Жыллёва-камунальныя клопаты і поспехі
Добра гэта ці дрэнна, але адносіны кожнага з нас да жыллёва-камунальнай гаспадаркі амаль выключна суб’ектыўныя. Цёпла зімой у кватэры, гарачая вада круглы год, чыста ў пад’ездзе, новыя лаўкі і пясочніцы перад ім – і мы нават не задумваемся, адкуль усё гэта бярэцца, і каму за гэта дзякаваць. Пра камунальнікаў мы прыгадваем хутчэй у іншых выпадках: калі ў кватэры пачало капаць з крана ці з даху, сярод вуліцы стаіць лужа, у пад’ездзе ўжо ты-дзень не гарыць святло, а ў рахунку за камунальныя паслугі сума значна перавышае тую, якую хацелася б бачыць.
Як бы там ні было, безумоўна, без камунальнікаў, якія, дарэчы, заўтра адзначаць сваё прафесійнае свята, не абысціся. Яны не проста ствараюць і падтрымліваюць бытавы камфорт, да якога мы, трэба прызнаць, вельмі хутка прывыкаем. Ад іх у многім залежыць, як будзе выглядаць горад у вачах тутэйшых жыхароў і гасцей, наколькі прыгожымі, зручнымі і бяспечнымі будуць нашы дамы, пад’езды, вуліцы, паркі. У сферы камунальнай адказнасці – добраўпарадкаванне і вулічнае асвятленне, рамонт жылля і яго ўтрыманне, якасць вады і арганізацыя збору смецця і яшчэ многае іншае — тое, без чаго мы ўжо не ўяўляем сваё жыццё.
Між іншым, у адрозненне ад абывацельскага меркавання, ацэнка галіновага кіраўніцтва складваецца з аб’ектыўных паказчыкаў. Па меркаванні генеральнага дырэктара абласнога ўпраўлення ЖКГ Сяргея Лабанава, КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” з вынікамі сваёй дзейнасці сёння ўваходзіць у лік найбольш паспяховых камунальных прадпрыемстваў Брэстчыны.
Дарэчы, датычыць гэта не толькі вы-творчых паказчыкаў. Падчас чарговай галіновай калегіі ляхавіцкіх камунальнікаў прыводзілі ў прыклад іншым па арганізацыі аховы працы.
У рэшце рэшт, літаральна на працягу некалькіх тыдняў ім давядзецца вытрымаць штогадовы вясновы экзамен на добраўпарадкаванне і азеляненне райцэнтра. Майскія святы, як звычайна, Ляхавічы сустрэнуць чысцінёй, утульнасцю і кветкамі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.