Дым каромыслам

Летась давялося прысутнічаць пры абследавалі стану пячнога ацяплення ў домаўладаннях жыхароў вёскі Тальмінавічы. Для супрацоўнікаў РАНС гэта звычайная справа. Калі падыходзілі да чарговага дома па вуліцы Лясной, убачылі пажылога мужчыну, які стаяў, абапершыся на кій, і глядзеў на комін сваёй хаты: дым ішоў каромыслам, а стары не зводзіў з яго вачэй. Аказваецца, дом, у якім ён зараз пражывае, не яго — суседскі. Яго згарэў. Быў разбураны комін, і ніяк рукі не даходзілі адрамантаваць, за што нават штрафавалі гаспадара. Аднойчы загарэўся дах, але падаспеў дзяжурны каравул пажарнага паста. Патушылі. А другое ўзгаранне пакінула ад дома адно папялішча, ледзь самі ўратаваліся. І цяпер, калі бабуля паліць печ ці грубку, дзед выходзіць на вуліцу і пільнуе: каб хоць ізноў бяды не здарылася…
Летась з-за няспраўнага пячнога ацяплення ў раёне адбылося 15 пажараў, сёлета за 2 месяцы – 4 (з 14 пажараў), якія забралі 3 чалавечыя жыцці.
Першая прычына гэтых бед – абыякавасць людзей, якіх асабліва не хвалююць іх бытавыя ўмовы. Жывуць па прынцыпу: як ёсць, так і добра. А калі яшчэ ў “сябруках” спіртное, то і, наогул, праблемы адсутнічаюць. Аднак, іншы раз здараецца бяда і ў дбайных гаспадароў: не дагледзелі. Многіх, дарэчы, выратавалі пажарныя апавяшчальнікі, устаноўку якіх настойліва прапагандуюць работнікі РАНС і маюць на гэта падставы. Асабліва для адзінокіх і адзінока пражываючых людзей маленькая скрыначка, якая прымацоўваецца да столі і адчувальна рэагуе на павелічэнне канцэнтрацыі ў паветры чаднага газу, дыму і пры гэтым выдае гучныя сігналы трывогі, у крытычны момант можа быць адзіным “саюзнікам” у выратаванні.
Як расказаў інспектар РАНС Сяргей Дыдышка, летась АПА былі ўстаноўлены ў 1019 кватэрах і індывідуальных дамах, сёлета запланавана забяспечыць імі больш як 2140 жылых памяшканняў. Праўда, работнікі РАНС могуць толькі выканаць заяўку на ўстаноўку, а набываць прыстасаванні давядзецца самастойна, і гэта не з’яўляецца праблемай — толькі было б пачуццё адказнасці за сябе, сваіх родных і блізкіх людзей.
На першы погляд не ўяўляе асаблівых цяжкасцяў адрамантаваць печы, грубкі і коміны. Калі не самастойна, то можна зрабіць заяўку ў КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ”, дзе ў штаце ёсць кваліфікаваны пячнік. Аднак, як патлумачыў дырэктар камунальнай гаспадаркі Аляксандр Мядзвецкі, за апошнія гады …не паступіла ні адной такой заяўкі з раёна. Іншая справа горад: яшчэ і нядаўна аднаўлялі комін у адным з прыватных дамоў па вуліцы Камсамольскай, выконвалі заяўкі па рамонце грубак і печаў. Вяскоўцы, як правіла, імкнуцца абысціся сваімі сіламі, часта спадзеючыся на традыцыйнае “авось пранясе”, якое, на жаль, не заўсёды спрацоўвае.
Справа не толькі ў грошах, якія пажылыя людзі стараюцца зэканоміць. Бывае, што і грошы ёсць, а вось майстра не знайсці. Як растлумачыў Аляксандр Мядзвецкі: жылкамунгас гатовы аказаць платную паслугу ў любой кропцы раёна.
На справе трэба ўлічваць, у якую капейку абыдзецца чалавеку такі рамонт: толькі транспартныя расходы складуць значную суму, дадаць кошт паслугі. Ды і аднаму спецыя-лісту з усім раёнам не справіцца. Добра, калі ў вёсцы ёсць чалавек, які разбіраецца ў гэтай мудрагелістай справе – рамонце печаў. Не ўсім вяскоўцам так шанцуе, як, напрыклад, жыхарам Стральцоў, дзе жыве выдатны майстар Віталій Зубік. Калі што, усе бягуць да яго. Падладзіць, падрамантаваць – калі ласка. Майстар будуе печы, грубкі, каміны прафесійна, аздабляе іх упрыгожаннямі. Што ні работа – твор мастацтва на выгляд, а ў карыстанні — вельмі зручна, з вялікай цеплавой аддачай. Майстар дапамагае многім людзям, але ж на ўсіх яго не хопіць.
Дарэчы, чаму б не задумацца над гэтай праблемай раённаму камбінату бытавога абслугоўвання і не прапанаваць вяскоўцам такую рэальную і вельмі запатрабаваную паслугу замест некаторых незапатрабаваных “бутафорскіх”? Няхай сабе не на ўсіх КПП будзе значыцца такая паслуга, а хоць бы па месцы жыхарства печнікоў. Тым больш, што іх можна падрыхтаваць (па жаданні) з ліку беспрацоўных, за дзяржаўны кошт. Існуюць і адпаведныя навучальныя ўстановы: індустрыяльна-педагагічны каледж рэспубліканскага інстытута праф-адукацыі (па спецыяльнасці “пяч-нік” навучаюцца 2 месяцы), Мінскі вучэбны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, дзе за 4 месяцы можна набыць прафесію муляра-печніка, ёсць навучальная ўстанова ў Бярозе, курсы ў Баранавічах. Несумненна, што спецыялісты, якія могуць аказаць паслугу печніка, без работы б не засталіся.
Хутка ацяпляльны сезон закончыцца. Але гэта не значыць, што знікне праблема: многім неабходна, у рэшце рэшт, адрамантаваць, пачысціць комін, падладзіць грубку, печ, каб можна было пры патрэбе ацяпліць хату і не баяцца, што няпрошана прыляціць “чырвоны певень”.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *