19 студзеня супрацоўнікі РАНС г.Ляхавічы адзначаць Дзень выратавальніка

Як прафесіянала, хто добрасумленна нясе службу выратавальніка ўжо 20 гадоў, а яшчэ адказнага і ініцыятыўнага, спагадлівага і рашучага чалавека ведаюць намесніка начальніка РАНС Уладзіміра Радчанку (на здымку) не толькі калегі, але і ўсе, з кім яму даводзіцца кантактаваць.

Ёсць служба, паважлівыя адносіны да якой у людзей не змяняюцца дзесяцігоддзямі, — служба выратавання. Таму, напэўна, і адзначаюць у Беларусі яе прафесійнае свята двойчы на год — 19 студзеня (Дзень выратавальніка) і 25 ліпеня (Дзень пажарнай службы).
— Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях — шматфункцыянальная і шматбаковая служба. На яе ўскладаюцца задачы па дапамозе насельніцтву не толькі ў надзвычайных, але і бытавых сітуацыях, — раскрывае асаблівасці работы начальнік РАНС Валерый Равінскі. — Дарэчы, у 2012 годзе нашы падраздзяленні 174 разы выязджалі на пажары і ўзгаранні, удзельнічалі ў пошуку людзей летам і іх эвакуацыі са снежнага палону зімой, у снегапады задзейнічана пажарная тэхніка. Летась падчас ліквідацыі наступстваў ДТЗ супрацоўнікі аддзела выратавалі жыццё 4 чалавекам. Даводзіцца аказваць дапамогу і ў нетыповых надзвычайных сітуацыях: жанчына пайшла ў лес і правалілася ў 12-метровы калодзеж, які застаўся на месцы былога дома. Пачала зваць на дапамогу. Недалёка аказаліся грыбнікі, якія і патэлефанавалі па нумары 101. А вызваленне з разнастайных «пастак» жывёл, птушак — справа звычайная, хоць і не ўваходзіць у абавязак супрацоўнікаў РАНС, — адзначае Валерый Равінскі.
У параўнанні з 2011 годам у раёне летась зменшылася колькасць пажараў — з 46 да 40. У тым ліку, гэта і вынік актыўнай работы па прафілактыцы і папярэджанні пажараў, іншых здарэнняў. Абследаванні домаўладанняў, інфармацыйная работа з насельніцтвам, конкурсы, акцыі па супрацьпажарнай бяспецы, удзел у сельскіх сходах — выкарыстоўваецца любая магчымасць, каб данесці да свядомасці людзей азы бяспекі. Асаблівая ўвага — адзінокім, састарэлым людзям, шматдзетным і неўладкаваным сем’ям.
Па статыстыцы, часцей за ўсё прычынай пажару становіцца людская нядбайнасць, легкадумнасць і, на жаль, алкаголь. Большасць пажараў, як правіла, здараецца ў прыватным сектары і ў сельскай мясцовасці. Таму акцэнт у прафілактыцы робіцца ў гэтым напрамку.
Для павышэння ўзроўню абароны ад надзвычайных сітуацый сфарміравана дзейсная сістэма: ад апавяшчэння насельніцтва да кантролю за аварыйнымі і падлягаючымі зносу будынкамі. «ЛВ» ужо згадваў, што да навагодніх святаў РАНС атрымаў шэраг абновак. У студзені ляхавіцкім выратавальнікам паступіла другая партыя новага абсталявання для тушэння пажараў: 8 ствалоў пажарных распыляльнікаў, канструкцыя якіх дазваляе рэгуляваць падачу вады, а таксама акумулятарныя ліхтары, якія працуюць бесперапынна да 6 гадзін; для зняцця гнёздаў вос і іншых насякомых — супрацьшэршневыя касцюмы.
Але не толькі матэрыяльна-тэхнічная база мацуе аўтарытэт службы. Справу вырашаюць людзі, якія кожны дзень гатовы выехаць па першым выкліку на дапамогу.
У калектыве працуе 63 падрыхтаваных прафесіяналы, здольных вырашаць самыя складаныя задачы. У ліку лепшых Валерый Равінскі называе прозвішчы сваіх намеснікаў Сяргея Гатоўчыца і Валерыя Плюты, інспектара Андрэя Манчука, начальніка каравула Валерыя Свянтэцкага, камандзіра аддзялення Леаніда Зубіка, начальнікаў Ліпскага і Тальмінавіцкага ПАВП Генадзія Чаранкевіча і Аляксандра Аскерку, вадзіцеля Ліпскага паста Аляксандра Собаля, Тальмінавіцкага — Анатолія Клячана, вадзіцеляў ПАВЧ № 1 г. Ляхавічы Юрыя Смаршчка, Аляксандра Беляновіча, Вадзіма Царыка і ПАВП №12 — Вадзіма Трусевіча.
Было б добра, каб моладзь больш актыўна паступала ў вучэбныя ўстановы, якія рыхтуюць выратавальнікаў. ВНУ ў Мінску і Гомелі даюць прафесійную падрыхтоўку юнакам і дзяўчатам, якія хочуць заняць афіцэрскія пасады. А ў Гомельскі інжынерны ліцэй рабяты могуць паступаць пасля 6 класаў. Якраз у студзені-лютым ідзе афармленне і падрыхтоўка неабходных для паступлення дакументаў, падкрэслуў Валерый Равінскі і пажадаў усім выратавальнікам і іх сем’ям здароўя, поспехаў і «сухіх рукавоў».
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

3 thoughts on “19 студзеня супрацоўнікі РАНС г.Ляхавічы адзначаць Дзень выратавальніка

  • 18/01/2013 в 11:53
    Permalink

    Всех коллег с праздником!!!

  • 18/01/2013 в 17:21
    Permalink

    С профессиональным праздником товарищи спасатели! Пускай в будущем не будет повода — спасать! Ура! Ура! Ура!

  • 19/01/2013 в 19:31
    Permalink

    С профессиональным праздником, спасатели!!! Здоровья, везения и побольше благодарных за ваш труд людей!!!!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *