Дзмітрый, ты герой! Нашага часу
Дзмітрый, ты герой! Нашага часу
У нядзелю адгучалі апошнія акорды ўрачыстага закрыцця Х Паралімпійскіх гульняў у Канадзе. Яны сталі для зборнай Беларусі такі-мі ж паспяховымі, як і Турынскія старты, – заваявана 9 медалёў (2 залатыя і 7 бронзавых). Па колькасці залатых медалёў Гульні ў Ванкуверы сталі рэкорднымі. Абодва “золата” на рахунку капітана беларускай дружыны лыжніцы Людмілы Волчак (у актыве спартсменкі яшчэ і дзве бронзы).
Асаблівая гэта алімпіяда і для Ляхавіччыны. Наш зямляк, 28-гадовы Дзмітрый Лобан, які нарадзіўся, вырас і жыве ў вёсцы Ганчары, 18 сакавіка ў лыжнай гонцы на 10 кіламетраў сярод сядзячых спартсменаў з парушэннямі апорна-рухальнага апарата фі-нішаваў трэцім! Бронзавы медаль – першая алімпійская ўзнагарода мужнага юнака Дзмітрыя Лобана – дарагога варты.
Да гэтага былі вікторыі на этапах Кубка свету і мінулагоднім чэмпіянаце свету. Перад ад’ездам на перадалімпійскія зборы Дзмітрый Лобан падзяліўся з “ЛВ” планамі: “Для мяне са-праўднае шчасце і ўдача трапіць на Алімпіяду ў якасці ўдзельніка. Я ішоў разам з трэнерам Юрыем Буранавым да галоўных стартаў тры гады. Для мяне вялікім поспехам будзе 4-е ці 5-е месца ў лыжных гонках на любой дыстанцыі”.
За лыжніка з Ганчароў хварэлі і спадзяваліся на яго перамогу землякі. Але асабліва – самыя родныя і блізкія людзі – мама і тата. Валянцін Васільевіч і Галіна Казіміраўна Лобаны лыжныя гонкі на 10-кіламетровай дыстанцыі, у якіх стартаваў іх сын Дзмітрый, глядзелі ў прамой трансляцыі па спадарожнікавым тэлебачанні.
“Перажывалі – не тое слова, вельмі хваляваліся. Здавалася, каб маглі, самі былі б побач з ім на трасе… Спачатку Дзіма быў сёмым, потым развіў большую скорасць. І вось ён ужо шосты, пяты. Эмоцыям і перажыванням у такія моманты няма межаў: і кулакі сціскалі, і падбадзёрвалі, як маглі. Нарэшце – фініш. Наш Дзімка – бронзавы прызёр паралімпіяды! Якая гэта радасць і гонар для нас, бацькоў, – узрушана расказвае Валянцін Васільевіч па тэлефоне (сам ён у гэты час у Мінску, рыхтуецца да сустрэчы з сынам, які вось-вось прыляціць з Ванкувера) і дадае: — Адразу ад-правілі сыну эсэмэску. А потым і сам Дзімка патэлефанаваў з Ванкувера: ”Мама, тата, у мяне бронза”! Радаваліся за Дзмітрыя Лобана і землякі, тэлефанавалі бацькам, віншавалі з перамогай і ганарыліся, што на паралімпіядзе ў далёкай Канадзе ёсць аўтограф з Ляхавіччыны, пастаўлены лыжнікам Дзмітрыем Лобанам.
Дзмітрый! Віншуем! Ганарымся! Верым, што твае галоўныя вікторыі наперадзе!
Галіна КАНЬКО.