Любіць!
Прадчуванне сакавіцкага цуда… Кожны раз, як у першы раз. Сэрца ў пяшчотнай амаль што непрытомнасці ад зачаравання, здзіўлення, захаплення: скрозь лапінкі апошняга снегу прараслі і распусціліся першацветы, неверагодна прыгожыя ў сваёй бела-мармуровай вытанчанасці. Ні холад прамёрзлай зямлі, ні стынь паслязім’я ў паветры не ў стане нешта ў адвечным сюжэце змяніць ці адмяніць. Ім застаецца проста змірыцца, саступіць. Першацветамі на кароткіх сцяблінках, гэтымі стойкімі алавянымі салдацікамі сакавіка, распачынаецца вясновая казка, у якой на красавіцкіх старонках будуць пунцовыя кветачкі – ну, канечне ж, цюльпаны, і чароўны дыван з травы-муравы, і, безумоўна, фантастычны баль шыкоўных яблынь у бела-ружовым убранні ад куцюр’е мая…
Такі вось фон для нашых пачуццяў. Чалавек заўсёды ў чаканні цуда, а вясна гэтыя чаканні ўзводзіць у абсалют. Таму што сонейка грэе, таму што ажывае прырода, таму што пупышкі на дрэвах, бы верабейчыкі, нахохленыя і пяшчотныя, спяшаюцца дагнаць пушыстыя шарыкі вярбы, якія ўжо ўспыхнулі сваёй нягучнай прыгажосцю. І нашэсце маладых мам з каляскамі на вуліцах, і ружовым мялком намаляваныя класікі на асфальце, і першы матылёк у трэніровачным палёце – вясна… вясна!
На нашай зямлі, у нашых сэрцах і душах, у вачах гаспадарыць яна. І, канечне, у пачуццях. Дабрыні і ўважлівасці, міласэрнасці і чуласці, шчырасці і пяшчоты, кахання і любві не бывае зашмат, тым больш вясной. Калі кожны чалавек падорыць свету і чалавецтву крышачку сваёй душэўнасці, калі кожны чалавек не пашкадуе цяпла блізкім, наколькі больш утульным і гарманічным стане жыццё. Зусім проста. А мы б’ёмся над складаным, забываючы, што самы кароткі шлях паміж дзвюма кропкамі – па прамой – праз людскасць, праз нераўнадушнасць і ўспамін пра будучыню.
Якімі б прагматамі мы ні сталі, але ніхто не адмовіць: жывём не толькі матэрыяльным – сэрца саграваецца ўзвышаным. У самым зеніце думак і спраў – дзевяты дзень мая, адчуванне галоўнага, у існасці якога ўсё, што ўваходзіць у паняцце Перамога. Гэта не толькі чатыры гады вайны – гэта і 65 гадоў пасля яе, і шчасце свабоды, і натхненне любві, і магчымасць жыцця. Успомнім пра свой спрадвечны абавязак перад ветэранам. Не пашкадуем, не зэканомім цеплыні сваіх душ і рук дзеля таго, каб ён, ветэран, адчуў, што заўсёды, і ў новым тысячагоддзі таксама, яго подзвіг – абсалютнага вымярэння. Ён жа не шкадаваў сябе, не эканоміў сіл і эмоцый на доўгіх вёрстах вайны. Не абмінём жа ні позіркам, ні саўдзелам рук ніводнага абеліска, ніводнай брацкай магілы. Няхай дрэвы, якія пад акампанемент ветра спяваюць над дарагімі ўзгорачкамі спрадвечную калыханку, самымі пранікнёнымі словамі, шэптам і ўголас, раскажуць спачыўшым пра памяць і любоў да іх жывых. Няхай кожны ветэран, якіх так мала засталося, пачуе і адчуе клопат, удзячнасць, пашану.
Любіць. Зямлю, чалавека, краіну. Валошкавае раздолле і сунічную паляну, хлебнае мора і толькі што ўзараную раллю, буслянку на даху старой хаты і студню, у якой нават днём можна ўбачыць зоркі. Любіць. Бацькоў, дзяцей, сяброў і самага галоўнага ў жыцці чалавека. І памятаць: фонам гэтай любві дзевяты дзень мая. Мы ўсе залежныя ад яго, і гэта блаславенная, святая залежнасць.
Крылы чалавеку дае мара. Мне больш даспадобы гэтае слова, чым казённае “планы”. Мары планаваць немагчыма, але зрабіць іх рэальнасцю, наблізіць, спраўдзіць – што можа быць лепш, што натоліць прагу шчасця больш, чым спраўджаная мара!.. І гэта акалічнасць, і многія іншыя – таксама адтуль – з дзевятага дня мая шасцідзесяціпяцігадовай даўнасці, найвышэйшай вартасці.
Крышачку сакавіка, увесь красавік – і яе вялікасць Перамога ўспыхне салютам квітнеючых вішань і яблынь, феерверкам агнёў, загучыць маршамі і апякаючай душу хвілінай маўчання па тых, над чыім прытулкам зорачкі і крыжы… І што тут скажаш такое, што яшчэ не сказана? Можна толькі паўтарыць: любіць! Зямлю, краіну, чалавека, памяць. Усё пачынаецца з любві. Усё сілкуецца і працягваецца любоўю, а жыццё – гэта вечны працяг.
Вельми падабаюцца Вашыя маналоги!!!
Вы — сапраудны майстра пяра!
Вялики дзякуй!