У дыялогу нараджаецца ісціна

На працягу дзвюх гадзін у мінулую пятніцу на прамой тэлефоннай сувязі з жыхарамі Ляхавіччыны знаходзіўся начальнік галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Васілій Герасімаў.
З набалелымі праблемамі да Васілія Мікалаевіча звярнуліся 4 нашыя землякі.
Ляхавічанка Валянціна Каляда тэлефанавала, па словах, не па асабістым, а дзяржаўным пытанні, якое тычыцца часткова пустуючых будынкаў былых інтэрнатаў дзяржаўнага аграрнага каледжа, што па вуліцы Леніна ў Ляхавічах.
“Тэлефанаванне вельмі пра-вільнае, своечасовае…” – адзначыў Васілій Герасімаў. Дарэчы, раённая ўлада яго ведае і бачыць. Ужо распрацаваны праект, і ў наступным годзе гэтыя памяшканні будуць рэканструяваны пад інтэрнаты сямейнага тыпу. У тым ліку адно з іх прызначаецца для пражывання медыкаў.
Сярод прапаноў, выказванняў і пытанняў ветэрана працы жыхара Ліпска Івана Дыдышкі гучала незадаволенасць якасцю вады ў калодзежы. Пытанне ўздымаецца не ўпершыню, трымаецца на кантролі адпаведных райслужб. А параўнальна нядаўна да Івана Пятровіча ў Ліпск наведваўся старшыня райвыканкама Дзмітрый Бурдук, які таксама прымаў удзел у “прамой лініі”. Пытанне з кантролю не здымаецца і застанецца пад самай пільнай увагай да вырашэння.
Жыхарку вёскі Кавалі Алену Каранюк хвалюе лёс неперспектыўных вёсак. “Кавалі – такая добрая вёска. Землі, блізка чыгунка і аўтадарога… Некалі на падворках вяскоўцаў стаяла 50-60 кароў, зараз – 4”. Працуе магазін, выканана падсыпка ўчастка дарогі – гэта ёсць, пагаджаецца жанчына, але недастаткова. Можна, лічыць яна, і цэнтралізаванае водазабеспячэнне вяскоўцам арганізаваць, і на дарогі звярнуць больш пільную ўвагу, і іншае.
Складана, адзначыў Васілій Герасімаў, адказаць на пытанні адразу. Але ж нельга не заўважаць, што і робіцца шмат чаго. Тыя ж аграгарадкі. Але – не адразу, не за адзін год. Натуральна, што і пра Кавалі ніхто не збіраецца забывацца.
Суразмоўцы пагадзіліся, што глабальных праблем няма, аднак, хацелася б больш хуткай і яўнай перспектывы. “Усё, што вы сказалі – будзе ўлічана”,– завяршыў прадстаўнік КДК.
Алена Бубен з вёскі Літва тэлефанавала ад імя парафіян Дараўскага касцёла. Праз дарогу, насупраць культавай установы, знаходзяцца старыя могілкі, на тэрыторыі якіх на ўскрайку ўздоўж шашы растуць старыя дрэвы. За садзеяннем у спілаванні мясцовыя жыхары звярталіся да раённых уладаў у канцы мінулага года. Па словах Алены Станіславаўны, ёсць пісьмовы адказ за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Гурскага, што работы будуць выкананы да 15 снежня. Пэўным чынам гэта зроблена, прызнае Алена Станіславаўна, праведзена, але не да канца.
Уладзімір Гурскі, які прысутнічаў падчас “прамой лініі”, лічыць: усё, што магчыма зрабіць у даным выпадку з дапамогай тэхнікі, якая маецца на ўзбраенні жылкамунгаса, выканана. Каб зрэзаць высокае старое дрэва, напрыклад, пасярэдзіне могілак, патрэбны іншыя тэхнічныя прыстасаванні. Работа ювелірная сама па сабе, да таго ж прадугле- джвае тэхаснастку, якой у раёне няма.
Васілій Герасімаў запатрабаваў, каб адказныя работнікі райвыканкама, спецыялісты яшчэ раз наведаліся ў Дарава. Пагутарылі з жыхарамі, патлумачылі, што магчыма зрабіць, а дзе неабходна пачакаць, на што спа-дзявацца. “Знайсці паразуменне, каб людзі ведалі – пытанне на безумоўным кантролі”, – быў лаканічна строгі прадстаўнік галоўнага кантралюючага органа краіны.
У той жа дзень Васілій Герасімаў правёў прыём грамадзян па асабістых пытаннях, на які звярнуліся 2 нашыя землякі.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *