, прадукцыі.
Дзе яшчэ можна знайсці, як падняць прадукцыйнасць працы па дабаўленай вартасці? Дастаткова дзейсным рэзервам з’яўляецца неабходнасць скарачэння — аптымізацыя — вытворчых і не толькі затрат прадпрыемстваў. Рэсурса- і матэрыялаёмістасць большасці нашых вытворчасцяў паддаецца безумоўнай і не ва ўрон якасці прадукцыі карэкціроўцы ў бок зніжэння. Нельга сказаць, што гэтага не адбываецца, аднак, тэмпы могуць і павінны быць іншымі. У шэрагу выпадкаў гэта зусім не азначае неабходнасць значных інвестыцый. Часам дастаткова рацыяналізаваць арганізацыю вытворчага працэсу, унесці карэктывы ў лагістыку на ўсім ланцугу гаспадарчай дзейнасці.

Уладзімір ДЗЯЖУРНЫ,
намеснік старшыні
райвыканкама.
Іван КАВАЛЕНКА,
карэспандэнт «ЛВ».

One thought on “План мадэрнізацыі па-ляхавіцку «напісаны» для 5 прадпрыемстваў

  • 18/10/2012 в 22:30
    Permalink

    Раз план па –ляхавiцку, значыць мясцовыя эканамiсты «пiсалi»? Вельмi прыемна будзе ведаць хто.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *