В Ляховичах люди с ограниченными возможностями находят в себе силы жить и радоваться жизни, творить, любить, надеяться и верить /фото/

Дзмітрый Бурдук пазнаёміўся з умовамі работы ў працоўнай майстэрні.

Якое гэта шчасце — адчуваць сябе запатрабаваным, камусьці карысным і неабходным. Гэта не менш важна і значна, чым ведаць і разумець, што цябе любяць і паважаюць. Па даных ЮНЕСКА, каля 10 працэнтаў насельніцтва зямнога шара — інваліды — людзі з абмежаванымі фізічнымі і псіхічнымі магчымасцямі. Яны такія, як і астатнія 90 працэнтаў, толькі крыху іншыя, больш спагадлівыя, ранімыя, адчувальныя і ўражлівыя. Тым больш яны не павінны згубіцца ў гэтым імклівым, а, здараецца, і жорсткім свеце. Часта боль, выкліканы адчужэннем у вучобе, рабоце, зносінах значна мацнейшы, чым боль, прычына якога — хвароба і яе наступствы. Нягледзячы ні на што, людзі з абмежаванымі магчымасцямі знаходзяць у сабе сілы жыць і радавацца жыццю, ствараць, любіць, спадзявацца і верыць.
На Ляхавіччыне жыве 1732 інваліды, 73 з іх ва ўзросце да 18 гадоў.
Спецыялісты Ляхавіцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва штогод праводзяць абследаванне матэрыяльна-бытавых умоў інвалідаў, каб своечасова і кваліфікавана аказаць ім неабходную медыцынскую, матэрыяльную, гаспадарчую і маральную дапамогу. Сёлета абследаваны ўмовы пражывання 311 сем’яў.
На надомным абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі знаходзіцца 138 інвалідаў па агульным захворванні.

У трэнажорнай зале заняткі праходзяць пад наглядам Людмілы Жук.

З пачатку года праз пункт пракату тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, што функцыянуе ў ТЦСАН, неабходныя для перамяшчэння прыстасаванні атрымалі 13 чалавек, праз салон «Міласэрнасць» гуманітарная дапамога аказана 13 інвалідам, 5 сем’ям, у якіх жыве інвалід. У дамах 4 інвалідаў адрамантавана пячное ацяпленне і ў столькіх жа заменена электраправодка.
Але людзям з абмежаванымі магчымасцямі, акрамя матэрыяльнай дапамогі, вельмі патрэбны штодзённая падтрымка, клопат, увага, магчымасць мець стасункі з равеснікамі. Менавіта з мэтай аб’яднаць такіх людзей, даць ім надзею і веру ў сваю запатрабаванасць было створана аддзяленне дзённага знаходжання інвалідаў. Раней яно размяшчалася на трэцім паверсе райбальніцы, а нядаўна адміністрацыя ЦРБ пайшла насустрач просьбе ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, і аддзяленню былі прапанаваны больш зручныя і камфортныя ўмовы. Прасторныя пакоі для заняткаў і адпачынку (у іх зроблены рамонт, заменена сантэхніка і інш.) знаходзяцца на першым паверсе. Аддзяленне мае спецыяльны ўваход, абсталяваны пандусамі. Сюды, дзе ўтульна, камфортна, дзе побач сябры і аднадумцы, зручна (створаны ўсе належныя ўмовы), з задавальненнем спяшаюцца інваліды, каб пад кіраўніцтвам вопытных сацыяльных работнікаў, неабыякавых і шчырых людзей цікава і карысна правесці час, знайсці прымяненне сваім талентам, набыць пэўныя ўменні і навыкі, атрымаць патрэбную інфармацыю і нават магчымасць зарабіць грошы.
Зараз у аддзяленні працуюць гурткі і клубы па інтарэсах, у якіх займаюцца 22 чалавекі, з якіх 5 — на даму: «Умелыя рукі», «Дамаводства», «Сваё кола», «Камп’ютарны свет», тэатральна-мастацкая майстэрня. Раз у квартал выпускаецца свая газета «Наш свет».
Не можа не захапляць выстава работ з бісеру і паперы, карціны, пано, вышыванкі, зробленыя тутэйшымі падапечнымі.
— Работы Вольгі Таранды, Івана Рашанава, Галіны Малевіч, Святланы Сяргей, Ганны Маславай, Дзмітрыя Сталерчука, Аляксандра Кляўца, Наталлі Капанік, Аляксандра Жданко адметныя і непадобныя на іншыя. Яны выдзяляюцца яркімі фарбамі, своеасаблівым светапоглядам, адкрытасцю і шчырасцю, у іх столькі ўнутранага святла, што ўспрымаеш усё толькі ў цёплых адценнях, — расказвае загадчыца аддзялення Святлана Несцяровіч.
Тутэйшыя выхаванцы тут вучацца многім дробязям, якія з цяжкасцямі паддаваліся ім дома (напрыклад, сервіраваць стол), знаёмяцца з правіламі этыкету, нават спрабуюць сябе ў кулінарыі. Ёсць і свае самадзейныя артысты, якія з тэатральнымі пастаноўкамі з поспехам выступаюць на канцэртных праграмах, святах, конкурсах.
На базе аддзялення таксама адкрыта працоўная майстэрня, дзе людзі з абмежаванымі магчымасцямі могуць зарабляць грошы на грамадскіх работах — напрыклад, цяпер яны клеяць упаковачныя падарункавыя пакеты. І такая частковая занятасць вельмі важная — інваліды атрымліваюць магчымасць мець хоць і невялікі, але дадатак да сваёй пенсіі.
Заўсёды побач з наведвальнікамі аддзялення клапатлівыя і ўважлівыя кіраўнікі гурткоў, інструктар па працоўнай рэабілітацыі, спецыяліст па сацыяльнай рабоце, якія ва ўсім дапамагаюць, падтрымліваюць, даюць парады. Яны сталі сапраўднымі сябрамі для сваіх падапечных.
Запатрабаваная і папулярная сярод наведвальнікаў трэнажорная зала. Тут вопытны медыцынскі работнік Людміла Жук займаецца з падапечнымі па спецыяльных праграмах, і ў некаторых відавочны першыя перамогі над хваробай.
Кожны дзень у аддзяленні багаты на падзеі, цікавыя сустрэчы і новыя здабыткі. Тут заўсёды рады гасцям, дапамозе і проста ўвазе. Напрыклад, нядаўна тут пабываў старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук разам са сваім намеснікам Святланай Юрлевіч. Кіраўнік раёна пацікавіўся, чым жыве аддзяленне, якія заняткі найбольш падабаюцца наведвальнікам, пагутарыў з імі, азнаёміўся з выставай работ.
Старшыня райвыканкама не пакінуў без увагі і праблемы: патрэбны спецыяльна прыстасаваны для перавозкі інвалідаў транспарт, дадатковае памяшканне для адпачынку. І, як запэўніў галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў, ужо ў наступным годзе такі пакой абавязкова будзе, як і аддзяленне для кругласутачнага знаходжання інвалідаў і пажылых людзей.
Старшыня райвыканкама пажадаў поспехаў работнікам аддзялення дзённага знаходжання інвалідаў і яго наведвальнікам і запэўніў, што раённая ўлада і ў далейшым будзе аказваць дапамогу і трымаць на кантролі вырашэнне ўзнікаючых пытанняў.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *