Факт- экспрэс-навіны Ляхавіччыны
АДЗІНЫ ДЗЕНЬ ПРАФІЛАКТЫКІ. Для супрацоўнікаў РАНС кожная серада тыдня з’яўляецца яшчэ і адзіным днём прафілактыкі парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі. Традыцыйнымі ў такі дзень сталі і сумесныя з іншымі зацікаўленымі службамі рэйдавыя выезды пажарных па розных адрасах раёна. У апошнім рэйдзе прыняў удзел карэспандэнт «ЛВ». Пра тое, што ён убачыў, пачуў, даведаўся, — у наступным нумары «Ляхавіцкага весніка».
· КАНІКУЛЫ. З 1 лістапада ў школах Ляхавіччыны, як і ўсёй краіны, пачаліся восеньскія канікулы. Прадоўжацца яны ўсяго 7 дзён. І ўжо 8 лістапада стартуе другая чвэрць гэтага навучальнага года.
А пакуль рабяты атрымліваюць асалоду ад адпачынку. Праграма канікул даволі насычаная: конкурсы, экскурсіі, падарожжы, інтэлектуальныя марафоны, спартыўныя спаборніцтвы.
· КАНЦЭРТ. Народны клуб ветэранаў вайны і працы «Сівізна» запрашае ўсіх аматараў песні, музыкі, жартаў на святочны вечар «Сустрэча з песняй». Канцэртная праграма адбудзецца 7 лістапада і пачнецца ў 15 гадзін у гарадскім Доме культуры.