Маленькі сакрэт шчасця
Сумесны праект пад такой назвай у Год кнігі праводзяць «ЛВ» і аддзел абслугоўвання цэнтральнай раённай бібліятэкі. У своеасаблівым анкетаванні на кніжную тэму можа прыняць удзел любы жадаючы. Сёння ў ролі рэспандэнта выступіў супрацоўнік раёнкі.
Ці памятаеце вы першую самастойна прачытаную кнігу ці тую, што аказала на вас у дзяцінстве найбольш яскравае ўражанне?
Наколькі пашыраецца свет дзіцяці, калі яно знаёміцца з кнігай! Шчыра жадаю ўсім, каб гэтае знаёмства адбывалася як мага раней. Я чытаю! Спачатку, як і многія пакаленні рабят да мяне і пасля, розную вершаваную і аздобленую яркімі ілюстрацыямі драбязу накшталт «Мухі-Цакатухі» і «Майдадыра» (дзякуй за дзіцячую класіку, Карней Іванавіч Чукоўскі!). Крыху часу, і ў зону інтарэсу трапляюць кнігі па дзіцячых мерках таўшчэзныя, і ад гэтага яшчэ больш хочацца хутчэй іх прачытаць: «Дзяніскіны расказы» Віктара Драгунскага і «Хто такія мы» Вісарыёна Гарбука, «Малахітавая шкатулка» Паўла Бажова і казкі народаў свету… І сёння, калі сустракаю на паліцах кніжных крамаў гэтыя выданні, радуюся за тых, чыё знаёмства з імі наперадзе. Некалі неаднойчы з задавальненнем перачытваліся апавяданні Віктара Бараздзіна з кнігі «Большая Хета сердится» і аповесць «Там, где звенит Енисей», цудоўныя аповесці Таццяны Палікарпавай, сабраныя пад назвай «Листья будущего лета». З гэтымі кнігамі нават дні на бальнічным ложку не здаваліся такімі доўгімі і сумнымі. …Акцябрацкая зорачка на школьным фартушку, я — звеннявая (калі хто не памятае, звяно складалася з 5 акцябрат), а значыць адказная за вучобу і паводзіны 4 сваіх аднакласнікаў. Разам у «прадоўжанцы» робім урокі. Уголас па чарзе чытаем кнігу — зборнік дзіцячых успамінаў пра вайну «Ніколі не забудзем». Усхліп, яшчэ адзін. Гэта нехта іншы, я проста маўчу — у горле засеў незразумелы ком… Ужо дома кніга была прачытана ад першай да апошняй старонкі. Ваенная тэма ўзрушыла і захапіла. На адным дыханні чыталіся зборнік «Рядом с отцами» — расказы пра дзяцей і падлеткаў, якія дапамагалі дарослым набліжаць перамогу ў Вялікай Айчыннай, «Аповесць пра сына» Алены Кашавой — маці лідара легендарнай камсамольскай падпольнай арганізацыі «Маладая гвардыя» Алега Кашавога. Гэтыя кнігі, упершыню прачытаныя яшчэ ў пачатковых класах, настолькі глыбока ўразілі, што і па сёння лічу іх самымі праўдзівымі кнігамі пра вайну.
Што, на вашу думку, патрэбна зрабіць, каб дзіця пасябравала з кнігай?
Дзякуй маім бацькам — на кнігі яны ніколі не шкадавалі грошай. Памятаю цэлыя стосы рознакаляровых дзіцячых кніжак і часопісаў для дашкалят, што праз пэўны час пераходзілі «ў спадчыну» малодшым стрыечным братам. Калі ў кнігах стала больш старонак і менш малюнкаў, аддаваць іх з дому стала шкада. Так расла і пашыралася дамашняя бібліятэка. У ёй былі практычна ўсе праграмныя творы і яшчэ больш тых, што ў школьную праграму не ўваходзілі, але былі з задавальненнем прачытаны. Хаця, канешне, багатая ўласная бібліятэка зусім не азначае, што дзіця стане заўзятым чытачом. Лічу, што выхаваныя ў сям’і адносіны да кнігі як да каштоўнага скарбу — на ўсё жыццё. Калі тата і мама сярод паўсядзённых клопатаў знаходзяць час пачытаць малым казку ці развучыць вершы для агульнага развіцця, а не для навагодняга ранішніка — гэта і ёсць трывалы падмурак дзіцячай любові да чытання. А калі бацькі з захапленнем чытаюць самі, шанцы выгадаваць шчырага аматара кніг узрастаюць шматразова.
Як вы лічыце, ці змогуць інтэрнэт і электронныя кнігі канчаткова выцесніць у сучасным мультымедыйным свеце класічную папяровую кнігу?
У маім дзяцінстве словы пра тое, што кніга — лепшы падарунак, успрымаліся шчыра і як кіраўніцтва да дзеяння. Сёння маладыя (ды і многія прадстаўнікі старэйшых пакаленняў), на жаль, укладваюць у гэтую фразу хутчэй іронію. І мастацкая кніга ў папяровым варыянце можа ў лепшым выпадку стаць усяго толькі дадаткам да падарунка. Калі даводзіцца перабіраць томікі дамашняй бібліятэкі, з настальгіяй і хваляваннем перачытваю дароўныя надпісы, якія было прынята пакідаць наўскасяк на форзацы ці тытульным лісце. Гэтую кнігу мне падарылі аднакласнікі, а гэтую на мой сёмы дзень нараджэння — суседскія дзеці Таня і Слава, з якімі мы сябравалі. А гэтую — пра прыроду — хлопчык, які ў чацвёртым класе сілай адбіраў у мяне партфель, каб дапамагчы паднесці яго. А колькі яшчэ кніг нагадваюць пра самыя розныя прыемныя падзеі! Гістарычную серыю пра рускіх цароў бацькам калісьці падарылі сябры. А падарачны варыянт цудоўнага двухтомніка Лермантава з’явіўся ў нашай сямейнай бібліятэцы ў той час, калі купіць добрую кнігу можна было выключна ўзамен здадзенай макулатуры — не аднаго дзясятка кілаграмаў. Зборнік у сіняй вокладцы з залатым цісненнем бацьку на адным са святочных сходаў уручылі за выдатную службу. Успамінаю пра гэта кожны раз, калі выданне трапляе на вочы. Ці можна такія ўспаміны і гэтыя чытаныя-перачытаныя старонкі прамяняць на электронную кнігу, хай сабе мабільную і зручную? Сёння камп’ютар і інтэрнэт настолькі ўвайшлі ў наш быт, што мы не ўяўляем без іх жыццё, звяртаемся да сусветнай павуціны з любой нагоды, у тым ліку з жаданнем, не выходзячы з дому, знайсці кніжныя навінкі або старыя добрыя, але падзабытыя творы. І ўсё ж узяць у рукі любімую кнігу з загорнутымі куточкамі старонак, даўно да дробязяў разгледжанымі малюнкамі ці фотаздымкамі, уладкавацца пазручней і чытаць — здорава. Ды і водар свежааддрукаванай кнігі — рэч надзвычай прыцягальная. Канчаткова прамяняць яе на мігценне манітора — асабіста для мяне — страціць штосьці звыклае і надзвычай дарагое.
Ці могуць у рашэнні праблемы «нечытання» дапамагчы экранізацыя літаратурных твораў, тэатральныя пастаноўкі па іх?
Не сумняваюся, што аргументаваныя адказы на гэтае пытанне могуць быць прама супрацьлеглымі. Прычым, у залежнасці ад канкрэтнай сітуацыі, нават у аднаго чалавека. Так здарылася, што фільм таленавітага рэжысёра Валерыя Рубінчыка «Дзікае паляванне караля Стаха» па Караткевічу давялося ўбачыць раней, чым прачытаць твор. Шмат чым узнагароджаная і адзначаная стужка, мяне, у той час яшчэ падлетка, што называецца, не зачапіла (у адрозненне, напрыклад, ад «Вянка санетаў», знятага Рубінчыкам прыкладна ў той жа час). Доўга не магла рашыцца адкрыць кнігу. У рэшце рэшт, прымусіла зрабіць гэта непазбежная блізкасць экзамену па беларускай літаратуры. Аповесць, што адкладвалася да апошняга моманту, была прачытана літаральна за ноч. Не з-за перадэкзаменацыйнага цэйтноту — проста, пачаўшы чытаць, не змагла адарвацца… А наогул, кнігі і кіно настолькі звязаныя і часцяком канчаткова пераблытаныя ў нашай свядомасці, што мы іх проста не ўспрымаем як асобныя творы: на вокладцы кнігі Барыса Васільева «А зори здесь тихие…» (нядаўняе перавыданне твораў) — баец Жэня Камялькова, у якой беспамылкова можна пазнаць актрысу Вольгу Астравумаву, якая так запомнілася па яркай ролі ў аднайменным фільме. А калі чытаеш Артура Конан Дойля, нават не паўстае пытанне, як маглі выглядаць Шэрлак Холмс і доктар Ватсан. Толькі як Васілій Ліванаў і Віталій Саломін і не інакш! Хаця экранізацый дэтэктываў пра самага вядомага сышчыка, на самай справе, мноства. Зрэшты, менавіта цікавае кіно многіх падштурхнула да паходу ў бібліятэку. І гэта цудоўна!
Якія кнігі аказалі на вас самы вялікі ўплыў у жыцці?
Ёсць кнігі, якія, аднойчы трапіўшы ў рукі, праходзяць праз сэрца і застаюцца ў ім надоўга. Да іх звяртаюцца зноў і зноў. Над імі думаюць, разважаюць. Яны здольны прымусіць перажываць, аналізаваць, рабіць высновы. Адной з такіх у маім жыцці стала «Плаха» Чынгіза Айтматава — раман пра людзей і ваўкоў, пра абсалютныя каштоўнасці і людскую бесчалавечнасць. Пра тое, якім неверагодным чынам цесна перапляліся чалавечыя лёсы і горкая гісторыя воўчай сям’і. Кніга, здольная прымусіць нават самага стойкага чытача не стрымліваць слёзы горычы і расчаравання (канешне, ні ў якім разе не майстэрствам аўтара). Вельмі падобнай па сіле ўздзеяння для мяне стала кароткая аповесць Барыса Васільева «Неопалимая купина» — ад першых радкоў да трагічнай развязкі. Камусьці можа падацца, што такія кнігі не дадаюць аптымізму. Магчыма, і так. Але яны дапамагаюць разабрацца ў сабе, расставіць жыццёвыя прыярытэты, вызначыцца, што ёсць добра, а што дрэнна, што можна дараваць, а што — ніколі і нікому. Безумоўна, гэтыя кнігі — не з тых, якія можна чытаць на бягу: у метро ці аўтобусе па дарозе з дома на работу і назад, у абе-дзенны перапынак. Яны патрабуюць іншых абставін, часу і спакою. Але прачытаць іх, як мне здаецца, трэба. Магчыма, яны застануцца і ў вашым сэрцы. ват не паўстае пытанне, як маглі выглядаць Шэрлак Холмс і доктар Ватсан. Толькі як Васілій Ліванаў і Віталій Саломін і не інакш! Хаця экранізацый дэтэктываў пра самага вядомага сышчыка, на самай справе, мноства. Зрэшты, менавіта цікавае кіно многіх падштурхнула да паходу ў бібліятэку. І гэта цудоўна!
Якім кнігам вы аддаяце перавагу цяпер?
Кнігі — як людзі: да адных з першых старонак адчуваеш цікавасць, другія захапляюць падчас глыбокага і ўдумлівага чытання. А, здараецца, да гісторыі пад вокладкай не ляжыць душа, і прачытанымі (ці наадварот — недачытанымі) так і застаюцца ўсяго некалькі старонак. Але пра апошнія згадваць не варта, прынамсі сёння. Перыядычна ў мяне прачынаецца інтарэс: а што новага напісалі Барыс Акунін, Дэн Браўн, Паула Каэльа..? Пасля іх ліха закручаных сюжэтаў (такой шчодрай фантазіі, прадукцыйнасці і паспяховасці толькі пазайздросціць!) нязменна і з задавальненнем вяртаюся да «сваіх», правераных часам і не адным прачытаннем: іранічных Ільфа і Пятрова, франтавікоў Бондарава, Васільева, Смірнова, захопленых гістарычнымі пошукамі і адкрыццямі Арлова і Дайнэкі. Перачытваю і ўсім рэкамендую.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.