Заряд хорошего настроения подарил ляховичанам Владимир Ухтинский
У мінулую пятніцу выдатны падарунак аматарам лірычнай музыкі зрабіў вядомы беларускі спявак Уладзімір Ухцінскі. Забягаючы наперад заўважу: ніхто з землякоў, якія запоўнілі ўсю залу гарадскога Дома культуры, не пашкадаваў, што купіў білеты, бо гэта было сапраўднае свята музыкі, паэзіі і добрага настрою.
З першых акордаў Уладзімір Ухцінскі літаральна захапіў гледачоў у палон сваім надзвычай запамінальным, пранікнёным голасам, энергетыкай, душэўнасцю. Кожная песня канцэртнай праграмы «Заставайся для мяне» станавілася сапраўдным міні-спектаклем, суправаджалася моцнымі і дружнымі апладысментамі. І адчувалася, што кожную сваю песню Уладзімір Ухцінскі прапускае праз сэрца. Не толькі на вачах выканаўцы былі слёзы, яны блішчалі і ў слухачоў, калі гучала песня «Мама»: «Но когда тяжело, я как Бога молю: помоги, помоги мне, любимая мама…»
І, мабыць, кожны з нас успомніў пра сваіх блізкіх сяброў, якія заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу, пачуўшы: «Мы с тобою всю жизнь вдвоём: беды, радости. Мы с тобою всю жизнь вдвоём, чтоб до старости» — з вядомай песні «Друг».
Амаль у кожнай песні з рэпертуару спевака — размова пра каханне, ім прасякнута ўся творчасць Ухцінскага. І кожная жанчына ў зале, незалежна ад таго, 25 ёй гадоў ці 60, адчувала сябе любімай, жаданай, самай-самай, калі загучалі пад незабыўную мелодыю такія патрэбныя словы: «Оставайся для меня ты неизменною: милой, нежной, дорогой, обыкновенною».
Спявак падарыў ляхавічанам і свае іншыя любімыя і папулярныя песні: «Ты душу мне не рви», «Ностальгия», «Поздняя любовь», «Водила», «Девочка в белом мерседесе», «Тебе, Наталья» і, канешне, знакамітую «Тройку». Сюрпрызам для гледачоў стала выступленне на канцэрце і яшчэ аднаго мінскага артыста Васілія Асіповіча. Ён настолькі пранікнёна выконваў і свае, і знаёмыя з рэпертуараў іншых артыстаў песні, што падпявала ўся зала — хіба гэта не пацвярджэнне ўдалага выступлення?
А 52-гадовы Уладзімір Ухцінскі шмат жартаваў, танцаваў, шчыра размаўляў з гледачамі, якія сталі паўнапраўнымі ўдзельнікамі яго канцэрта: суперажывалі, радаваліся разам з артыстам. І гром авацый пасля заключнай песні — удзячнасць за выдатны канцэрт, кожны нумар якога артыст выконваў «ужывую» — без фанаграмы.
Але і пасля канцэрта гледачы не спяшаліся разыходзіцца, яны набывалі дыскі артыста і яго фотаздымкі, а потым выстраілася цэлая чарга з прыхільнікаў яго таленту для атрымання аўтографа. Людзі дзякавалі спеваку, а ён знаходзіў цёплае слова для кожнага, сфатаграфаваўся з усімі жадаючымі. З задавальненнем, без усялякай «зорнасці» ён адказаў і на пытанні карэспандэнта «ЛВ»:
— Уладзімір, скажыце, што можна лічыць пачаткам вашага творчага шляху?
— Як гэта ні дзіўна, мая спявацка-музычная кар’ера пачалася ў арміі, куды я быў прызваны на тэрміновую службу, з песні «У беды глаза зелёные». А непасрэдна на эстрадзе з 1981 года. Тры гады працаваў у Маскве бас-гітарыстам у групе Ігара Талькова. Сапраўдную школу творчасці прайшоў у ансамблі «Сябры», дзе працаваў з 1986 па 1991 гады. А з 1993 адправіўся ў самастойнае плаванне як выканаўца лірычнага шансону, супрацоўнічаю з многімі аўтарамі і музыкантамі.
— І ёсць усе падставы такое плаванне лічыць паспяховым. За гэты час выпушчана 6 альбомаў, песні неаднойчы станавіліся пераможцамі разнастайных хіт-парадаў. Вы — уладальнік медаля Маршала Савецкага Саюза Жукава за актыўную канцэртную дзейнасць у воінскіх часцях, медаля за актыўную творчую работу па патрыятычным выхаванні моладзі, узнагарод шматлікіх фестываляў…
— Сапраўды, усё гэта ёсць. Але галоўнае тое, што я з задавальненнем выконваю свае песні — гэта мая работа, якой я аддаю свае душу і сэрца. Галоўная адзнака творчасці любога артыста, у якім бы жанры ён ні пра- цаваў — удзячнасць людзей, запоўненыя залы на кан- цэртах, папулярнасць песень, дыскаў і альбомаў.
— З канцэртамі (многія з якіх, дарэчы, дабрачынныя) вы аб’ездзілі не толькі ўсе гарады Беларусі, але і пабывалі ў краінах СНД, далёкага замежжа, нядаўна вярнуліся з турнэ па ЗША, спявалі ў Парыжы. І, успамінаючы колішні анонс вашага турнэ, што канцэрт адбудзецца пры любым надвор’і, хочацца спытаць: для вас існуе розніца перад якой глядацкай аўдыторыяй выступаць і пры якіх умовах?
— Ведаеце, не бачу ніякай розніцы: выступаць у вялікай зале ці на маленькіх сцэнічных пляцоўках, на параходах альбо ў рэстаранах. Здаралася, што мікрафоны залівала дажджом, але я ўсё роўна спяваў. Як можна падвесці свайго слухача? Людзі прыйшлі паслухаць песні, адпачыць, і ні ў якім разе нельга псаваць ім гэта свята. Я толькі за жывы голас, інакш не магу спяваць і не лічу патрэбным. Я люблю свайго слухача і бязмежна ўдзячны за тое, што яму падабаецца мая творчасць, што мяне падтрымліваюць, і людзі прыходзяць на канцэрты зноў і зноў. Дарэчы, у Ляхавіцкім ГДК мне спадабалася, тут добрая апаратура і выдатная арганізацыя. Ды і атмасфера на канцэрце шчырая і цёплая. Чытачам «ЛВ» і ўсім ляхавічанам зычу толькі шчасця, удачы, кахання і няхай збываецца ўсё тое, пра што марыце.
…Адзінае непрыемнае, што крыху сапсавала ўражанне ад канцэрта — артысту не падарылі ніводнай кветкі. А гэта ўпушчэнне не толькі нас, гледачоў, але і арганізатараў. Урок на будучае для ўсіх.
Галіна КАНЬКО.