Ніякай магіі: жыццё…12-ты месяц, 2012 год, 12-тысячны нумар «ЛВ».
Нічога магічнага, тым не менш: 12-ты месяц, 2012 год, 12-тысячны нумар «ЛВ». Такім вось лічбавым супадзеннем «пад ёлачку» завяршаюцца сёлетнія нашы стасункі, дарагі чытач. Наступны нумар раёнкі будзе датаваны 2013-м, і мы зноў сустрэнемся ў фармаце ўзаемнага інтарэсу, працягнем наша — раённай газеты і яе прыхільнікаў — сумеснае падарожжа па жыцці. Яшчэ адна выразная адметнасць — гэтаму двуадзінству ідзе 70-ты год: сам юбілей — у наступным кастрычніку.
А пакуль… пакуль пераднавагодняя мітусня. На вялікіх і маленькіх ёлках запальваюцца доўгачаканыя агеньчыкі. Галоўная раённая — на цэнтральнай плошчы нашага горада — сёлета непераўзыдзеная прыгажуня, якую ў падарунак землякам паднеслі і прыбралі шчодрыя на дабрыню сэрцы. Гарыць яна рознакаляровым цудам на радасць дзеткам і дарослым. Загадвай жаданні, думай пра самую запаветную мару — здаецца, нічога немагчымага няма. А давайце віртуальна ўбяром нашу прыгажуню не ліхтарыкамі-шарамі-гірляндамі, а адметнымі стваральнымі падзеямі і здабыткамі амаль што прайшоўшага ўжо года. Побач з перамогай на рэспубліканскіх дажынках СВК «Ляхавіцкі» і вадзіцеля райаграсэрвісу Юрыя Сяргея — абсалютнае лідарства на абласных дажынках СВК «Шлях новы». Іх дапаўняюць шматлікія іншыя дасягненні абласнога і раённага маштабу з ляхавіцкім адрасам. Яркі і запамінальны сюжэт — падрыхтоўка і святкаванне 520-годдзя нашага горада, у якім мінулае пераплялося з сучаснасцю, у якім ляхавіцкі строй радуе душу і вочы сонечнымі колерамі дабра і прыгажосці…
А напярэдадні гэтага слаўнага юбілею наш райцэнтр далучыў да сябе вызначэнне «машынабудаўнічы»: аўтамабіль «МАЗ» з шыльдай «Зроблена ў аўтацэнтры «Вікторыя» сабраны рукамі адмысловых майстроў на выдатным прадпрыемстве, якім кіруе лепшы на Брэстчыне прадпрымальнік — наш зямляк Віктар Шчука. Як жа пасуюць нашым Ляхавічам такія знакавыя падзеі, як аптымістычна гучаць яны ў транскрыпцыі жыцця і будучыні! Гэта і пра жаданае наваселле, якое стала сапраўдным святам — ад яго чакання да бясконцасці: Свята-Троіцкая царква пабудавана ў Малым Падлессі з дапамогай вельмі нераўнадушных людзей — праз дзесяцігоддзі адноўлена яна на месцы, дзе калісьці быў праваслаўны храм.
А колькі яшчэ радасных наваселляў было ў гэтым годзе: шматпавярховыя ЖБК у мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай, адрамантаваныя і рэканструяваныя Русінавіцкі фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Тухавіцкая ўрачэбная амбулаторыя, Востраўскі цэнтр культуры і вольнага часу… Рамантуюцца і добраўпарадкуюцца вуліцы, дваровыя тэрыторыі, асобныя мікрараёны. Галоўныя вытворчыя аб’екты, здадзеныя напрыканцы года, — рэканструяваныя малочнатаварныя фермы.
Нашы дарагія землякі ўслаўляюць сваю маленькую радзіму цудоўнымі справамі. У вялікай міжнароднай энцыклапедыі «Лепшыя людзі. Расія, Казахстан, Украіна, Беларусь» ёсць старонкі, прысвечаныя знакамітаму старшыні СВК «Ляхавіцкі» Аляксандру Вітко, дырэктару СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаславу Жукоўскаму… На адкрытым першынстве Еўропы па самба 11-класніца СШ № 1 вучаніца трэнера Віктара Богуша Кацярына Рабцэвіч перамагла ў сваёй вагавай катэгорыі. Педагог з Крывошына Галіна Зыранава стала лаўрэатам рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года». Фрагменты вялікага сюжэта, іх можна пералічваць бясконца. І працяг будзе: у наступным годзе. У раскладзе 2013-га — нараджэнні, вяселлі, наваселлі, сустрэчы, расстанні… — жыццё.
Ужо сёння раёнка пачынае падрыхтоўку да сваёй круглай даты. Не, не пра нейкія пышныя ўрачыстасці ідзе гаворка, а пра тое, каб азірнуцца на самы пачатак — кастрычнік 1943-га, каб асэнсаваць існасць шчырага слова, друкаванага радка ў вайне і міры, каб успомніць тых, хто да штыка прыраўняў пяро, а пазней, пасля вызвалення, прыраўняў яго да кельні — і будаваў, да рыдлёўкі — і ўскопваў поле, да руля палутаркі — і адвозіў патрэбныя грузы да месца дастаўкі… І радкі з песні пра «трое суток шагать, трое суток не спать ради нескольких строчек в газете», па сутнасці, не былі прыгожым вобразам, а адпавядалі спецыфіцы творчай работы. Таму што пешшу ці на папутцы, таму што ў самыя аддаленыя куточкі раёна (а ён быў па тэрыторыі большым, частка пазней адышла пад Ганцавіцкі) дабіраліся журналісты, каб убачыць на свае вочы, каб расказаць пра ўбачанае чытачам, каб быць пачутымі. Гэта і ёсць той бясконцы рэпартаж, які пачаў некалі ў машукоўскім лесе партызанскі «Совецкі патрыёт», які працягваў «Будаўнік камунізму» і які сёння — слова і справа веснікаўцаў. Дарагі чытач, мы заўсёды былі і застаёмся разам. Ты той, для каго выпускаецца раёнка, і ты той, хто з’яўляецца героем яе публікацый. Калектыў рэдакцыі вельмі стараецца не расчараваць цябе, і галоўная ўзнагарода, на якую мы спадзяёмся і якую дагэтуль нязменна атрымліваем, — твае любоў, увага і інтарэс, наш галоўны крытык і добразычлівец, рэцэнзент і аналітык, падказчык і дарадчык.
А яшчэ «Ляхавіцкі веснік» сёлета стаў пераможцам VIII Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Літара». Гэту ўзнагароду мы прысвяцілі сваім чытачам.
…У Новага года шмат прыкмет. Успыхнулі ёлкі і шматразова іх бляск паўтараецца ў вачах тых, хто верыць у калядны цуд. Зноў у снегу пах мандарынаў і хвоі. Зноў бойка ідзе гандаль ёлачнымі цацкамі і ўсім, што вось-вось стане навагоднім падарункам. Зноў загадваем жаданні, загадваем на шчасце, на тое, каб спраўдзіліся мары, загадваем на жыццё.
…Сённяшні нумар «ЛВ» — 12000-ы. Не па календары майя — па нашым, рэдакцыйным. Столькі незабыўных падзей, спраўджаных надзей, сустрэч умясцілася ў гэтых тысячах — яны ніколі не адпраўляюцца ў архіў, а застаюцца ў сэрцы. Столькі планаў і мараў, столькі спраў, якія чакаюць. Так многа хочацца сказаць, так многа хочацца паспець… Да сустрэчы ў новым годзе, самы лепшы ў свеце чытач!
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.