Каб жыць у згодзе з прыродай
Абласны семінар “Сучасная экалагічная адукацыя і выхаванне ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах: задачы, праблемы, шляхі вырашэння” адбыўся на базе ЛДАКа. Тэма семінара зацікавіла шматлікіх прадстаўнікоў навучальных устаноў Брэстчыны, таму ў ім пажадалі ўдзельнічаць метадысты і выкладчыкі ССНУ розных профіляў, якія рыхтуюць спецыялістаў для амаль усіх галін народнай гаспадаркі.
Асабліва актуальным становіцца фарміраванне экалагічнай культуры будучых спецыялістаў сельскай гаспадаркі, вытворчая дзейнасць якіх прама звязана з выкарыстаннем прыродных рэсурсаў – зямельных, водных, раслінных. Як адзначыў у сваім дакладзе выкладчык агранамічных дысцыплін агракаледжа Іван Біза, часцей за ўсё гэта робіцца ў працэсе выкладання самых розных прадметаў, бо, па сутнасці, усе яны, прама ці ўскосна, звязаны з праблемамі экалогіі. Педагогі каледжа абавязкова акцэнтуюць увагу на экалагічных пытаннях. Напрыклад, на занятках разглядаюцца праблемы аховы паветра, ідзе размова як засцерагчы прыродныя воды ад забруджванняў, прапрацоўваюцца пытанні работы сучасных жывёлагадоўчых комплексаў, захавання экалагічных патрабаванняў пры перапрацоўцы прадукцыі. Элементы экалагічных ведаў прысутнічаюць і ў выкладанні агульнаадукацыйных прадметаў. Прычым, вывучэнне курса “Ахова навакольнага асяроддзя і энергазберажэнне”, іншых дысцыплін праводзіцца ў непасрэднай сувязі з вытворчасцю, з дэманстрацыяй практычнай значнасці набытых ведаў і ўмення. Навучэнцы наведваюць перапрацоўчыя прадпрыемствы – малочны завод, кансервавы, хлебазавод, ільнозавод, дзе знаёмяцца з працэсам выпуску прадукцыі, утылізацыяй адходаў вытворчасці. Эфектыўна выкарыстоўваюцца медыясродкі, якія стымулююць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў. Каб забяспечыць найбольш спрыяльныя ўмовы для засваення тэарэтычнага матэрыялу, навучэнцы ўключаюцца ў працоўную, прыродаахоўную, доследную, спартыўна-аздараўленчую, навукова-даследчую, турысцка-краязнаўчую дзейнасць, у прыватнасці, удзельнічаюць у пасадцы лесу ў Мыслабажскім лясніцтве, вырошчваюць лекавыя расліны ў калекцыйным гадавальніку, складаюць навукова абгрунтаваныя экалагічна-контурныя севазвароты ў вучнёўскай гаспадарцы… Толькі за апошнія 5 гадоў навучэнцы каледжа падрыхтавалі больш за 30 навукова-даследчых работ, тэматыка якіх самая разнастайная. Напрыклад, правялі аналіз вады ў калодзежах вёскі Каменка, дзе размяшчаецца вучнёўская гаспадарка. Вада аказалася непрыгоднай для ўжывання з-за высокага ўтрымання нітратаў. Вынікі былі пацверджаны райЦГіЭ і, клапоцячыся пра здароўе людзей, каледж устанавіў калонку, быў праведзены водаправод з артэзіянскай свідравіны.
Сапраўдным палігонам і доследным полем для навукова-даследчай работы з’яўляецца сад інтэнсіўнага тыпу, які некалькі гадоў назад пасадзілі навучэнцы і выкладчыкі на 8 гектарах. Экала-гічныя даследаванні праводзяцца з 32 сартамі яблынь, а мэта, якую паставілі рабяты, – высветліць, якія дрэвы найбольш устойлівыя да хвароб і шкоднікаў, даюць высокія ўраджаі з мінімальнай пестыцыднай нагрузкай на навакольнае асяроддзе.
Летась 4 навучэнцы ўдзельнічалі ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі, і іх работы ўвайшлі ў зборнік матэрыялаў.
Удзельнікі абласнога семінара з цікавасцю пазнаёміліся з практычнымі мерапрыемствамі, пабывалі на занятках навучэнцаў, а пасля падвялі вынікі работы. Як было адзначана ўдзельнікамі семінара, экалогія – вялізарная праблема сучаснасці, якая абвастрылася за апошнія дзесяцігоддзі настолькі, што сёння не засталося ні адной сферы жыцця грамадства, якой бы яна не датычыла. Вось чаму маладыя спецыялісты, якія становяцца гаспадарамі зямлі, павінны ведаць і памятаць, што ў тым ліку ад іх правільнага гаспадарання залежыць захаванне спрыяльнай экалогіі навакольнага асяроддзя.
Святлана ТАРАСЕВІЧ, намеснік дырэктара ЛДАКа.